Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Георгій Скарына быў ўласнасьцю СССР і партыі. Як уласнасьцю савецкай улады быў любы грамадзянін зь «сярпаста-малаткастым» пашпартам. Вельмі партыя супрацівілася, каб ён быў не Георгіем, а Францыскам.

Як вядома, сёньня вырашае адзін чалавек — каму прышпіліць ордэн Францыска (Георгія) Скарыны. З савецкіх часоў мала што памянялася, першадрукар — уласнасьць начальства. Як захоча, так і зробіць.

У далёкім 1984-м партыйная ўлада з рэўнасьцю ставілася да спробаў эміграцыі вывучаць і пісаць пра Скарыну. Гэтым годам пазначаны навукова-рэфэратыўны бюлетэнь Акадэміі навук з грыфам «для службовага карыстаньня» і нумарацыяй кожнага асобніка. Першая частка — гэта «Франциск Скорина. Исследования за рубежом». Калі я пасьля разьмеркаваньня накіроўваўся ў Горадню, мне яго даў Ігар Гермянчук, тады карэспандэнт газэты «Голас Радзімы». Чый гэта асобнік, для мяне сакрэту не было.

Задача зборніка выдатная — даваць зьвесткі аб бягучых дасьледаваньнях Скарыніяны, недаступных для большасьці. Першае: яны друкаваліся за мяжой. Другое: калі траплялі ў БССР, то ў спэцхран. Значыць, мелі прысмак забароненасьці, крамолы. Аб гэтым і ва ўступе — што аўтары пад вокладкай «раскрываюць фальсыфікацыю беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі, якія спэкулююць імем вялікага беларускага першадрукара, палітыкі КПСС у галіне культурна-гістарычнай спадчыны».

Вось так: Скарына і КПСС. А першым тэкстам, які ў зборніку, ёсьць рэцэнзія на агляд Дж.Садоўскім скарынаўскіх дасьледаваньняў пасьля ІІ Сусьветнай вайны. Месца публікацыі: «Запісы», 1983, N17. Ён лічыць, што толькі пасьля вайны сталі вывучаць па-сур’ёзнаму! А-я-яй. І пачынае з артыкула Віцьбіча. Самым аўтарытэтным дасьледчыкам Садоўскі называе Тумаша, які свае тэксты падпісваў псэўданімам Сымон Брага. Між іншым, дваццаць год таму я ў Празе зь піетэтам чытаў у «Запісах» тэксты Тумаша, нават перапісваў сабе ў нататнік, настолькі яны сталі для мяне адкрыцьцём. Ён склаў бібліяграфію зьвязаных з першадрукаром публікацый, гэта 1200 назваў!

Словам, усё цікава, адно што Садоўскі называецца раз-пораз буржуазным дасьледчыкам, а сам Тумаш — нацыяналістам, буржуазным, само сабой. Без ярлыкоў ніяк. Пазьней мы ў гэтым зборніку яшчэ даведаемся, што ён таксама і антысаветчык і антыкамуніст.

У наступнай рэцэнзіі разьбіраецца новая праца Тумаша з тых жа «Запісаў», за 1977 год. І тут яму трапляе на арэхі больш сур’ёзна. Чаму кніг Скарыны мала захавалася? Даўно выдадзеныя, малыя наклады. Канфіскацыі, часам варожае стаўленьне. Усё правільна. Але Тумаш адначасова «не шкадуе чорнай фарбы для скажэньня палітыкі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году у галіне духоўнай культуры народу». Маўляў, лякальны пралік ён спрабуе выдаць за плянамерную «бальшавіцкую сыстэму». Хаця, калі я чытаў, мне думалася: сам за сябе гаворыць факт, што выданьні Скарыны ёсьць дзе заўгодна, а на апошнім месцы Беларусь.

І зноў пад прыцэлам тэкст таго ж самага эмігранцкага дасьледчыка. Пра кніжныя гравюры. Пачынаецца так, што хоць адразу стаў на ім крыж: «Артыкул Тумаша тэндэнцыйны, што перашкаджае прыняцьцю большасьці сьцьвярджэньняў яго аўтара». Чаму? Таму што «яўна перабольшвае нямецкі ўплыў на гравюры “Малой падарожнай кніжкі”».

Яшчэ больш па-баявому распачаў свой агляд скарынаўскай тэмы ў іншым эмігранцкім выданьні, ненавуковым, рэцэнзэнт Загорскі: «Выходзячая ў Нью-Ёрку антысавецкая газэта «Беларус», якую выдаюць цесна зьвязаныя з ЦРУ і ягоным рупарам — радыёстанцыяй «Свабода» — беларускія нацыяналісты, прымае актыўны ўдзел у ажыцьцяўленьні ідэалягічных дывэрсій супраць БССР».

З-пад пяра Загорскага выйшаў клясычны прыклад ідэалягічнай крытыкі. Дазволю сабе яшчэ працытаваць рэцэнзэнта, які не прымае газэту «Беларус»: «Орган абаснаваўшыхся за акіянам недругаў сацыялістычнай рэвалюцыі імкнецца грубейшым чынам фальсіфікаваць ленінскую нацыянальную палітыку КПСС, паказаць у найбольш непрыглядным выглядзе вялікія заваёвы беларускага народу за гады Савецкай улады».

Чым не дагадзіў нью-ёрскі «Беларус»? Тым, што «антысавеччыкі ня грэбуюць ніякімі прыёмамі і мэтадамі: тут і замаскаваная мана, і падтасоўка фактаў» і нават «вычварэнскае талкаваньне твораў выдатных прадстаўнікоў беларускай літаратуры і культуры». Словам, абараніў Янку зь Якубам, заступіўся за грамадзтва разьвітога сацыялізму ў БССР, якое «Беларус» ачарняе, спэкулюючы на імені першадрукара.

Яны там за акіянам наогул на кожным кроку «клявешчуць»! Помнік Скарыну паставілі ў Полацку нарэшце, дык зноў дрэнна! Кажуць, што пяцьдзесят гадоў марудзілі. І што аднаго мала! Трэба яшчэ каб у Вільнюсе і ў Празе! Пры гэтым «нацыяналістычны орган» сталіцу старажытнай літоўскай дзяржавы горад Вільнюс абвяшчае «беларускай зямлёй»! «Газэта беларускіх нацыяналістаў, якая выдаецца на грошы ЦРУ… бесцырымонна скажае гісторыю аднаўленьня народнай улады на літоўскай зямлі».

«Домыслы нацыяналістаў», «антысавецкія выпады», «нацыяналістычнае балота» — такая вось рэцэнзія. Змаганьне за Скарыну рэцэнзэнт завяршае на высокай ноце, каварным прыёмам імпэрыялістычнай прапаганды ён супрацьпастаўляе сьвежую пастанову ЦК «Аб ходзе выкананьня рашэньняў чэрвеньскага (1983 г.) пленума ЦК КПСС у Армянскай рэспубліканскай партыйнай арганізацыі», якая закліканая была фармаваць у працоўных высокую палітычную «бдительность». Можна сказаць, закончыў на гары Арарат. Што й казаць, абараніў заваёвы Кастрычніка і гонар правільнага скарыназнаўства, савецкага.

Та-ак, першадрукару напэўна ў труне мулка рабілася ад такой заўзятай барацьбы за ягоную спадчыну, да якой цягнуліся прагныя рукі нацыяналістычнага органу.

Рэспэкт Вітаўту Тумашу, ён жа Сымон Брага, зборнік, выдадзены Акадэміяй навук БССР для службовага карыстаньня, пабудаваны пераважна на ягоных дасьледаваньнях, а таксама на публікацыях Янкі Запрудніка. Што б бязь іх рабілі савецкія рэцэнзэнты?

Вокладка навукова-рэфэратыўнага бюлетэню Акадэміі навук з грыфам «для службовага карыстаньня»
Вокладка навукова-рэфэратыўнага бюлетэню Акадэміі навук з грыфам «для службовага карыстаньня»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG