Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывапісных Аляксандра і Мікалая Лукашэнкаў не «рэабілітавалі»


Трыптых Аляксея Панцюка-Жукоўскага «Мая Беларусь. На скрыжаваньні стагодзьдзяў»

У менскім Палацы мастацтва распачала працу выстава партрэтаў пад назвай «Псыхалёгія вобразу». Яшчэ за некалькі дзён да адкрыцьця здарыўся скандал — экспэртная рада Саюзу мастакоў забракавала трыптых Аляксея Панцюка-Жукоўскага «Мая Беларусь. На скрыжаваньні стагодзьдзяў».

Гісторыю беларускай дзяржаўнасьці мастак паказаў праз выявы асобаў, якія, на яго погляд, зрабілі найбольшы ўнёсак на розных гістарычных этапах: гэта першы кіраўнік ВКЛ Міндоўг, савецкі партыйны дзеяч Пётра Машэраў, цяперашні кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка з сынам.

Аднак камісія ў складзе кіраўнікоў сэкцый Беларускага саюзу мастакоў не дала ходу працы Панцюка-Жукоўскага, канстатаваўшы недасканаласьць у перадачы псыхалягічнага стану дзейнага кіраўніка Беларусі і спаслаўшыся на элемэнты плягіяту і адсутнасьць афіцыйна пацьверджанага дазволу на мастацкае адлюстраваньне вобразу. Таксама былі выказаныя прэтэнзіі на неадпаведнасьць латаў Міндоўга і сьцяга партызанаў за сьпінай Машэрава свайму часу.

Экспэртная рада Саюзу мастакоў палічыла партрэт Лукашэнкі «ня вартым выставы»

Аляксей Панцюк-Жукоўскі да канца спадзяваўся, што трыптых усё ж зьявіцца на выставе ў дзень адкрыцьця, але марна — працу схавалі ў падсобку:

«Як на мой погляд, сутыкнуліся тры супярэчнасьці. Па-першае, прэзыдэнт не праводзіць беларускай нацыянальнай палітыкі, цураецца роднай мовы, усё больш залежны ад Расеі. Адпаведна, навошта яго піярыць? Па-другое, хоць праца напісана граматна, але паводле стандартаў савецкай школы. Гэта таксама выбіваецца з сучасных трэндаў. Па-трэцяе, хто ты такі, якое меў права праяўляць ініцыятыву? Ці табе дазволілі, ці, можа, зрабілі замову? Бо ўсе народныя проста так ня пішуць: музэй дасьць гарантыю, што набудзе, вось тады яны працуюць. І музэй з выставы купляе. А тут ні з кім не параіўся...»

Спадар Панцюк-Жукоўскі кажа, што не разумее перастрахоўкі, бо яшчэ летась у ягоную майстэрню прыходзіў фатограф зь Міністэрства культуры, каб пераканацца ў адсутнасьці крамолы ў трыптыху. Ведамасная экспэртыза нічога падазронага не зафіксавала.

Паводле мастака, пра існаваньне працы ведаюць і ў прэзыдэнцкай адміністрацыі — мяркуючы па тым, што ніякіх распараджэньняў наконт яе лёсу не паступала, карціна нараканьняў ня выклікала.

Ніхто не ўдакладняе, дзе трэба браць дазвол на тое, каб маляваць першую асобу — справа заканчваецца тым, што клеркі адфутбольваюць адзін да аднаго.

Што тычыцца выбару Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці галоўнай постаці сучаснай Беларусі, мастак трымаецца такога погляду:

«Перш чым пачынаць, запытаў аднаго, другога, трэцяга, дзясятага: каго ў нашай Беларусі вы бачыце лідэрам на кожным гістарычным этапе? Ці справядліва, што ад імя сярэднявечча такім можа быць Міндоўг? Пагаджаюцца; хтосьці, праўда, кажа — Альгерд, хтосьці называе іншых князёў. Але Міндоўг першы, і выбар цалкам лягічны. Калі гаворка пра сацыялістычны пэрыяд — зноў жа, пагаджаюцца, што павінен быць Машэраў. А вось як напісаць час сёньняшні? Ну вядома, Лукашэнка, другой фігуры такога маштабу няма. Шушкевіч, Грыб, Пазьняк? Не. Так склалася, што ў нас адна стрыжнёвая асоба, астатнія нават не былі прэзыдэнтам».

Што тычыцца Мікалая Лукашэнкі, то, як пераконвае Аляксей Панцюк-Жукоўскі, гэта ня столькі малодшы сын прэзыдэнта, колькі зборны вобраз маладой Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG