Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «За свабоду» адмовіўся ад цэнтральнага офісу на тры месяцы. Партыя БНФ працуе ў паўзмроку


Юрась Губарэвіч

Рух «За свабоду» на тры месяцы адмовіўся ад цэнтральнага офіса ў Менску дзеля эканоміі.

Паводле старшыні руху Юрася Губарэвіча, запазычанасьці па арэндзе памяшканьня няма, аднак ад 1 чэрвеня арганізацыя не карыстаецца сваім офісам.

«Будзем шукаць памяшканьне зь меншымі коштамі. І сканцэнтруемся на рэчах, якія патрабуюць выдаткаў на канкрэтныя мерапрыемствы і акцыі. 17 чэрвеня мы плянуем чарговае ўручэньне прэміі імя Васіля Быкава „За свабоду думкі“ ў Бычках Віцебскай вобласьці. Таксама ўлетку ў нас пройдзе летняя школа для моладзі руху „За свабоду“. Гэта тое, на што варта выдаткоўваць рэсурсы, якія ў нас ёсьць, і за кошт пэўнай эканоміі на адміністрацыйных выдатках», — сказаў карэспандэнту Свабоды Юрась Губарэвіч.

Паводле Губарэвіча, арганізацыя дзейнічае на ахвяраваньні прыхільнікаў, а эканоміць вымушана з прычыны эканамічнага крызісу.

«У краіне эканамічны крызіс, і большасьць нашых актывістаў мае пэўныя праблемы на працы з прычыны сваёй грамадзянскай пазыцыі, некаторыя людзі проста звольненыя і самі вымушаныя шукаць сродкі. А тыя, хто працуе, маюць нізкія заробкі, і гэта характэрна для ўсёй Беларусі. Спадзявацца на істотныя рэсурсы на падтрымку дзейнасьці не выпадае. Таму мы вырашылі, што тое, што маем, мы будзем пераразьмяркоўваць на канкрэтную дзейнасьць. Мы зьвярнуліся да нашага актыву і да тых, хто падтрымлівае рух „За свабоду“, з просьбай ахвяраваць на дзейнасьць. І за апошні месяц мы атрымалі больш за 800 беларускіх рублёў».

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Тым часам у офісе партыі БНФ у Менску на гэтым тыдні адключылі электрычнасьць за доўг па арэндзе памяшканьня. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч спадзяецца, што электрычнасьць дадуць у панядзелак пасьля аплаты часткі запазычанасьці, якая склала каля 8 тысяч беларускіх рублёў.

«Так, сядзім у паўзмроку. Офіс пакуль закрыты для наведваньня грамадзкасьці. Мы спадзяёмся, што нам удасца пагасіць доўг. Мы вядзем перамовы з патэнцыйнымі ахвярадаўцамі, людзі разумеюць важнасьць гэтага офісу. На дадатак мы зарэгістравалі дабрачынны рахунак, і на яго можна пераводзіць грошы праз сыстэму ЕРІП. Паступленьні ўжо пачаліся, і мы разьлічваем, што нам гэта таксама дапаможа. З наступнага тыдня офіс пачне працаваць у звычайным рэжыме.

Безумоўна, арэнда вельмі высокая. Мы накіроўвалі лісты ў дзяржаўныя органы з просьбай прымяніць да Партыі БНФ ільготны каэфіцыент. Бо відавочна мы не зьяўляемся арганізацыяй, якая сваёй мэтай ставіць здабыцьцё прыбытку. Мы працуем дзеля інтарэсу беларускага грамадзтва, беларускіх нацыянальных інтарэсаў. І гэта было б лягічна, справядліва і сумленна, калі б дзяржава дазволіла, тым больш што мы арандуем памяшканьне ў дзяржавы, наймаць памяшканьне не па камэрцыйных коштах, як гэта робяць праўладныя арганізацыі. А так арэндная плата вельмі высокая. Асабліва з улікам камунальных паслуг у ацяпляльны сэзон яна сягае больш як 3 тысяч у месяц».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG