Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць Пальчэўскага спынілі крымінальны перасьлед па справе аб «арганізацыі масавых беспарадкаў»


Сяргей Пальчэўскі

Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі атрымаў ліст з КДБ Беларусі, у якім паведамляецца пра спыненьне крымінальнай справы па частцы 3 артыкула 293 «з-за адсутнасьці ў дзеяньнях складу злачынства».

Таксама паведамляецца, што Сяргей Пальчэўскі можа азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Пасьля вызваленьня зь СІЗА Сяргей Пальчэўскі прызнаўся, што даў падпіску аб супрацы з КДБ пад псэўданімам «Артур». У сваёй заяве, распаўсюджанай у сацсетках, ён напісаў, што каецца ў гэтым перад Богам і людзьмі.

Сяргей Пальчэўскі сказаў карэспандэнту Свабоды, што такое рашэньне КДБ было для яго нечаканым.

«Я ж першы, каму такі ліст прыйшоў. Магчыма, такія лісты прыйшлі і іншым фігурантам справы. Альбо пасьля мяне нехта яшчэ атрымае такі ліст. Тое, што супраць мяне спынілі справу, гэта натуральна, бо мы не плянавалі ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў. Яшчэ тут паўплываў грамадзкі ціск, што ніхто не забываецца пра гэтую справу».

Наконт сваіх далейшых дзеяньняў Сяргей Пальчэўскі вызначыцца пасьля гутаркі з адвакатам.

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч спадзяецца, што спыняць перасьлед іншых фігурантаў справы.

«Спадзяюся, што Пальчэўскі не апошні. Бо калі па аналёгіі разважаць, то павінны былі спыніць справу супраць Зьмітра Дашкевіча і тым больш супраць маладафронтаўцаў, якіх вызвалілі раней, нават без прад’яўленьня абвінавачаньня, у статусе падазраваных. Бо Пальчэўскаму і Дашкевічу былі прад’яўленыя абвінавачаньні па артыкуле „Арганізацыя масавых беспарадкаў“.

У прынцыпе, выглядае так, што па масавых беспарадках справу будуць спыняць. Мне так хацелася б спадзявацца.

Я думаю, што Пальчэўскі ў гэтай сытуацыі можа скарыстацца правам на атрыманьне кампэнсацыі маральнай шкоды ў сувязі зь незаконным утрыманьнем пад вартай. Выходзіць, што чалавек быў невінаваты, а пэўны час утрымліваўся пад вартай. Такое права прадугледжвае Грамадзянскі кодэкс.

Хочацца спадзявацца, што справы адносна іншых фігурантаў таксама будуць спыненыя».

Валянцін Стэфановіч сказаў, што праваабаронцам вядома пра спыненьне справы толькі адносна Сяргея Пальчэўскага.

Зьміцер Дашкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што супраць яго справа ня спыненая, такой інфармацыі ён ня мае.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG