Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Эстоніі: Беларусь відавочна хоча міжнародных назіральнікаў на «Захад-2017»


Керсьці Кальюлайд

Прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд адказала на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC 2017 у Браціславе.

Пра вучэньні «Захад-2017»

Мы ня бачым фізычнай пагрозы ніводнай краіне NATO. Стрымліваньне з боку NATO заўсёды было адэкватным, прапарцыйным, і ў яго стопрацэнтная гісторыя посьпеху. Таму мы не разглядаем гэта як пагрозу. Але гэта ня значыць, што мы не павінны быць падрыхтаваныя. Нам трэба ўважліва сачыць, што адбываецца на другім баку. Мы павінны настойваць, каб Расея дзялілася інфармацыяй пра свае вучэньні, як вызначана ў міжнародных пагадненьнях. Там вызначана, што калі вучэньні дастаткова вялікія, дык трэба запрашаць назіральнікаў зь іншых краінаў.

Пра заяву міністра абароны Эстоніі, што вучэньні могуць стаць «квітком у адзін бок» у Беларусь для расейскіх вайскоўцаў

Мы, напрыклад, заўважылі, што Беларусь сёлета абвясьціла, што там у вучэньнях будуць удзельнічаць 13 тысяч чалавек. Гэта якраз парог, які патрабуе міжнароднага назіраньня. Звычайна колькасьць удзельнікаў была крыху ніжэйшай — напрыклад 12,850. Гэта паказвае што беларускі бок відавочна хоча прысутнасьці міжнародных назіральнікаў.

Пра адносіны паміж Беларусьсю і Эўразьвязам

Эўразьвяз — выдатная арганізацыя ў тым сэнсе, што ён ніколі не зьняверваецца ні ў кім з сваіх суседзяў. Калі ёсьць магчымасьць спрыяць вяршэнству закону і дэмакратычным каштоўнасьцям, Эўразьвяз заўсёды гатовы да збліжэньня. Могуць адбыцца дыскусіі пра спрашчэньне візавага рэжыму — пакуль гэтага няма, але гэта можа стаць наступным крокам. Калі Эстонія будзе страшыняваць у Радзе Эўразьвязу, адбудзецца саміт «Усходняга партнэрства». Да саміту мы абмяркуем сытуацыю з усімі партнэрамі па Эўразьвязе і пабачым, якія канкрэтныя крокі могуць быць для кожнай краіны-ўдзельніцы «Усходняга партнэрства». Але, вядома ж, цяжка ня быць скептычнымі, калі так доўга назіраеш за Беларусьсю.

Пра магчымасьць для Беларусі далучыцца да Эўразьвязу

Пару тыдняў таму ў Таліне вярхоўная прадстаўніца [Эўразьвязу] Фэдэрыка Магерыні сказала, што краіны на мяжы з Эўразьвязам, якія маюць жаданьне аднойчы далучыцца да ЭЗ, павінны кіравацца вяршэнствам закону і рабіцца разьвітымі дэмакратыямі. І калі яны такімі зробяцца, дык аднойчы дзьверы могуць адчыніцца. Гэта было ў адказ на пытаньне пра Грузію, але яна таксама сказала, што на яе думку Эўропейкі кантынэнт павінен быць разам. Таму вядома ж, гэта магчыма, калі паглядзець у больш далёкую будучыню. У той жа час даволі ясна, што ў кароткай пэрспэктыве такая дыскусія не разглядаецца, і гэтым краінам не прапануюць такой пэрспэктывы. Але гэта абсалютна ня значыць, што самі гэтыя краіны ня могуць дэмакратызавацца. Менавіта так Эстонія пачынала свае пераўтварэньні, закладаючы правільны дэмакратычны падмурак. Гэта ў любым выпадку трэба самім краінам.

Пра магчымасьць вяртаньня санкцыяў, калі Беларусь вернецца да ранейшай сытуацыі з палітвязьнямі

Гэта будзе абмяркоўвацца і вырашацца партнэрамі па Эўразьвязе. Для мяне галоўная лякмусавая паперка, каб вызначыць, ці сапраўды краіна выбрала дэмакратычны шлях, гэта два фактары — адсутнасьць палітвязьняў і магчымасьць выйграваць судовыя справы ў дзяржавы. Мой добры сябра Эд Лукас [журналіст брытанскага выданьня The Economist] некалі сказаў мне гэта, і ад таго часу я карыстаюся ягоным тэстам. Мая асабістая пазыцыя ў тым, што калі сапраўды ёсьць палітвязьні, дык адназначна трэба рабіць захады ў адказ. Але Эстонія гэта парлямэнцкая дэмакратыя, і пазыцыі дзяржавы прапануюцца ўрадам і ўхваляюцца парлямэнтам.

Цалкам інтэрвію з прэзыдэнткай Эстоніі Керсьці Кальюлайд чытайце на нашым сайце на наступным тыдні.

  • 16x9 Image

    Аляксей Знаткевіч

    Нарадзіўся ў вёсцы Дашкаўка Магілёўскага раёну. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Ўнівэрсытэт Паўночнай Караліны ў Чэпэл-Гіле (ЗША). Быў рэпарцёрам і рэдактарам інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН», а таксама карэспандэнтам у Беларусі Інтэрнэт-часопісу «Transitions Online». Літаратурныя тэксты і пераклады з ангельскай і чэскай моваў друкаваліся ў часопісе Arche.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG