Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улад Бумага сутыкнуў аналягавую генэрацыю зь лічбавай


Чытаю трывожныя камэнты бацькоў дзяцей і падлеткаў. «Куды коціцца сьвет?! Нейкая лухта зьбірае мільёны праглядаў на ю-тубе». Гаворка пра відэа-блогера Ўлада Бумагу

Раптам аналягавая генэрацыя сутыкнулася зь лічбавай. З той самай, для якой інтэрнэт і гаджэты для выхаду ў інтэрнэт такая ж самая ўтылітарная будзённасьць як лыжка і відэлец. Народжаныя цалкам у эпоху інтэрнэту акурат цяпер вучацца ў сярэдняй школе.

— Ці ведаеш ты Ўлада Бумагу? — пытаюся ў адзінаццацігадовага сына. Я далучыўся да бацькоўскага флэшмобу, які пабачыў у фэйсбуку: «Дазнайся хто такі Ўлад Бумага і зразумей чым ён вабіць дзяцей і падлеткаў!»

— Ён, відаць, не майнкрафцер і наагул не лэцплэйшчык, — тлумачыць сын сваё няведаньне маладога менскага відэаблогера.

Майнкрафцер — ад гульні Minecraft, лэцплэйшчык ад ангельскага выразу letʼs play — давай гуляць. То бок, чалавек, які праходзіць кампутарную гульку і адразу яе камэнтуе.

Minecraft — адна з самых папулярных гульняў у сьвеце, прынамсі, у дзяцей і падлеткаў. А лэцплэйшчык — гэта актор-самавучка, які праходзіць нейкую гульню, а цікаўныя сочаць он-лайн ці ў запісе.

Чым больш маеш падпішчыкаў, тым больш табе прапануюць грошай за рэкляму на тваім канале на ю-тубе.

На пачатку лэцплэйшчыкі былі прафэсійнымі акторамі. Так фірмы-вытворцы прасоўвалі свае камуптарныя гулькі ў сеціве. Мода прыйшла з Амэрыкі, вельмі хутка ператварылася ў субкультуру, і гэтак сама хутка — у спосаб зарабляць у сеціве камэнтаваньнем, якое ператварылася ў асобны від відэашоў. Чым больш маеш падпішчыкаў, тым больш табе прапануюць грошай за рэкляму на тваім канале на ю-тубе.

Улад Бумага шоўмэнствуе як можа і як адчувае сваю аўдыторыю. Калі меркаваць па фота і відэа з менскай сустрэчы шоў-мэна з фанатамі, аўдыторыя відавочна збольшага сярэднешкольнага ўзросту і пераважна дзявочая. Ва Ўлада больш за паўтара мільёна падпішчыкаў.

А ў самага вядомага ў расейскамоўнай прасторы відэаблогера пад псэўданімам Івангай на момант напісаньня гэтага тэксту 11 624 235 падпісчыкаў. У свой 21 год Івангай мае гадавы даход каля $300 000. Жыве ў Маскве, куды перабраўся з украінскага гораду Дняпра.

Бо калі ты хочаш стаць зоркай, мусіш добра ведаць і карыстаць расейскую ў гэтым рэгіёне Зямлі.

Мільёны хлопчыкі і дзяўчынкі мараць у будучыні стаць вялікімі відэаблогерамі. Яны мала пакуль думаюць пра заробак. Гэта прыблізнае тое самае што стаць знакамітым кінаакторам/акторкай.

Дзеці прыходзяць са школы хто ў Азіі, хто ў Эўропе ў розных краінах, і пачынаюць камунікаваць між сабою на гульнявых сайтах усімі адценьнямі акцэнтаў расейскай мовы. Бо калі ты хочаш стаць зоркай, мусіш добра ведаць і карыстаць расейскую ў гэтым рэгіёне Зямлі.

Таму калі я чарговы раз бачу як хтосьці сваімі высілкамі выдаў чарговую беларускамоўную дзіцячую кнігу з малюнкамі, я разумею, што гэта адна тысячная кроплі ў моры.

І што ва ўмовах калі дзяржава не спрыяе разьвіцьцю беларускай мовы, грамадзкімі высілкамі можна чагосьці дамагчыся толькі ў сеціве.

Крыкі «лухта!» і ў «наш час такога не было!» не дапамогуць. Каб дамагчыся, дзяцей трэба зразумець.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG