Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртная рада Саюзу мастакоў палічыла партрэт Лукашэнкі «ня вартым выставы»


Трыптых Аляксея Панцюка-Жукоўскага «Мая Беларусь. На скрыжаваньні стагодзьдзяў»

Экспэртная рада ў складзе кіраўнікоў сэкцый Беларускага саюзу мастакоў забракавала трыптых Аляксея Панцюка-Жукоўскага «Мая Беларусь. На скрыжаваньні стагодзьдзяў».

Падставай — недасканаласьць у перадачы псыхалягічнага стану дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, элемэнты плягіяту, адсутнасьць афіцыйна пацьверджанага дазволу на мастацкае адлюстраваньне вобразу.

7 чэрвеня ў менскім Палацы мастацтва адкрыецца выстава партрэту пад назвай «Псыхалёгія вобразу». Сёньня камісія з мастакоў, мастацтвазнаўцаў і чыноўнікаў Міністэрства культуры прымала працы, якія прэтэндуюць на месца ў экспазыцыі.

Аляксей Панцюк-Жукоўскі
Аляксей Панцюк-Жукоўскі

«Рыхтуецца выстава, на якой будзе прадстаўлены гістарычны, псыхалягічны партрэт, — кажа Аляксей Панцюк-Жукоўскі. — Мастакі будуць паказваць як раньнія, так і новыя працы, у розных кірунках выкананьня, бо існуюць самыя разнастайныя плыні — ад рэалізму да абстракцыянізму. Я на выставу падаў трыптых „Мая Беларусь. На скрыжаваньні стагодзьдзяў“. Тут я паказваю партрэты Міндоўга, першага кіраўніка ВКЛ, Пятра Машэрава, які ўвасабляе савецкую Беларусь, а ў цэнтры — Аляксандар Лукашэнка з малодшым сынам як вобраз сучаснай Беларусі».

Пра гэты твор Свабода падрабязна расказвала год таму:

Трыптых з Лукашэнкамі прадаецца за 300 тысяч даляраў. Што думае мастак?

Спадар Панцюк-Жукоўскі кажа, што не разумее такой перастрахоўкі, бо адразу ж пасьля публікацыі матэрыялу на Свабодзе намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга накіравала ў майстэрню фатографа перазьняць трыптых. Ведамасная экспэртыза нічога крамольнага не зафіксавала.

Мастак кажа, што пра існаваньне працы ведаюць і ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Мяркуючы па тым, што ніякіх распараджэньняў наконт яе лёсу не паступала, карціна нараканьняў ня выклікала.

Таксама ён не разумее, дзе мусіць браць дазвол на тое, каб маляваць першую асобу — справа заканчваецца тым, што клеркі адфутбольваюць адзін да аднаго.

Карціны Панцюка-Жукоўскага перад выставай
Карціны Панцюка-Жукоўскага перад выставай

Гэта ня першы прыклад, калі партрэт Лукашэнкі не дапускаюць да фінальнай часткі выставы. У 2004 годзе напярэдадні імпрэзы, прысьвечанай 60-годзьдзю вызваленьня Беларусі, была забракаваная праца сябра Саюзу мастакоў Аляксандра Пуцейкі. Аўтару сказалі, што партрэт выкананы на нізкім мастацкім узроўні.

Лукашэнка на карціне Пуцейкі выступаў у вайсковай форме галоўнакамандуючага. Калі мастак незадоўга да сьмерці паказваў эскізы будучай карціны, удакладняў, што арыгінал яму не пазіраваў, пісаў паводле шырокавядомых фатаздымкаў. Падобным чынам і Панцюк-Жукоўскі ставіў на паўзу тэлезвароты Лукашэнкі, каб віртуальна перанесьціся ў ягоны кабінэт.

Што рабіць з жывапіснымі Лукашэнкамі — пытаньне. Аляксей Панцюк-Жукоўскі яшчэ спадзяецца, што экспэрты ўсё ж адкруцяць назад першапачатковае рашэньне і дапусьцяць трыптых да выставы. На перакананьне суразмоўцы, і гледачы, і адмыслоўцы павінны спакойна ўспрымаць ягоны падыход да адлюстраваньня беларускай гісторыі:

«Найважнейшыя атрыбуты любой дзяржавы — сьцяг, герб, гімн. Так склалася, што ў гісторыі Беларусі — тры сьцягі, тры гербы, тры гімны. А гэта азначае, што мы павінны аднолькава шанаваць і бел-чырвона-белы сьцяг, і сьцяг з чырвонай зоркай, і сьцяг сёньняшні. Тое ж тычыцца і „Пагоні“, і бээсэсэраўскага герба. Не хаваць па кутах, не караць, а ва ўладных кабінэтах павінны вісець тры гербы: сёньняшні па цэнтры, іншыя — недзе збоку. У прэзыдэнта ў тым ліку, у ягоным кабінэце. Тры гербы, тры сьцягі — як адлюстраваньне нашай багатай гісторыі, нашай спадчыны. Ён сёньня сядзіць пад сваім штандарам, цяперашнім сьцягам і гербам, а збоку павінна быць уся наша ранейшая гісторыя. Гэта нармальна, гэта выхоўвае народ як нацыю. Або ня так?».

Аляксей Панцюк-Жукоўскі нарадзіўся ў 1953 годзе на Палесьсі ў вёсцы Бабунічы Петрыкаўскага раёну Гомельшчыны. У 1979-м скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, ад 1988 году — сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Апошнія 30 гадоў выкладае малюнак, жывапіс і кампазыцыю ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка.

Іншыя партрэты вядомых асобаў з выставы Аляксея Панцюка-Жукоўскага. Уладзімер Мулявін (зьлева) і Ўладзімер Караткевіч
Іншыя партрэты вядомых асобаў з выставы Аляксея Панцюка-Жукоўскага. Уладзімер Мулявін (зьлева) і Ўладзімер Караткевіч
Іншыя партрэты вядомых асобаў з выставы Аляксея Панцюка-Жукоўскага. Максім Багдановіч (зьлева) і Васіль Быкаў
Іншыя партрэты вядомых асобаў з выставы Аляксея Панцюка-Жукоўскага. Максім Багдановіч (зьлева) і Васіль Быкаў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG