Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як нас расейцамі зрабілі: ксёндз Лашук бароніць нацыянальнасьць продкаў


Найчасьцей беларускія «заходнія» могілкі выглядаюць так
Найчасьцей беларускія «заходнія» могілкі выглядаюць так

«Калі зайсьці на могілкі, надпісы на помніках пераважна на расейскай мове. Нават у вёсках, дзе людзі ніколі не размаўлялі на расейскай мове, на помніку ім напішуць, ці ён паляк, ці беларус, па-расейску. І імя па-расейску, і прозьвішча. Яшчэ старыя помнікі ў большасьці па-польску, а новыя, асабліва пасьля Другой сусьветнай вайны, па-расейску. Нашыя продкі ў большасьці нават не размаўлялі па-расейску, дык навошта па сьмерці зь іх расіянаў зрабілі? Можа, з могілак распачнем беларусізацыю зямлі нашай?» — такі заклік зьмясьціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку пробашч касьцёла Сьвятога Арханёла Міхала ў вёсцы Багданава Валожынскага раёну, ксёндз Ігар Лашук.

Каб давесьці сваю рацыю, ксёндз запрасіў карэспандэнтаў Свабоды прайсьціся па вясковых могілках у Багданаве.

Нямецкія могілкі — нямецкі парадак

Экскурсію ксёндз Ігар распачынае на старых «нямецкіх» могілках. Тут пахаваныя нямецкія жаўнеры Першай усясьветнай вайны. Каменнымі прыступкамі падымаемся на дагледжаны зялёны лужок: акуратна скошаная першая трава, на якой роўнымі шэрагамі невялікія надмагільлі. Надпісы ўсе па-нямецку. Ксёндз Ігар кажа, што шмат гадоў сюды езьдзяць нямецкія валянтэры.

Нямецкія могілкі заўважна розьняцца ад беларускіх
Нямецкія могілкі заўважна розьняцца ад беларускіх

«Да 90-х гадоў тут буралом быў, а цяпер — „нямецкі парадак“. Нават капліца была разбураная — усё золата шукалі», — паказвае айцец Ігар на каменную капліцу.

Помнік палеглым у Першай усясьветнай вайне
Помнік палеглым у Першай усясьветнай вайне

Але нас тут найперш цікавіць мова надмагільляў. За даўнасьцю часу нават высечаныя ў камені надпісы цяжка разабраць, і ўсё ж яны яшчэ чытэльныя. «Вось пахаваны Краўзэ Конрад. Тут — Гэнрых Фрэдр, Кларк Лювал і гэтак далей. Як немцы пахаваныя, то па-нямецку і напісана. Не па-расейску ж, хоць у той час гэта была тэрыторыя Расейскай імпэрыі», — пачынае агляд сьвятар.

Так выглядаюць надмагільлі нямецкіх жаўнераў
Так выглядаюць надмагільлі нямецкіх жаўнераў

На дадатак ксёндз Ігар прыгадвае словы ўнука вядомага беларускага мастака Фэрдынанда Рушчыца. Той унук не аднойчы прыяжджаў у Багданава, дзе пахаваны ягоны знакаміты продак. І нібыта, сьцьвярджаў, што гэтыя могілкі для немцаў — толькі месца памяці пра трагедыю Першай усясьветнай вайны. Што самі парэшткі сваіх жаўнераў немцы вывезьлі на радзіму яшчэ падчас апошняй усясьветнай вайны цягніком, які тады хадзіў: «Бэрлін — Багданава».

На беларускіх могілках — расейская ды польская мова

Ад нямецкіх пераходзім да гэткіх жа старых савецка-камунальных могілак. Па дарозе ксёндз Ігар апавядае гісторыю рэлігійнага жыцьця і пахаваньняў у ваколіцах Багданава:

Касьцёл у Багданаве, які рамантуе ксёндз Ігар
Касьцёл у Багданаве, які рамантуе ксёндз Ігар

«У нас тут ёсьць і яшчэ нядаўна дзейнічала царква стараабрадцаў — тых старавераў, якія ўцякалі ад царскіх уладаў у Рэч Паспалітую. Гэта былі загартаваныя ў расейскім духу людзі, але зь іх нашчадкаў засталася толькі адна бабулька ў вёсцы Масьцішча ды некалькі сем’яў па розных вёсках. Дарэчы, жыхаркай той вёскі засталася таксама яшчэ адна бабулька-каталічка, якую незадоўга перад сваім ад’ездам наведваў папскі нунцый Кляўдыё Гуджэроцьці».

Могілкі даглядаюць мясцовыя вернікі
Могілкі даглядаюць мясцовыя вернікі

Тым часам падымаемся да «беларускіх» могілак. Першыя ж тут пахаваньні — сямейныя помнікі з расейскамоўнымі надпісамі: «Чеслав Станиславович», Валентина Валентиновна«. «Тут ня тое што расейскія стараабрадцы — праваслаўных тут вельмі мала — каталікі. Гэтыя людзі ніколі не размаўлялі па-расейску, але помнікі падпісаныя на расейскай мове», — кажа ксёндз Ігар.

Бальшыня надпісаў — па-расейску
Бальшыня надпісаў — па-расейску

Праз два крокі пахаваньне яшчэ адной сям’і, дзе надпісы зробленыя ўжо на польскай мове: «Kazimierz і Helena». «Відавочна гэта былі каталікі, якія былі палякамі альбо лічылі сябе палякамі. Прынамсі, напісана па-польску і без памылак. Яны таксама размаўлялі па-беларуску, але на помніках пісалі па-польску. Чым пазьнейшыя пахаваньні, тым часьцей і ў каталікоў можна пабачыць надпісы па-расейску. Вось побач пахаваны сын гэтых людзей, але падпісаны ўжо па-расейску — «Петр Казимирович».

На старых пахаваньнях ёсьць надпісы нават на лаціне
На старых пахаваньнях ёсьць надпісы нават на лаціне

Асабліва паказальным на беларускіх могілках аказалася пахаваньне Яна і Ганны: за адной агароджай два помнікі на дзьвюх мовах — польскай і расейскай. «Беларусаў тут нібы няма, як бы і не было ніколі», — падсумоўвае сьвятар.

Помнік мужу і жонцы з надпісамі па-польску і па-расейску, але не па-беларуску
Помнік мужу і жонцы з надпісамі па-польску і па-расейску, але не па-беларуску

Па-расейску ня ўмелі размаўляць, але нашчадкі зрабілі іх расейцамі

Праз дарогу ад старых савецка-камунальных пахаваньняў пераходзім да сучасных вяскова-сельсаветаўскіх могілак. Каталіцка-праваслаўную талеранцыю сымбалізуюць два шматмэтровыя крыжы на ўваходзе: з адной і дзьвюма перакладзінамі. «Вось „Ядвига Брониславовна“ — яна праз усё сваё жыцьцё ніколі не размаўляла на расейскай мове. Альбо вось гэты „Вацлав“ — яны нават ня ўмелі размаўляць па-расейску. Але нашчадкі зрабілі іх расейцамі», — кажа ксёндз Ігар.

Сямейныя пахаваньні найчасьцей двухмоўныя — расейска-польскія
Сямейныя пахаваньні найчасьцей двухмоўныя — расейска-польскія

Блуканьні паміж каменна-мэталёвымі, бэтонна-цаглянымі і мармуровымі помнікамі, крыжамі ды агароджамі ў пошуках беларускай мовы ўсё ж далі плён: першы помнік роднай мовай узгадаў Іосіфа Ўладзіміравіча. «Ну дзякаваць Богу!», — з палёгкай уздыхае ксёндз.

Беларускамоўных помнікаў адзінкі
Беларускамоўных помнікаў адзінкі

Пачынаем рухацца да выхаду: «Мне нават сорамна», — прызнаецца сьвятар. — Калі б прайшлі ўсе могілкі, то, можа, пяць бы яшчэ беларускамоўных помнікаў знайшлі — ня больш. 90% тут — дакладна на расейскай мове.

Беларускія надпісы, трэба доўга шукаць
Беларускія надпісы, трэба доўга шукаць

«Мова ж, як вядома, мае захопніцкі характар — навучыць пэўнай мове — значыць сьцерці адрозьненьні паміж дзяржавамі і адна можа захопліваць іншую. Прыйдуць „людзі з усходу“ і скажуць: дык тут нават на могілках усё па-расейску. Тут Расея, бо нічога беларускага няма. І ты дакажы, што гэта няпраўда. Дакажы, што гэта іншая дзяржава», — кажа сьвятар. Пры ўваходнай браме ксёндз Ігар спыняецца зноў — адмаўляе малітву за памерлых: «Вечны адпачынак дай ім, Пане...»

Маліцца на могілках за памерлых — абавязак сьвятара і кожнага верніка
Маліцца на могілках за памерлых — абавязак сьвятара і кожнага верніка

«Я шаную расейскую мову — як адну сярод іншых моў, і ня больш за тое»

«Бедныя беларусы — то па-польску пішуць, то па-расейску, але не па-беларуску», — кажа сьвятар.

Звыклыя надпісы на пахаваньнях у «заходнікаў»
Звыклыя надпісы на пахаваньнях у «заходнікаў»

«Бачыце, калі на гэтых „крэсах“ была Польшча, то пісалі па-польску. Калі стала саветчына — пачалі па-расейску, бо падпісвалі на мове чыноўнікаў — і цяпер, хоць жывём у Рэспубліцы Беларусь. А цікава, хіба чыноўнікам цяжка вывучыць другую ці нават першую дзяржаўную мову, бо амаль паўсюль, дзе ні звяртаюцца да людзей у Беларусі прамаўляюць чамусці па-расейску? Што тычыць помнікаў, то дзякуючы працы каталіцкага Касьцёлу апошнімі часамі гэтая тэндэнцыя зьмяняецца, і досыць моцна. Я толькі да сёньня не магу зразумець: чаму мы дагэтуль маўчалі адносна помнікаў, не закраналі гэтую тэму?» — разводзіць рукамі сьвятар.

Молімся па-беларуску, а надмагільлі расейска-польскія
Молімся па-беларуску, а надмагільлі расейска-польскія

«Калі я вучыўся ў БДУ на журфаку, то нам так проста выкладчыкі казалі: ніколі беларусы ня будуць размаўляць на расейскай мове, як бы ні вылузваліся, — працягвае сьвятар. Але ж у нас намагаюцца вылузвацца, каб дасягнуць нейкай „вышэйшай“ мовы. Дык вышэйшая — толькі мова Божай любові, а астатнія мовы роўныя. Таму я і кажу: я шаную расейскую мову — як адну сярод іншых моваў — і ня больш таго. А мая мова родная — беларуская і я з гэтым нічога не зраблю. Патрыятызм — гэта вельмі добрая якасьць, падкрэсьліваю — патрыятызм».

Мова помнікаў — гэта стаўленьне ўсяго грамадзтва да мовы і культуры, гісторыі і продкаў, — перакананы сьвятар

Хоць і з памылкамі, але па-беларуску
Хоць і з памылкамі, але па-беларуску

«Разгортваем кнігі хростаў, шлюбаў — і мы бачым мову, на якой размаўлялі, пісалі жыхары гэтых месцаў у XІХ і ў ХХ стагодзьдзях. А што пабачаць нашчадкі? Калі тут напісана па-польску — значыць, тут жылі палякі. Калі па-расейску — значыць, расейцы. Скажаце, жылі тут беларусы — а дзе беларусы? Паглядзіце — дзе тут ёсьць штосьці беларускае? Тут жа ўсё па-расейску напісанае!... Сёньня мы адкрываем Беларусь для турыстаў: адкрываем унікальную архітэктуру, культуру, але ёсьць жа і свая самабытная мова. Чаму мову мы не адкрываем?»

Перш, чым пакінуць могілкі, ксёндз Ігар ізноў прамаўляе малітву «Анёл Панскі » за супакой душаў усіх пахаваных. А перад гэтым дадае:

«Нават, калі ты нічога не зрабіў — ня змог зрабіць для бацькаўшчыны свае — два радкі, напісаныя на помніку сваіх бацькоў, дзе ў тваёй уладзе было напісаць,— зробяць за цябе ўсё самі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG