Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 гадоў таму беларусам не далі атрымаць мільярды даляраў на пасьляваенную адбудову


Генэрал Джордж Маршал, дзяржсакратар ЗША (1947-49) і міністар абароны ЗША (1950-51)
Генэрал Джордж Маршал, дзяржсакратар ЗША (1947-49) і міністар абароны ЗША (1950-51)

«Злучаныя Штаты павінны зрабіць усё, што ў іх сілах, для дапамогі ў аднаўленьні здароўя сусьветнай эканомікі, без якога немагчымая ні палітычная стабільнасьць, ні трывалы мір. Наша палітыка скіраваная ня супраць якой-небудзь краіны, але супраць голаду, галечы, роспачы і хаосу. Наша мэта — ажыўленьне сусьветнай эканомікі, якое стварыла б палітычныя і эканамічныя ўмовы для існаваньня свабодных інстытутаў».

Гэтыя словы вымавіў роўна 70 гадоў таму, у пачатку чэрвеня 1947 году, дзяржсакратар ЗША Джордж Маршал. Яго прамова перад выпускнікамі Гарвардзкага ўнівэрсытэту дала старт «праграме аднаўленьня Эўропы» (European Recovery Program), якая ўвайшла ў гісторыю як «плян Маршала». З тых часоў гэта стала хадзячай назвай, якая абазначае такую форму дапамогі пасьпяховай эканамічнай трансфармацыі іншых краін, якая прыносіць посьпех як атрымальнікам дапамогі, так і донарам.

Афіцыйна удзел у «пляне Маршала» быў прапанаваны таксама Савецкаму Саюзу і краінам Усходняй Эўропы, якія ў канцы 1940-х гадоў патрапілі пад усё больш моцны палітычны ўплыў Масквы. Сталін, аднак, ад амэрыканскага праекту адмовіўся — больш за тое, ён забараніў ўдзельнічаць у ім і ўсходнеэўрапейскім саюзьнікам. Чэхаславацкаму міністру замежных спраў Яну Масарыку, які разам зь іншымі кіраўнікамі краіны быў з гэтай мэтай выкліканы «на дыван» ў Крэмль, прыпісваюць горкую фразу: «Я ехаў у Маскву вольным чалавекам, а вярнуўся сталінскім лёкаем». Як бы там ні было, і Чэхаславаччына, і Польшча, якія першапачаткова згаджаліся далучыцца да «пляну Маршала», пад ціскам СССР адмовіліся ад гэтага намеру.

На працягу больш чым 40 гадоў пасьля заканчэньня халоднай вайны было шмат размоваў пра магчымасьць новага «пляну Маршала», які дапамог бы Расеі і іншым былым савецкім рэспублікам у цяжкай сытуацыі трансфармаваць эканоміку і палітычную сыстэму. Аднак гэтага не адбылося.

Пра «плян Маршала», які ажыцьцявіўся для Эўропы і не ажыцьцявіўся для Расеі ў інтэрвію Радыё Свабода распавядае расейскі гісторык-амэрыканіст Іван Курыла. Зь ім гутарыць Яраслаў Шымаў.

— На вашу думку, якія былі асноўныя матывы тагачаснага кіраўніцтва ЗША, якія прымусілі Вашынгтон выступіць з плянам Маршала? Чаго там было больш — альтруізму або разумнага разьліку? Зразумела, што ажыўленьне эканомікі пасьляваеннай Эўропы ў канчатковым выніку спрыяльна адбілася і на амэрыканскай эканоміцы.

— Быў, вядома, і разьлік, і ўлік вопыту Першай сусьветнай вайны. Усе памяталі, што Эўропа, якая аказалася аслабленай пасьля Першай сусьветнай вайны, потым стала пажыўным асяродзьдзем для зьяўленьня аўтарытарных рэжымаў. 1920-я гады так і не прывялі Эўропу да росквіту. Эканамічны крызіс тады стварыў пажыўную глебу для дыктатур. Адной з галоўных задач тых, хто ствараў «плян Маршала», было не дапусьціць таго, каб у Эўропе зноў высьпеў аўтарытарызм нейкага роду. Прычым у той час ужо гаварылі ня столькі пра небясьпеку адраджэньня нацызму, колькі пра небясьпеку пашырэньня камунізму, улічваючы узросшы ўплыў кампартый ў многіх краінах Эўропы, у тым ліку і Заходняй. Дзякуючы вялікай ролі, якую камуністы адыгралі ў гады вайны ў антыфашысцкім супраціве ў Італіі, напрыклад, або ў Францыі, усё гэта было дастаткова рэальным.

Тут, вядома, з боку ЗША быў палітычны разьлік, я думаю, значна большы, чым эканамічны. Эканамічныя разьлікі, напэўна, дадаліся ўжо ў працэсе прапрацоўкі дэталяў. Вядома, амэрыканскія кампаніі захацелі пралабіраваць свой удзел у аднаўленьні Эўропы. Так ці інакш гэтая праграма дапамагла краінам Эўропы аднавіцца, напэўна, хутчэй, чым гэта было б безь яе. Ва ўсякім выпадку характэрна, што з тых часоў у сьвеце вельмі часта чуюцца патрабаваньні стварыць новы «плян Маршала» для кагосьці яшчэ. Казалі пра тое, што Расеі быў патрэбны такі плян у 90-я гады. Кажуць пра асобны «плян Маршала» для Ўкраіны, яго прапрацоўка ў апошнія гады ідзе. У іншых рэгіёнах сьвету на «плян Маршала» таксама пастаянна спасылаюцца. Гэта значыць, так ці інакш агульны вынік гэтага пляну ацэньваецца звычайна станоўча.

Прапагандысцкі плякат, прысьвечаны пляну Маршала, 1948 год
Прапагандысцкі плякат, прысьвечаны пляну Маршала, 1948 год

— Удзел у «пляне Маршала» быў прапанаваны і Савецкаму Саюзу. Што прымусіла Сталіна адмовіцца і забараніць ўдзельнічаць у ім сваім ўсходнеэўрапейскім сатэлітам? Ён адчуў тое, пра што вы сказалі — гэтую антыкамуністычную накіраванасьць пляну, ці там нейкія іншыя меркаваньні таксама былі?

— Можна было і не адчуваць, гэта і так было ясна. Бо рэцыпіентам ў рамках «пляна Маршала» выстаўляліся і палітычныя патрабаваньні, у тым ліку правядзеньне свабодных выбараў. Зразумела, што такія патрабаваньні былі не гатовыя выконваць савецкія ўлады і прасавецкія ўрады ва Ўсходняй Эўропе. Былі, вядома, выключэньні, якія пацьвярджаюць правіла. Адмовілася ад «пляну Маршала» Фінляндыя, якая залежала ў той момант ад Савецкага Саюзу. Наадварот, на больш позьнім этапе атрымлівала дапамогу праз праграмы, зьвязаныя з «плянам Маршала», Югаславія — гэта здарылася пасьля таго, як адбыўся разрыў паміж Ціта і Сталінам. У выніку, калі глядзець на геаграфію атрымальнікаў «пляну Маршала», то атрымліваецца калі ня поўнае іх супадзеньне з заходняй сфэрай уплыву, то вельмі значнае — на 95% недзе. І ў тых краінах, якія сталі атрымліваць дапамогу па «пляне Маршала», уплыў камуністаў быў аслаблены. Гэта і зьяўлялася адной з мэтаў пляну. Нельга казаць пра яго толькі як аб эканамічнай дапамозе, у яго былі і палітычныя задачы. Бо ў тым жа 1947 годзе зьявілася дактрына стрымліваньня камунізму, так званая дактрына Трумэна. Усё гэта ляжала ў рамках ўяўленьня пра сьвет, у якім наступае камунізм, а дэмакратычныя краіны бароняцца. Ня тое каб Сталін меў рацыю або ня меў, але ў яго лёгіцы было зразумела, чаму Ўсходняя Эўропа не ўвайшла ў гэты плян.

— Гэта значыць, можна сказаць, што збольшага тая крытыка «пляну Маршала», зь якой тады ад імя СССР выступаў Молатаў, называючы гэты плян інструмэнтам амэрыканскага панаваньня ў Эўропе, хоць бы збольшага была апраўданая?

— Крытыка Молатава выглядала чыста ідэалягічнай. Фармальна атрымалася, што Молатаў адхіліў прапанову амэрыканцаў. Цяпер шматлікія гісторыкі сьцьвярджаюць, што амэрыканцы i не спадзяваліся, што Савецкі Саюз ўключыцца ў «плян Маршала». Мне цяжка даць адназначныя ацэнкі. Тады стварылася сытуацыя, калі абодва бакі пачалі падазраваць у дзеяньнях апанэнта горшае.

— Былое хаўрусьніцтва перарасло ва ўзаемны недавер.

— Можна сказаць, так. Дзярждэпартамэнт ЗША разумеў, што Сталін адмовіцца, і разумеў, што калі б раптам чыста тэарэтычна Сталін не адмовіўся б, то вельмі цяжка было б правесьці праз Кангрэс рашэньне накіраваць вялікія сродкі ў Савецкі Саюз. Пастаўкі вялікай колькасьці тавараў, а тым больш шырокае крэдытаваньне Савецкага Саюзу ў 1947 годзе ўжо ўяўляліся неверагоднымі. А менавіта іх трэба было праводзіць паводле «пляну Маршала». Але ў выніку да Кангрэсу справа не дайшла, таму што Сталін адмовіўся ад удзелу ўжо на першым этапе. Абодва бакі з палёгкай тады ўздыхнулі: маўляў, ня будзе ўнутраных праблем праз гэта.

— А ці можна сказаць у гэтай сувязі, што рэалізацыя «пляну Маршала» ў Заходняй Эўропе прымусіла Крэмль паскорыць саветызацыю і камунізацыю ўсходняй Эўропы? Таму што 1947 год — гэта яшчэ ўсё ж не зусім жорсткія рэжымы ўсходняй Эўропы, яшчэ шматпартыйнасьць захоўваецца і гэтак далей. Можна сказаць, што Сталін вырашыў зацягнуць гайкі ў сувязі з такім амэрыканскім наступам ў Эўропе, якім ён лічыў «плян Маршала»?

— Ёсьць гісторыкі, якія кажуць, што Чэхаславаччына была гатовая паўдзельнічаць у «пляне Маршала», а можа быць, і Польшча. Сапраўды, інфармацыя пра гэта, якая прыйшла ў Маскву, прымусіла Савецкі Саюз больш жорстка ўсталёўваць свой кантроль над гэтымі краінамі. Хутчэй за ўсё гэта сапраўды было адным з фактараў (але не адзіным) паскарэньня фарміраваньня прасавецкіх рэжымаў у краінах Усходняй Эўропы.

Вёсачка Онэ-сюр-Одон на поўначы Францыі, цалкам разбураная падчас баёў ў 1944 годзе і адноўленая ў 1950-я на сродкі, выдзеленыя ў рамках "пляну Маршала"
Вёсачка Онэ-сюр-Одон на поўначы Францыі, цалкам разбураная падчас баёў ў 1944 годзе і адноўленая ў 1950-я на сродкі, выдзеленыя ў рамках "пляну Маршала"

— Вы ўжо згадалі ў пачатку нашай гутаркі, што ў 90-я гады часта казалі пра «плян Маршала» для Расеі, часам і для іншых постсавецкіх краін. На вашу думку, чаму, хоць Захад тады аказваў пэўную, часам значную фінансавую і гуманітарную дапамогу, нічога падобнага да «пляну Маршала» для Расеі так і не зьявілася? Можа быць, калі б такі праект быў рэалізаваны, то і ход постсавецкай гісторыі Расеі быў бы троху іншым?

— Гэта вельмі прывабнае разважаньне. Я б яго сам у нейкай форме з задавальненьнем паўтараў. Але, напэўна, гэта было маларэалістычна ў тым стане, з улікам таго, як бачыла сытуацыю амэрыканскае кіраўніцтва. Калі чыста тэарэтычна ўявіць сабе падобны варыянт дапамогі, то ён мог бы, напэўна, зьмяніць сытуацыю ў постсавецкай Расеі. Таму што тагачасная Расея, паводле майго перакананьня, у 90-я гады была больш плястычнаю. Мы перажывалі такі крызіс ідэнтычнасьці, пры якім большая інтэграцыя ў сусьветныя структуры, большае супрацоўніцтва, напэўна, магло б паўплываць на ход падзей ўнутры краіны. Я ня бачу незваротнасьці таго, што атрымалася ў Расеі сёньня. 90-я гады былі часам, калі можна было паўплываць. Я памятаю гэтыя развагі ў самой Расеі ў пачатку 90-х, пра тое, што мы перажываем вельмі цяжкія часы і, напэўна, большая дапамога Захаду магла б адыграць сваю ролю. Хоць ёсьць і пункт гледжаньня апанэнтаў, якія кажуць, што пры той структуры ўлады грошы ўсё роўна пайшлі б не туды. Я хацеў бы быць рэтрааптымістам і думаць, што гэта магло б паўплываць на Расею. Але, вяртаючыся на пазыцыю рэалізму, паглядзеўшы на сьвет пачатку 90-х вачыма амэрыканскага палітыка, мы ўбачым, што ніякай неабходнасьці ў такім пляне не было. У адрозьненьне ад сытуацыі пасьля Другой сусьветнай вайны, калі былі асьцярогі з нагоды прыходу камуністычнай дыктатуры, у 90-я сытуацыя ўяўлялася інакш. Галоўная апора аўтарытарызму разгромленая, ніякай небясьпекі, якая магла б у пэрспэктыве пагражаць Злучаным Штатам, быццам бы няма, і ніхто ў ЗША пра тое, што патрэбная нейкая аб’ёмная дапамога, ня згадваў. Можа быць, гэта была блізарукасьць амэрыканскіх палітыкаў, але, разважаючы чыста рэалістычна, зразумела, чаму «плян Маршала для Расеі» так і не зьявіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG