Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэральная падрадчыца ЗША арыштаваная па абвінавачваньні ў выдаваньні зьвестак


Ілюстрацыйнае фота. Штаб-кватэра Агенцтва па нацыянальнай бясьпецы ЗША
Ілюстрацыйнае фота. Штаб-кватэра Агенцтва па нацыянальнай бясьпецы ЗША

Міністэрства юстыцыі сьцьвярджае, што Рэаліці Лі Ўінэр скапіравала сакрэтныя матэрыялы ў фэдэральнай установе і пераслала іх журналістам.

Міністэрства юстыцыі ЗША абвінаваціла падрадчыцу фэдэральнага ведамства ў перасылцы сакрэтных матэрыялаў сродку масавай інфармацыі, пад якім, як сьцьвярджаюць крыніцы Reuters, разумеецца навінавы сайт The Intercept.

Прад’яўленьне абвінавачваньняў стала адным зь першых канкрэтных намаганьняў адміністрацыі Трампа ў барацьбе з уцечкамі інфармацыі ў СМІ.

25-гадовую Рэаліці Лі Ўінэр абвінавачваюць у тым, што яна вынесла сакрэтныя дакумэнты з урадавай установы ў Джорджыі. Міністэрства юстыцыі паведаміла, што яна была арыштаваная 3 чэрвеня.

Аб прад’яўленьні абвінавачваньняў было абвешчана менш чым праз гадзіну пасьля таго, як The Intercept апублікаваў зусім сакрэтны дакумэнт Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША (АНБ), у якім апісваюцца спробы расейскіх уладаў у арганізацыі кібэратакі на сама меней аднаго пастаўшчыка праграмнага забесьпячэньня для правядзеньня галасаваньня ў ЗША.

Міністэрства юстыцыі адмовілася даваць камэнтары наконт гэтай справы, пацьвердзіўшы толькі прад’яўленьне абвінавачваньняў.

У дакумэнце АНБ гаворыцца, што расейскія хакеры атакавалі пастаўшчыка праграмнага забесьпячэньня для галасаваньня за некалькі дзён да выбараў летась.

У дакумэнце адзначаецца, што хакеры праніклі ў сыстэму галасаваньня ў ЗША значна далей, чым меркавалася раней.

Сакрэтны даклад АНБ, апублікаваны інтэрнэт-выданьнем The Intercept, не згадвае пра тое, ці паўплывалі хакеры на вынікі выбараў.

У ім гаворыцца, што расейская вайсковая выведка атакавала кампанію, якая займаецца праграмным забесьпячэньнем для галасаваньня ў ЗША, і адправіла восеньню 2016 году фішынгавыя электронныя лісты больш чым 100 мясцовым службовым асобам, зьвязаным з выбарамі.

Прадстаўнікі спэцслужбаў ЗША ад камэнтароў адмовіліся.

У дакумэнце АНБ гаворыцца, што расейская вайсковая выведка «выканала апэрацыі кібэршпіянажу супраць названай кампаніі ЗША ў жніўні 2016 году, як відаць, для атрыманьня інфармацыі аб праграмных і апаратных тэхналёгіях, зьвязаных з выбарамі, згодна з інфармацыяй, якая зьявілася ў красавіку 2017 году».

Лічыцца, што хакеры затым выкарысталі дадзеныя, атрыманыя ў рамках праведзенай апэрацыі, для стварэньня новага ўліковага запісу электроннай пошты для запуску кампаніі фішынгу ва ўрадавых установах штатаў па ўсёй краіне, гаворыцца ў дакумэнце. У дакладзе не паказваецца, якія менавіта штаты маглі пацярпець ад дзеяньняў хакераў.

Інфармацыя ў апублікаваным дакумэнце зьяўляецца больш шырокай, чым студзеньская ацэнка выведслужбаў ЗША.

«Расейская выведка атрымала і падтрымлівала доступ да элемэнтаў галасаваньня і падліку галасоў выбарчых камісій на розных узроўнях», — гаворыцца ў дакладзе. Дэпартамэнт унутранай бясьпекі ЗША «лічыць, што тыпы сыстэм, на якія былі накіраваны хакерскія атакі, ня удзельнічалі ў падліку галасоў».

Выданьне The Intercept зьвязалася з АНБ і офісам дырэктара Нацыянальнай выведкі ЗША з нагоды дакладу, і абодва агенцтвы прасілі яго не публікаваць. Прадстаўнікі выведкі ЗША папрасілі The Intercept адрэдагаваць некаторыя разьдзелы дакладу. Выданьне пайшло насустрэч, паколькі частка інфармацыі была «відавочна не ў інтарэсах грамадзтва».

Associated Press не змагло пацьвердзіць сапраўднасьць дакумэнту АНБ ад 5 траўня, апублікаванага The Intercept, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG