Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джэймс Коўмі супраць Дональда Трампа


У чацьвер у Сэнаце ЗША пройдуць слуханьні з удзелам былога дырэктара ФБР Джэймса Коўмі, які быў звольнены з пасады прэзыдэнтам Трампам.

Слуханьні выклікаюць вялікую цікавасьць, паколькі Коўмі курыраваў расьсьледаваньне расейскага ўмяшаньня ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары, і крытыкі прэзыдэнта разглядаюць звальненьне як спробу Трампа паўплываць на расьсьледаваньне.

У сераду, напярэдадні слуханьняў, Джэймс Коўмі зрабіў сэнсацыйны крок, апублікаваўшы, са згоды Сэнату, свой выступ на сямі старонках, зь якім ён выступіць на слуханьнях. Коўмі пацьвердзіў шматлікія паведамленьні прэсы аб тым, што, на яго думку, прэзыдэнт Трамп спрабаваў аказаць на яго ціск.

Джэймс Коўмі апублікаваў, са згоды Сэнату, свой выступ на сямі старонках, які ён прадставіць на слуханьнях.

Прадставіўшы да ўсеагульнага ведама свой выступ за дзень да слуханьняў, былы дырэктар ФБР атрымаў беспрэцэдэнтную магчымасьць прадэманстраваць краіне сваю інтэрпрэтацыю падзеяў, якія прывялі да яго звальненьня і сваю інтэрпрэтацыю матываў дзеяньняў прэзыдэнта. Коўмі выстаўляе дзеяньні прэзыдэнта ў нэгатыўным сьвятле, устрымліваючыся, зрэшты, ад прамой крытыкі на адрас Дональда Трампа.

Амаль усё, выкладзенае Джэймсам Коўмі, ужо было вядомае дзякуючы шматлікім уцечкам iнфармацыi ў прэсе пра яго ўзаемаадносіны з прэзыдэнтам Трампам, навіной стала толькі тое, што дырэктар ФБР лічыў, што прэзыдэнт спрабуе аказаць на яго ціск.

Паводле Коўмі, першая размова з абраным прэзыдэнтам адбылася 6 студзеня 2017 году, яшчэ да інаўгурацыі Дональда Трампа. Тады кіраўнікі амэрыканскіх спэцслужбаў паведамілі будучаму прэзыдэнту падрабязнасьці расьсьледаваньня расейскага ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары. Пасьля нарады, падчас размовы сам-насам, кіраўнік ФБР паінфармаваў Трампа аб тым, што ў яго распараджэньні знаходзіцца справаздача, падрыхтаваная былым супрацоўнікам брытанскай выведкі, у якой сьцьвярджаецца, што ў Крамля ёсьць кампрамат на Трампа. Падчас гэтай сустрэчы Коўмі запэўніў Трампа, што ён не зьяўляецца аб’ектам расьсьледаваньня амэрыканскіх спэцслужбаў. Паводле Коўмі, адразу пасьля гэтай сустрэчы, ледзь апынуўшыся ў сваім аўтамабілі, ён па гарачых сьлядах вырашыў зрабіць канспэкт гэтай размовы з прэзыдэнтам. Такая думка яму ніколі не прыходзіла ў галаву пасьля размоваў з прэзыдэнтам Абамам.

27 студзеня, ужо пасьля інаўгурацыі, Коўмі быў запрошаны на вячэру ў Белы дом, дзе ён, паводле яго словаў, аказаўся ў адкрыта няёмкім становішчы. Прэзыдэнт, як сьцьвярджае Коўмі, спытаў, ці хоча ён заставацца на пасадзе дырэктара ФБР, хоць да гэтага Дональд Трамп заявіў пра намер захаваць Коўмі ў гэтым крэсьле.

Прэзыдэнт абвясьціў, што «яму патрабуецца ляяльнасьць, што ён чакае ляяльнасьці»

«Я адчуў, — піша Коўмі, — што гэтая вячэра збольшага была арганізаваная для таго, каб прымусіць мяне папрасіць прэзыдэнта захаваць за мной гэтую пасаду і стварыць адносіны патранажу». Сьледам, згодна з Коўмі, прэзыдэнт абвясьціў, што «яму патрабуецца ляяльнасьць, што ён чакае ляяльнасьці». Коўмі ў адказ паабяцаў прэзыдэнту сумленнасьць у адносінах зь ім. У рэшце рэшт яны сышліся, паводле патрабаваньня прэзыдэнта, на «сумленнай ляяльнасьці».

Яшчэ адна сустрэча з прэзыдэнтам, якая насьцярожыла дырэктара ФБР, адбылася празь некалькі тыдняў у Авальным кабінэце. Падчас размовы сам-насам Дональд Трамп пачаў размову аб звальненьні Майкла Фліна з пасады памочніка прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы. «Майкл Флін — добры чалавек», — сказаў Трамп Коўмі, прапанаваўшы суразмоўцу пакінуць Фліна ў спакоі. Як піша Коўмі, ён успрыняў гэта пажаданьне як заклік спыніць расьсьледаваньне кантактаў Фліна з расейскімі прадстаўнікамі.

Трамп, як піша Коўмі, паскардзіўся, што расейскае расьсьледаваньне навісла над ім як хмара, ператварылася ў перашкоду для кіраваньня дзяржавай і заклікаў Коўмі разьвеяць гэтую хмару.

Падрабязную карціну незвычайных дачыненьняў прэзыдэнта і дырэктара ФБР, намаляваную Джэймсам Коўмі, завяршае эпізод, зьвязаны з тэлефонным званком прэзыдэнта. Трамп, як піша Коўмі, паскардзіўся, што расейскае расьсьледаваньне навісла над ім як хмара, ператварылася ў перашкоду для кіраваньня дзяржавай і заклікаў Коўмі разьвеяць гэтую хмару, публічна заявіўшы, што ён, прэзыдэнт, не зьяўляецца аб’ектам расьсьледаваньня. Дырэктар ФБР адмовіўся гэта зрабіць.

Гэты пераказ размоваў Дональда Трампа і Джэймса Коўмі ў выкладзе Коўмі выклікаў процілеглую рэакцыю прыхільнікаў і праціўнікаў Трампа. Сам прэзыдэнт у нехарактэрнай для яго манеры не скарыстаўся «Твітарам», каб адказаць на заявы Коўмі, якога ён у мінулым перасьцерагаў ад выступаў у прэсе з інфармацыяй пра падрабязнасьці іх размоваў. Марк Касавіц, адвакат прэзыдэнта Трампа, заявіў, што прэзыдэнт задаволены тым, што Коўмі пацьвердзіў, што прэзыдэнт не зьяўляецца аб’ектам увагі выведных службаў ў сувязі з расейскім расьсьледаваньнем.

Крытыкі прэзыдэнта Трампа ўспрынялі паказаньні Коўмі як сьведчаньне патэнцыйна незаконных дзеяньняў прэзыдэнта ЗША. The Washington Post апублікавала артыкул Філіпа Алена Лаковары, які працаваў у групе пракурораў, што займаліся расьсьледаваньнем Уотэргейцкай справы. Артыкул выйшаў пад загалоўкам: «Я дапамагаў абвінавачаньню ва ўотэргейцкай справе. Заява Коўмі дае дастаткова падставаў для завядзеньня справы пра перашкоды працы правасудзьдзя».

Заява Коўмі, апублікаваная напярэдадні сэнацкіх слуханьняў, ня ўтрымлівае сьведчаньняў таго, што прэзыдэнт перашкаджаў працы правасудзьдзя.

Уплывовы юрыст, прафэсар юрыспрудэнцыі Алан Дэршавіц піша ў камэнтарах для FoxNews, што паказаньні Коўмі ня сталі «гарачым пісталетам», які разьлічвалі атрымаць дэмакраты. «Пісьмовая заява Коўмі, апублікаваная напярэдадні сэнацкіх слуханьняў, ня ўтрымлівае сьведчаньняў таго, што прэзыдэнт перашкаджаў працы правасудзьдзя або зрабіў іншыя злачынствы», — перакананы Дэршавіц.

Разам з тым, як згаджаюцца камэнтатары, падчас слуханьняў у чацьвер, на якіх будуць разглядацца абставіны звальненьня Джэймса Коўмі з пасады дырэктара ФБР, і прыхільнікі, і праціўнікі прэзыдэнта Трампа паспрабуюць скарыстацца гэтай падзеяй, каб перш за ўсё паўплываць на грамадзкую думку.

Пакуль, паводле апытаньняў, гісторыя з расейскім расьсьледаваньнем і звальненьне Джэймса Коўмі цягнуць уніз рэйтынгі прэзыдэнта. У сярэднім 55% апытаных нэгатыўна ацэньваюць яго прэзыдэнцтва, 39,5% — пазытыўна. Гэта горшы паказьнік пасьля прыходу Трампа ў Белы дом.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG