Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам раіцца з «Гавары праўду» наконт вуліцы Васіля Быкава


Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

Кіраўніцтва Менгарвыканкаму пацікавілася ў «Гавары праўду», якую вуліцу сталіцы яны перайменавалі б у гонар Быкава. Пра такі эпізод зь сёньняшняй сустрэчы лідэраў грамадзкай арганізацыі з намесьнікам старшыні сталічнага гарвыканкаму Ігарам Юркевічам Свабодзе сказала Тацяна Караткевіч:

«Спадар Юркевіч — новы чалавек у кіраўніцтве сталічнага гарвыканкаму. Ён зьмяніў Ігара Карпенку, якога ўсе ведалі лепш. Таму мне падалося, што пытаньне аб тым, што ў Менску павінны быць вуліцы Быкава, Барадуліна і Бураўкіна, для Юркевіча было нечаканым.

Мы расказалі яму гісторыю пытаньня і падкрэсьлілі, што наша прапанова трапляе ў цяперашнія трэнды аб пабудове незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. І імёны славутых пісьменьнікаў вельмі добра кладуцца ў гэтае рэчышча. Мы тлумачылі, што гэта вельмі важна. І пакінулі адпаведны пісьмовы зварот.

Мы згадалі, што ў свой час „Гавары праўду“ сабрала 100 тысяч подпісаў жыхароў Беларусі за тое, каб у Менску зьявілася вуліца імя Васіля Быкава. Нагадалі, што зьбіраліся подпісы і за тое, каб адна з новых станцыяў менскага мэтро атрымала імя славутага пісьменьніка.

Ігар Юркевіч запытаўся, якую вуліцу, на наш погляд, можна было б перайменаваць. Мы адказалі: Ульянаўскую. Для гэтага ёсьць дзьве падставы. Па-першае, яна ў самым цэнтры гораду. Па-другое, на ёй няшмат жылых дамоў, таму і нязручнасьці для жыхароў мінімальныя.

Мы прадметна абмяняліся думкамі. І гэта добра».

Тацяна Караткевіч сказала Свабодзе, што кіраўніцтва «Гавары праўду» і раней спрабавала кантактаваць з кіраўніцтвам Менскага гарвыканкаму:

«Але з гэтага нічога не атрымлівалася. Казалі, што трэба запісацца на прыём як мінімум за тры месяцы. Аднак цяпер гэта атрымалася даволі лёгка. Нам зрабілі сустрэчу з намесьнікам старшыні цягам двух тыдняў. Магчыма, паўплывала, што мы цяпер афіцыйна зарэгістраваная грамадзкая арганізацыя».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG