Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп можа не пасьпець выйсьці з Парыскага пагадненьня, — лідэрка беларускіх «Зялёных»


Анастасія Дарафеева, архіўнае фота
Анастасія Дарафеева, архіўнае фота

Анастасія Дарафеева перакананая, што заява Трампа выхад ЗША з Парыскага пагадненьня мабілізавала астатні сьвет.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб выхадзе ЗША з Парыскага пагадненьня аб супрацьдзеяньні глябальнаму пацяпленьню. Рашэньне выклікала абурэньне лідэраў краінаў сьвету і кіраўнікоў буйных карпарацыяў.

Але лідэрка беларускай партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева ня бачыць у рашэньні Трампа катастрофы: «На самой справе, мы даволі аптымістычна глядзім на гэта. Па-першае, у сьвеце акрамя Штатаў і яшчэ дзьвюх краінаў (яшчэ Сырыя і Нікарагуа) усе краіны заявілі пра сваю прыхільнасьць пагадненьню і пра тое, што будуць працягваць яго выконваць. Гэта наадварот мабілізавала ўвесь астатні сьвет.

А па-другое, працэс выхаду з пагадненьня займае больш за тры гады. Хутчэй за ўсё, верагодна, што Трамп проста тэхнічна не пасьпее за час свайго прэзыдэнцкага тэрміну зь яго выйсьці. Наступны прэзыдэнт зможа гэты працэс павярнуць, калі будзе такая палітычная воля. Мяркуючы па рэакцыі, якая адбываецца ў самой Амэрыцы, гэта будзе галоўны трэнд.

«Няма пляну Б, бо няма плянэты Б»: эўрапейскія лідэры крытыкуюць Трампа за выхад з Парыскага пагадненьня

Цяпер ужо больш за 70 мэраў розных гарадоў сказалі, што не зьбіраюцца пагаджацца з гэтым выхадам, зьбіраюцца прытрымлівацца пагадненьня на рэгіянальным узроўні, гарадоў і муніцыпалітэтаў. І на ўзроўні штатаў цяпер вядзецца такая праца (штаты Каліфорнія, Нью-Ёрк і Вашынгтон стварылі Кліматычны альянс, яшчэ 7 штатаў выказаліся на момант публікацыі ў падтрымку Парыскіх пагадненьняў. — РС). Шмат буйных карпарацыяў і кансорцыюмаў таксама заявілі, што будуць рабіць усё, каб працягваць пераход на нізкавугляродны шлях разьвіцьця эканомікі.

Напэўна, гэта больш бязглузды палітычны маніфэст, чым тое, што паўплывае на працяг працы з Парыскім пагадненьнем.

Беларусь падпісала Парыскі пратакол. Што гэта значыць?

Выхад ЗША з пагадненьня o прынцыпе не паўплывае на Беларусь, якая, дарэчы, праявіла волю і падпісала Парыскі пратакол 30-й са 195 краінаў (падпісалі 195 краінаў, ратыфікавалі на момант публікацыі 148. — РС). Беларусь усё ж уваходзіла ў гэтае пагадненьне, знаходзячыся больш у эўрапейскіх працэсах, а Эўразьвяз сваю пазыцыю выказвае даволі адназначна: усё будзе працягвацца. Вельмі малаверагодна, што Беларусь будзе прадпрымаць нейкія меры, паўтараючы за ЗША. Хочацца верыць, што ў гэтым сэнсе ў Беларусі нічога ня зьменіцца".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG