Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны былі першыя. Самуіл Жытлоўскі


Самуіл Жытлоўскі
Самуіл Жытлоўскі

Жытлоўскі Самуіл Яўсееў. Нарадзіўся 30.09.1870 у Віцебску. Дата і месца сьмерці невядомыя.

Зь вялікай сям’і Жытлоўскіх самым знакамітым стаў старэйшы зь дзяцей, Хаім. Яму дзед Шнэур-Залман, чый партрэт пісаў сам Ю. Пэн, сказаў, што сацыялізм не пярэчыць габрэйскім законам. І ўнук стаў вядомым сацыялістам, аўтарам шэрагу працаў у нацыянальным пытаньні. Без артыкулу пра яго не абыходзіцца ніводная габрэйская энцыкляпэдыя. Менавіта Хаім, які на пачатку 1920-х жыў у Злучаных Штатах, рэкамэндаваў кандыдатуру свайго брата Самуэля для працы ў структурах БНР.

Бацька братоў Жытлоўскіх, Яўсей, якога называлі таксама Іосіфам (Восіпам), гандляваў лесам. Пачынаў сваю справу ён ва Ўшачах, затым пераехаў у Віцебск, дзе ў 1890-х узначальваў габрэйскую грамаду. Сын яго Самуіл, як і належала хлопчыкам, перш вучыўся ў хэйдары, а потым бацька адправіў яго ў Аляксандраўскае рэальнае вучылішча ў Смаленску, дзе выкладалі і асновы камэрцыйных навук. Акрамя камэрцыі, Самуіл вывучаў права (быў вольным слухачом у Маскоўскім унівэрсытэце) і музычнае мастацтва. У1899 ён скончыў Маскоўскую кансэрваторыю па клясах скрыпкі і тэорыі музыкі.

Вярнуўшыся ў Віцебск, выкладаў музыку і разам зь сястрою Розай-Рахільлю (раяль) ды зубным лекарам Эфронам (віялянчэль) наладжваў канцэрты, стаў заснавальнікам таварыства аматараў прыгожых мастацтваў у горадзе. Заняткі музыкай спалучаў з заняткамі камэрцыяй і дабрачыннай дзейнасьцю. У 1909 ці то ў 1910 пераехаў у Маскву. Як і ў Віцебску, у Маскве таксама вёў актыўную грамадзкую дзейнасьць.

Бальшавіцкі пераварот змусіў яго пакінуць «першапрастольную» і рушыць на захад — у Вільню, а потым у Коўна.

У нас няма дакладных зьвестак, калі Жытлоўскі пачаў працаваць у кабінэце В. Ластоўскага. Вядома, што 18.03.1921 А. Цьвікевіч называў яго намесьнікам міністра фінансаў БНР. З архіўных матэрыялаў вядома таксама, што прынамсі ў верас.—кастр. 1921 Жытлоўскі выконваў абавязкі міністра гандлю і прамысловасьці. І вядома таксама, што з сак. 1921 ён займаў пасаду міністра нацыянальных меншасьцяў БНР. У сувязі з гэтым прызначэньнем К. Езавітаў пісаў з Рыгі, што Жытлоўскага, каб ня крыўдзіліся беларускія палякі і расейцы, лепш было б прызначыць не міністрам нацыянальных меншасьцяў, а міністрам «Жыдоўскіх спраў» і міністарм фінансаў. У нечым Езавітаў меў рацыю, бо новаму міністру найбольш даводзілася працаваць з габрэямі. І сам Жытлоўскі ў канцы 1921 у лісьце да Ластоўскага прызнаваўся, што яму даводзілася тараніць многа сьценаў, але самай цьвёрдай для яго стала габрэйская. І гэта нягледзячы на тое, што зь першых крокаў і Рада, і Ўрад БНР рабілі усё ад іх залежнае, каб палагодзіць беларуска-габрэйскія адносіны. І нягледзечы на тое, што ў трэцюю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Жытлоўскі падпісаў беларуска-габрэйскі акт з 7 пунктаў, якім вызначаліся прынцыпы супрацы двух народаў у дэмакратычнай Беларусі.

Яму давялося шмат езьдзіць. Улетку 1921 у Бэрліне ён сустракаўся з былым міністрам фінансаў Украіны Х. Бараноўскім, у Нюрнбэргу засноўваў Літоўска-беларускі таварны банк (які лёс гэтага праекту, невядома), у верас. ён выехаў у Карлсбад на XII кангрэс сіяністаў. Ён ставіў перад сабой задачу пераканаць сусьветнае габрэйства дапамагчы Ўраду БНР у яго барацьбе за незалежную Беларусь. Ён падрыхтаваў адпаведны даклад кангрэсу, актыўна працаваў з прэсай, прыцягнуў на дапамогу выдатнага габрэйскага пісьменьніка, шклоўца З. Шнэура, зацікавіў беларускай справай клясыка габрэйскай літаратуры, былога вучня Валожынскга ешыбота Х. Н. Бяліка... Але ці можна было спадзявацца на посьпех пасьля таго, як у Рызе быў падпісаны пакт аб падзеле Беларусі?

Можна прачытаць, што Жытлоўскі пайшоў у адстаўку разам з кабінэтам Ластоўскага (20.05.1923). Аднак сваю прабеларускую дзейнасьць ён не спыняў і пасьля адстаўкі. У кастр. 1923 газэта «Dzennik Gdański» пісала, што аселы ў Данцыгу Жытлоўскі вядзе антыпольскую і антыбальшавіцкую прапаганду. Газэта адзначала, што Жытлоўскі хоча найперш зьвярнуць увагу Захаду на габрэйскія пагромы ў Польскай Рэспубліцы і імкнецца да ўтварэньня Беларускай дзяржавы. «Dzennik Gdański» спадзяваўся, што ўлады вольнага гораду Данцыгу не дадуць Жытлоўскаму заснаваць свой офіс і весьці «антыпольскую прапаганду».

У 1924 «органы» занесьлі прозьвішча Жытлоўскага ў сьпіс дзеячаў «белорусского националистического движения». У ім адзначалася, што ў 1920 Жытлоўскі прадстаўляў габрэйскія арганізацыі на «белорусском контрреволюционном политическом совещании», а таксама быў сябрам Беларускага эканамічнага бюро ў Празе. Гэтыя моманты зь біяграфіі Жытлоўскага дасьледчыкам яшчэ трэба будзе вывучыць. Як і высьветліць нарэшце далейшы ягоны лёс. Пакуль жа лічыцца, што Жытлоўскі мог выехаць на Захад і што дапамог яму ў гэтым брат Хаім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG