Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Міцкевіч узначаліў Беларускі саюз юрыстаў

абноўлена

Валеры Міцкевіч
Валеры Міцкевіч

Намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Валеры Міцкевіч абраны старшынём саюзу юрыстаў.

Такое рашэньне прынята 2 чэрвеня на чарговым зьезьдзе Беларускага рэспубліканскага саюзу юрыстаў, што прайшоў у Менску, паведамляе БелТА.

Валеры Міцкевіч зьмяніў на гэтай пасадзе Віктара Камянкова, які ўзначальваў арганізацыю больш за 10 гадоў.

З чэрвеня 2009 году Валеры Міцкевіч — намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Камэнтуючы карэспандэнту Свабоды абраньне Валерыя Міцкевіча старшынём Саюзу юрыстаў, праваабаронца, юрыст Гары Паганяйла сказаў:

«Саюз юрыстаў — гэта праўладная грамадзкая арганізацыя, пра існаваньне якой мала ведаюць неспэцыялісты, то бок грамадзкасьць.

Валеры Міцкевіч — прафэсійны юрыст, доўгі час зьяўляецца намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Якраз там ён курыраваў пытаньні праваахоўных органаў — судоў, адвакатуры, натарыяту. Ён мае пэўныя адносіны да падбору кадраў судзьдзяў, да пытаньняў выданьня прававых нарматыўных актаў за подпісам прэзыдэнта.

Як юрыст ён граматны і талковы. Іншая справа, ці зможа ён удыхнуць у гэтую грамадзкую арганізацыю новыя справы і ідэі.

Ня думаю, што гэта папярэднічае яго сыходу з Адміністрацыі. Ён адносна яшчэ малады. Але сама арганізацыя — ціхая, глухая, якая сябе ў грамадзтве ніяк не праявіла. Мы зь ёй апынуліся далёка і па розныя бакі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG