Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы бяруць удзел у Ночы храмаў у Празе


Айцец Андрэй Абламейка (зьлева) і архімандрыт Сяргей Гаек у студыі Радыё Свабода ў Празе.

Сёньня ў Празе праводзіцца так званая Noc Kostelu — Ноч храмаў. Для ўдзелу ў ёй у сталіцу Чэхіі прыехалі Апостальскі візытатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і кіраўнік грэка-каталіцкага душпастырства ў Празе протапрэзьбітэр Андрэй Абламейка.

Радыё Свабода: Сёньня ў Празе Ноч храмаў. Што гэта такое, як даўно праводзіцца гэтае мерапрыемства?

Гаек: Ноч храмаў — гэта шматгадовая практыка праскай япархіі Рымска-каталіцкай царквы. Але цяпер яна праводзіцца ў супрацоўніцтве з прадстаўнікамі іншых канфэсій. У такую ноч храмы адкрытыя для свабоднага наведваньня. У іх, паводле праграмы, адбываюцца набажэнствы, культурныя мерапрыемствы, канцэрты. Гэтая практыка налічвае ўжо шмат гадоў, у пэўны момант да яе далучыліся і праскія беларусы.

Радыё Свабода: Калі вы кажаце «праскія беларусы», вы маеце на ўвазе грэка-каталіцкае душпастырства Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы?

Гаек: Так, гэтае душпастырства, якое ўзначальвае айцец протапрэзьбітэр Андрэй Абламейка, бярэ ўдзел у Ночы храмаў у Празе ўжо шмат гадоў у розных формах. Звычайна гэта сканцэнтравана вакол царквы сьвятых Кузьмы і Дзям’яна — гэта славуты праскі храм усходняга абраду, пабудаваны ў Х стагодзьдзі, а менавіта ў 928 годзе. Я сам бяру ўдзел у Ночы храмаў другі раз на запрашэньне кіраўніка Апостальскага Экзархату Чэхіі біскупа Ўладыслава Гучкі.

Радыё Свабода: Такім чынам, Ноч храмаў — гэта калі храмы розных канфэсій адкрытыя ўсю ноч. Туды можа прыйсьці любы ахвочы...

Гаек: Так. Галоўнае, што там адбываюцца вячэрнія або начныя набажэнствы. Але ня толькі. Усю ноч у храме знаходзяцца некалькі адказных асоб. Кожны можа прыйсьці, яму раскажуць пра гісторыю храму, пакажуць помнікі мастацтва, раскажуць пра традыцыю ўдзелу парафіі ў рэлігійным жыцьці рэгіёну або гораду.

Радыё Свабода: А удзел беларусаў мае нейкую асаблівасьць?

Гаек: Так, вядома. Сёлета для нас ёсьць добрая нагода ўзгадаць важны юбілей — 500-годзьдзе Псалтыра Скарыны, які быў надрукаваны тут, у Празе.

Радыё Свабода: З чаго складаецца ўдзел беларусаў у Ночы храмаў у Празе, зь якіх мерапрыемстваў?

Гаек: А 17-й гадзіне ў царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна адбудзецца чэская літургія, але з прысутнасьцю беларусаў, якую на запрашэньне Экзарха Чэхіі біскупа Ўладзіслава Гучкі ўзначальваю я. Падчас набажэнства я скажу для прысутных некалькі словаў пра тое, што для нас, беларусаў, вельмі важная памяць пра Скарыну, гэта — каштоўная форма беларускай прысутнасьці ў жыцьці хрысьціян Чэхіі і наогул у культурным жыцьці Чэскай Рэспублікі.

Радыё Свабода: А яшчэ нейкія мерапрыемствы будуць?

Гаек: Так. Яшчэ а 21-й гадзіне адбудзецца беларускамоўны малебен у той жа царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна, які адслужыць айцец Андрэй Абламейка.

Радыё Свабода: А ці ёсьць нешта падобнае да Ночы храмаў у Беларусі і ці хацелі б вы распачаць такую традыцыю ў нашай краіне?
Гаек: Вядома, мы вельмі хацелі б. Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо робяцца. Напрыклад, перад Пасхай былі адкрытыя касьцёлы ў Менску. Але такое мерапрыемства было б вельмі дарэчы. Беларусь ў такі спосаб далучылася б да рэлігійных традыцый Цэнтральнай Эўропы.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG