Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая мова беларускіх фатографаў. Праекты пра вайну ва Ўкраіне і хатні гвалт перамаглі ў конкурсе «Прафота»


Як міжнароднае журы ацаніла работы беларускіх фатографаў і фотамастакоў, а таксама чым яны адрозьніваюцца ад калег іншых краінаў, — у матэрыяле Свабоды.

Беларусы сталі дасьледаваць важныя для любога эўрапейца

Конкурс «Прафота» праводзіцца трэці раз. У ім удзельнічаюць фатографы, фотамастакі і журналісты зь Беларусі. Сёлета на яго даслалі 79 работ ад 52 аўтараў і аднаго аўтарскага калектыву. Сярод іх 34 — дакумэнтальныя праекты, 29 — арт-праекты і 12 — мультымэдыйныя гісторыі. Пераможцаў, вызначаных міжнародным журы, назвалі 8 чэрвеня ў прасторы ЦЭХ.

Кіраўнік журы Ганна Шпакава, выкладчыца маскоўскай школы фатаграфіі і мультымэдыя імя Родчанкі, гаворыць, што ў Беларусі склалася пэўнае кола фатографаў, аднак у кожным конкурсе зьяўляюцца новыя ўдзельнікі са сваім цікавым і нестандартным поглядам. Шпакава адзначае, што працы беларусаў сапраўды выйшлі на ўсясьветны ўзровень.

«Я магу вам пераказаць словы аднаго зь сяброў журы, францускага фатографа Дзідзье дэ Фаіса, які ўзначальвае аўтарытэтны рэсурс photographie.com, а таксама праводзіць буйны францускі фатаграфічны конкурс, і які сказаў, што мова беларускіх фатографаў настолькі цікавая, што варта правесьці такую выставу яшчэ і ў Францыі. Напрыклад, праект Аляксандра Васюковіча „Фота на памяць“ на гэты момант удзельнічае ў францускім конкурсе таксама».

Паводле старшыні журы, за апошнія гады фатографы ў Беларусі змаглі зрабіць вялікі крок наперад. Калі раней яны больш канцэнтраваліся на ўнутраных праблемах, зразумелых збольшага беларускаму гледачу, то цяпер зьяўляюцца праекты, важныя і зразумелыя ў сусьветным кантэксьце.

«Мова беларускіх фатографаў унікальная. Я думаю, што мае міжнародныя калегі, сябры журы гэтага конкурсу, якія нічога ня ведалі пра беларускіх фатографаў, былі ўражаныя, — гаворыць Шпакава. — З другога боку, тэмы, прадстаўленыя на гэтым конкурсе, вельмі блізкія ўсяму сьвету і актуальныя. Гэта самае важнае, што магло адбыцца зь беларускай фатаграфіяй. Аўтары перасталі дасьледаваць выключна беларускія тэмы. Адышлі ад гэтага і пачалі дасьледаваць тэмы актуальныя, важныя для любога эўрапейца».

Пераможцамі конкурсу «Прафота-2017» сталі мастачка Вольга Савіч (намінацыя «Арт-фота», праект «Альфабэт вайны») і фатограф Аляксандар Васюковіч (намінацыі «Док-фота» з праектам «Фота на памяць» і «Лічбавы сторытэлінг», праект «Кожная трэцяя», сумесна з журналісткай Дар’яй Царык).

Вольга Савіч, «Альфабэт вайны»

«Праект даволі нечаканы для мяне самой. У нашых галовах склаўся стэрэатып пра вайну. Тэма вайны ўвогуле распаўсюджаная ў мастацтве. Таму я старалася пазьбягаць яе. Але аднойчы ў Зальцбургу набыла адзін фотаздымак, і ён мяне моцна зачапіў. Дзесьці праз год я была ў Вене, ішла ля могілак і ўбачыла пахаваньні савецкіх салдат. Украінскія побач з расейскімі... Мне захацелася зрабіць мастацкі праект, каб асэнсаваць тэму вайны па-іншаму. Асэнсаваць інфармацыйнае поле, якое ствараецца вакол вайны, як яна падаецца. Сьвяты, зьвязаныя з вайной, стаўленьне да вайны... Я думала, што тэма вайны заежджаная. Але толькі з аднаго боку — з афіцыйнага. Мы вайну ведаем з падручнікаў, зь дзедавых мэдалёў, якія мала што могуць расказаць. Але каб зразумець, што такое вайна, гэтага мала. Я думаю, у беларусаў яшчэ не адбылося рэфлексіі. Таму тэма вайны будзе ў нас актуальнай»

Аляксандр Васюковіч, «Кожная трэцяя»

«Над праектам пра хатні гвалт мы працуем з Дашай Царык. Напэўна, ужо пайшоў трэці год. Усё пачалося з артыкулу ў часопісе „Таймер“. Было складана здымаць, таму што ахвяры ня вельмі хочуць паказваць свой твар. Таму мы прыдумлялі розныя спосабы паказаць іх такім чынам, каб жанчын нельга было пазнаць. Я чуў, што расказваюць гераіні праекту, мяне вельмі ўразіў маштаб праблемы. Да працы над праектам я не ўяўляў сабе яго. Аказалася, што кожная трэцяя беларуская жанчына сутыкалася зь фізычным гвалтам дома. Ня кажучы ўжо пра астатнія яго віды.

Мяне гэта ўразіла. У беларускіх СМІ вельмі мала публікацый на гэтую тэму. Таму мы з Дашай задумалі зрабіць цэлы спэцпраект. Пачалі працаваць над ім, было больш гісторый, нам пачалі больш давяраць. Пасьля ўжо мы вырашылі зрабіць мультымэдыя.

Чаму так мала публікацыі на тэму хатняга гвалту? Думаю, гэта таму, што вельмі складана знайсьці ахвяраў, якія будуць гаварыць пра сваю гісторыю. За тры гады мы змаглі зрабіць толькі 18 гісторый. Большасьць маўчыць, не гатовая расказваць пра перажытае. Для журналістаў вельмі складана працаваць з гэтай тэмай, яна патрабуе вельмі шмат часу».

Аляксандр Васюковіч, «Фота на памяць»

«Праект „Фота на памяць“ узьнік раптоўна. Летам 2014 году я працаваў на ўсходзе Ўкраіны, здымаў гісторыю пра добраахвотніцкі батальён „Данбас“. Яго ўдзельнікі шмат разоў прасілі мяне зрабіць і фота на памяць, даслаць потым ці іх сваякам, дзяўчатам, ці ім самім. Ужо вярнуўшыся ў Беларусь, я даслаў фота салдатам. Спачатку гэтыя здымкі ніхто не выкладваў у сацсеткі, але празь некалькі месяцаў яны пачалі там зьяўляцца. І час ад часу я бачыў, што людзі камэнтуюць. Маўляў, як крута ваяваць. Забіваць ворагаў. Але потым былі падзеі ў Ілавайску, і батальён „Данбас“ трапіў у гэты кацёл. Шмат хто з герояў фота загінуў. І калі я бачыў гэтыя камэнтары пра тое, як крута служыць у войску, хадзіць з аўтаматам, я разумеў, што шмат каго з герояў фота ўжо няма ў жывых. Зьявілася ідэя ўзяць свой архіў, паехаць у Кіеў, сустрэцца з добраахвотнікамі, якія выжылі, і даведацца лёс палеглых. Пазначыць іх на тых фота, зробленых на памяць. Паказаць, што вайна — гэта зусім ня так крута. Я зьбіраў усю інфармацыю. Месца гібелі, мянушкі, лісты родным. Каб было зразумела, што страты на вайне — гэта ня толькі лічбы. Што вось яны, гісторыі тых, хто загінуў. У чалавечай натуры ёсьць такая фішка — пакуль цябе нешта ня тычыцца наўпрост, ты на гэта не зьвяртаеш асаблівай увагі».

Пабачыць праекты-пераможцы, а таксама працы фіналістаў конкурсу можна ў прасторы ЦЭХ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG