Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец засьпяваў, спадзеючыся расчуліць патэнцыйных мэцэнатаў


Павал Севярынец, архіўнае фота

Сузаснавальнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец засьпяваў, каб актывізаваць збор сродкаў на выданьне чарговай кнігі.

«Сябры, прашу не судзіць строга, — зьвярнуўся палітык да сваіх прыхільнікаў у Фэйсбуку. — Сьпяваю песьню пра грошы на матыў «Дарагія мае масквічы» з «Народнага альбому». Гэта мой дэбют, выбачайце, чаго ня зробіш дзеля справы. Напрыканцы — не задуманы загадзя фінальны акорд «Алелюя!». Проста звоніць Волеччын тэлефон (Вольга — жонка Паўла Севярынца. — РС). Тыдзень таму на краўдфандынгавай плятформе talaka.by стартавала кампанія зьбіраньня сродкаў на выданьне раману Паўла Севярынца «Беларусалім». Першая частка абʼёмам амаль паўтысячы старонак мае назву «Беларусалім. Золак». Адрасы падзеяў — Менск, Полацак, Кіеў. Галоўная ідэя — абуджэньне беларускасьці ў беларусе:

«У ціхай і забытай Беларусі засноўваецца карпарацыя „Непагаснае сьвятло“. Сваёй эмблемай яна выбірае „Чорны квадрат“ і мае мэтай прынесьці шчасьце ўсяму чалавецтву. Дык вось зорка гэтага „Непагаснага сьвятла“, беларус Андрэй Белазор, ягоная каханая дзяўчына Воля Васілеўская і купка вернікаў трапляюць у галавакружныя падзеі. Усё пачынаецца ў навагоднюю ноч. Падзеі гэтыя зьвязаныя з тым, што і ў Бога, і ў дʼябла ёсьць свае грандыёзныя пляны адносна Беларусі. Так што раман зь відам на Апакаліпсіс».

Павал Севярынец удакладняе, што пісаў «Беларусалім» 12 гадоў — у тым ліку ў сьледчым ізалятары КДБ, на сутках у турме на Акрэсьціна, у сваіх ссылках у Купліне ды Малым Сітне. Паводле жанру схільны хутчэй аднесьці твор да антыўтопіі, чым да фантасмагорыі:

«Прынамсі зусім не фантасмагорыя, гэта дакладна. Можна назваць антыўтопіяй, можна казаць пра раман-адкрыцьцё. Справа ў тым, што там абсалютна рэальная геаграфія, магчыма, нават будуць пазнавальныя нейкія асобы. Але гэта не фантастыка, хутчэй прадчуваньне».

Тыя, хто падтрымае выданьне, могуць разьлічваць ня толькі на кнігу. Сярод прызоў для фундатараў — экскурсія па менскіх мясьцінах раману, асабістая сустрэча з Паўлам Севярынцам за кубачкам кавы і нават правы на экранізацыю «Беларусаліма».

Меркаваны наклад кнігі — 1000 асобнікаў. Калі ўсё пойдзе як задумана, прэзэнтацыя можа адбыцца ўжо ў кастрычніку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG