Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежная зона зь Беларусьсю — захады супроць «Ісламскай дзяржавы» — пасол Расеі Сурыкаў


Аляксандар Сурыкаў

«Сорамна за думкі вакол манэўраў»

Тры тысячы расейскіх вайскоўцаў возьмуць удзел у сумесных манэўрах «Захад-2017», якія пройдуць у Беларусі ў верасьні, і будуць выведзеныя адразу пасьля заканчэньня манэўраў, ужо ў верасьні.

У гэтым запэўніў журналістаў пасол Расеі Аляксандар Сурыкаў на прэсавай канфэрэнцыі, прымеркаванай да дзяржаўнага сьвята Расейскай Фэдэрацыі — Дня Расеі.

«Часам становіцца сорамна, што такія думкі могуць узьнікнуць», — сказаў Сурыкаў адносна меркаваньняў, што расейскія вайскоўцы плянуюць і надалей застацца ў Беларусі.

Паводле амбасадара, падобныя манэўры праводзяцца па чарзе на тэрыторыі дзьвюх краін, і калі манэўры праходзяць у Расеі, не стаіць пытаньня, што беларускія вайскоўцы «акупуюць Расею».

«Пасьля манэўраў усе войскі выводзяцца на кватэры. Да зімы трэба рыхтавацца, чаго ім тут сядзець?» — сказаў Аляксандар Сурыкаў пра расейскія часткі, якія прыедуць у Беларусь для ўдзелу ў манэўрах «Захад-2017».

Якія ёсьць праблемы ў адносінах Беларусі і Расеі?

Амбасадар прызнаў, што ёсьць праблемы ў пастаўках мяса-малочнай прадукцыі Беларусі ў Расею, але зазначыў, што гэтыя праблемы паступова вырашаюцца. На пытаньне, ці могуць беларусы замест расейскага рынку пераарыентавацца на кітайскі, пасол Сурыкаў адрэагаваў гэтак:

«Ня ведаю, хто куды пераарыентуецца».

Паводле Сурыкава, як фэрмэры на Захадзе, гэтак і сяляне ў Кітаі «не чакаюць нас з вамі, яны сваё малако хочуць вырабляць».

Аляксандар Сурыкаў мяркуе, што бліжэйшым часам Эўразійская эканамічная камісія ўрэгулюе пытаньні наконт наяўнасьці ў беларускім малацэ антыбіётыкаў, што выклікае прэтэнзіі Рассельгаснагляду. Пакуль камісія дазваляе ўжываньне ў малацэ толькі 4 антыбіётыкаў, а ў Беларусі дазволена ўжываньне ажно 57.

Таксама амбасадар Сурыкаў прызнаў, што цыклічна паміж краінамі ўзьнікаюць нафтагазавыя спрэчкі, і выказаў надзею, што да 2025 году, калі ўсталюецца нафтагазавы рынак, гэтыя спрэчкі ўрэгулююцца.

«Хацелася б, каб яны вырашаліся праз рашэньні судоў. Але пакуль пераадольваем гэтак, як пераадольваем — праз дамовы на вышэйшым узроўні», — сказаў Аляксандар Сурыкаў.

Памежная зона зь Беларусьсю — захады супроць ІДзІЛ

Аляксандар Сурыкаў гэтак патлумачыў увядзеньне Расеяй памежнай зоны на мяжы зь Беларусьсю і захады адносна пасажыраў зь Беларусі, якіх цалкам перавялі ў міжнародныя калідоры кантролю ў расейскіх аэрапортах.

«Адкрытая мяжа з Расеяй часткова можа выкарыстоўвацца ІДзІЛ, у тым ліку з улікам бязьвізавага рэжыму, які Беларусь увяла для 80 краін. Таму мы мусілі перавесьці ў міжнародныя тэрміналы рэйсы зь Менску. Пасажыры праходзяць праз памежны кантроль, дзе паказваюць пашпарт», — сказаў Сурыкаў і згадаў, што нядаўна сам гэтак ляцеў у Маскву зь Менску.

Пры гэтым Аляксандар Сурыкаў прызнаў, што яшчэ не да канца вырашаная тэхнічная праблема са сканаваньнем пашпартоў і праблема з памежным кантролем пасажыраў чартэрных рэйсаў — прыкладам, калі ў Расею ляцяць некаторыя беларускія працаўнікі. «Памежныя службы над гэтым працуюць», — запэўніў амбасадар.

Дальнабойшчыкам зь Беларусі дазволяць езьдзіць па беларускіх пасьведчаньнях

«Пасьпяшаліся. Ня ўсё ўлічылі», — сказаў Аляксандар Сурыкаў наконт новаўвядзеньня, паводле якога ўсім дальнабойшчыкам, якія працуюць у Расеі, трэба атрымаць расейскія пасьведчаньні кіроўцы. Сурыкаў мяркуе, што ўжо восеньню дэпутаты Дзяржаўнай Думы павінны дапрацаваць адпаведны закон, а пакуль дазвол беларускім кіроўцам карыстацца беларускімі правамі павінен даць расейскі ўрад.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG