Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма ніякіх падстаў асьцерагацца, што Расея пакіне частку свайго кантынгенту ў Беларусі, — «саюзны» чыноўнік


Рыгор Рапота

«Дапушчэньні, што Расея плянуе пакінуць частку свайго кантынгенту на тэрыторыі Беларусі пасьля сумесных вучэньняў „Захад-2017“, не адпавядаюць рэальнасьці», — сказаў Інтэрфаксу дзяржаўны сакратар «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі Рыгор Рапота.

Такім чынам «на палях» Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму пракамэнтаваў «саюзны» чыноўнік асьцярогі шэрагу краінаў НАТО, што, паводле некаторых дадзеных, Расея мяркуе пакінуць свае войскі ў Беларусі, як толькі завершацца вайсковыя манэўры.

«Падставаў для гэтага ніякіх няма, як няма падобных плянаў», — запэўніў Рапота. Па яго словах, такія рэчы так ня робяцца — «прыехалі і засталіся».

«Нават каб такі намер раптам і быў, бакі мусілі б падпісаць адпаведнае міждзяржаўнае пагадненьне, якое было б апублікаванае. Вучэньні праводзяцца ня першы год, нічога незвычайнага ў іх няма», — сказаў Рапота.

Ён дадаў, што калі аналягічныя вучэньні арганізуюцца на тэрыторыі Расеі, туды перакідваецца значны кантынгент беларускіх вайскоўцаў. Але па іх завяршэньні жывая сіла і тэхніка вяртаюцца назад.

«Калі вучэньні праводзяцца на тэрыторыі Беларусі, адбываецца тое ж самае — расейскія вайскоўцы вяртаюцца на месца пастаяннага базіраваньня», — сказаў дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG