Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Левінава не адпусьцілі з ізалятару ў Віцебскі абласны суд


Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў каля ІЧУ, ідзе адбываць 15-суткавы арышт. Віцебск, 31 траўня 2017 году

У віцебскага праваабаронцы на 8-га чэрвеня прызначаны разгляд касацыйнай скаргі ў абласным судзе.

Учора цягам дня вырашалася, ці дазволяць арыштаванаму, які адбывае 15 сутак, бараніць свае інтарэсы ў судзе.

Урэшце вырашылі, што ў суд Паўла Левінава не павязуць, бо заканадаўствам не прадугледжана абавязковая прысутнасьць скаржніка на пасяджэньні.

Паўла Левінава пазбавілі права на абарону сваіх інтарэсаў у Віцебскім абласным судзе — так лічаць і сам праваабаронца, і ягоны брат Андрэй Левінаў, якому дазволілі спатканьне з Паўлам у ІЧУ. Спадар Андрэй распавёў Свабодзе:

«Я спрабаваў трапіць да Паўла ўжо назаўтра пасьля зьняволеньня. Але мяне не пусьцілі — запатрабавалі даверанасьць, завераную натарыюсам. Гэта парушэньне, бо я маю іншыя даверанасьці, паводле якіх мяне дапускалі нават у суд у якасьці абаронцы. Я напісаў скаргу. І вось учора намесьнік начальніка ІЧУ мне сказаў: «Няма праблем, прыходзьце!»

Паводле брата, Павал Левінаў настроены аптымістычна. Вялікіх скаргаў на здароўе праваабаронца ня мае, але на ягоную просьбу яму штодня мераюць ціск. Ціск падвышаны.

У камэры Левінаў знаходзіцца адзін, без суседзяў. Павал Левінаў абвясьціў, што на працягу свайго арышту будзе праводзіць маніторынг умоваў утрыманьня ў Віцебскім ІЧУ. Павал дзякуе ўсім за лісты і паштоўкі. Ён атрымаў ужо больш за 30 розных допісаў са словамі падтрымкі.

XS
SM
MD
LG