Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прачытаў сёньня: нашы сучасныя аўтары ігнаруюць гэтыя тэмы — рэпрэсій, вайны. Але я маю іншы прыклад, можа адзінкавы, што датычыць рэпрэсій пасьляваенных.

Прыклад, калі чалавек з Плябанішак (на поўнач ад Горадні) напісаў, як у канцы 1940-х МГБ (абрэвіятура існавала з 1946-га) рабіла аблавы ў навакольлі.

Мечыславу Курыловічу 78, жыве ў Горадні. Паводле прафэсіі доктар, паводле прызваньня паэт. Друкуецца ў літаратурным альманаху «Новы Замак», які я рэдагую. За апошні час — самы адметны чалавек, якога давялося сустрэць. Сабраў успаміны, напісаў сямейную хроніку і выдаў уласным коштам. Краязнаўцаў больш, такіх як Курыловіч — адзінкі. І яшчэ: каталік, а беларускі літаратар, таксама, можна сказаць, рэдкасьць. Што праўда, у саюзы не ўступаў.

Ён напісаў пра мноства людзей, пра дзясяткі. Як езьдзілі ў Амэрыку зарабіць, як вярталіся, куплялі дамы, млыны, займаліся гаспадаркай, як прыйшлі саветы і ўсяго пазбавілі: «З трох снапоў польскі пан забіраў у гаспадара трэці, немец – паўтара, а саветы – два, але і “панскі” трэці не заўсёды гаспадару пакідалі). А днём «лапанкі» (так мясцовыя людзі называлі аблавы з татальным ператрусам) – і выцягваюць з хат, як бараноў са статка, самых здаровых і моцных мужыкоў, якія пасьля зьнікаюць на доўгія гады бясьсьледна, бяз права перапіскі».

Працаваў пазьней участковым доктарам у родных мясьцінах. Распытваў вяскоўцаў пра нядаўнюю гісторыю. Але людзі нават у брэжнеўскія часы стараліся трымаць язык за зубамі.

Што ўразіла — мноства пакінутых хат у вёсках, цагляныя дамы нават. Пачынаеш распытваць: вывезьлі жыхароў. Альбо ў Польшчу падаліся. Людзі баяліся ўспамінаць. Але лекару заўсёды адкрывалі душу больш. Так даведаўся доктар Курыловіч, што ў Плябанішках, дзе нарадзіўся, за адну ноч у 1948-м кожны трэці апынуўся ў Варкуце. І што Плябанішкі былі далёка не на першым месцы. Былі яшчэ Пальніца, Лукавіца, Загорнікі, «там было ўсё падчышчана, усе людзі сядзелі».

Так, лясныя браты сапраўды былі. Акаўцы былыя ды іншыя, хто хаваўся ад новай улады. Каб на фронт не забралі ці ў шахты Данбасу прымусам не адправілі. Уцякалі ў лес маладыя хлопцы, кажа Курыловіч. Ну, вядома, ім хацелася есьці. Рабавалі і крамы. Сам бачыў разрабаваную краму ў Пальніцы. Былі сутычкі зь міліцыянтамі, недзе забілі ўчастковага. Часы былі трывожныя і небясьпечныя. На ўсякі выпадак мелі схроны. Адзін такі, у суседзяў, сам абсьледаваў цераз патайны лаз. У хляве за падвойнай сьцяною. Сядзеў там хвілін пяць, як у труне, успамінае доктар-паэт. Мелі і лясныя хованкі.

Калі пісаў кнігу, налічыў сваякоў 240 чалавек, зь іх дзевятнаццаць сядзелі ў Гулагу. Пасьля іх рэабілітавалі. Адзінаццаць загінулі, шэсьць падчас дэпартацый, вывезьлі і з канцамі. Два загінулі пасьля катаваньняў у МГБ. А тры раней — ад рук немцаў. А 84-м уцяклі ў Польшчу, калі была рэпатрыяцыя двойчы, дамы пакінуўшы. Гэта ўсё даведаўся, калі быў участковым доктарам.

Пазьней у Горадні сумяшчаў хірургію, дзяжурства ў шпіталі і цягнуў лямку анколяга ў паліклініцы. На прыёме семдзесят чалавек. А калі дзяжурства ў хірургіі, дваццаць-трыццаць паступалі — рэзаныя, бітыя, з апэндыцытам, прабадзеньнем язвы. Настолькі выгарэў, што, думаў, здурэе. Ці зап’е. І вырашыў у 1988 годзе зьмяніць працу. Падаў дакумэнты ў Мурманск, у «Севрыбу», у мэдычную частку. Суднавым хірургам. Пабачыў Канарскія астравы, пабачыў Антарктыду. Двойчы Новы год сустракаў там.

У Горадні рабіў «апэндыцытаў тысячы», а там аднойчы давялося па сутнасьці. Але выпадак трапіўся складаны. Стаў аднак адчуваць дыскваліфікацыю як доктар. Часу было процьма. Чытаў кнігі, пісаў вершы, таксама ў Антарктыдзе. Вучыў еnglish.

У арміі служыў некалі на крайняй Поўначы, у Грэмісе Мурманскай вобласьці. Паўночнае зьзяньне. Улетку тундра — кветкі, марошка. А рыбы колькі! Яркі ўспамін застаўся. У пяцьдзясят як паехаў уладкоўвацца ў Мурманск суднавым доктарам, усё ўспрымалася інакш. Паўгода зіма, цемра, пурга. Як там людзі жывуць? Ну можна чарку выпіць, але надоўга не дапамагае. А на караблі калі выйшаў — адрозны сьвет, убачыў іншых людзей. Як жывуць за мяжой, як сьмяюцца, як ходзяць. Як яны адпачываюць. Усё ўражвала. Гэта быў зусім адрозны сьвет. Ня наш, не савецкі. Дзе ўсе ў шэрым ходзяць, дзе адзін другога баіцца. Там паліцыянт можа ўзяць цябе за руку і перавесьці цераз дарогу, а ў нас міліцыянт стаіць як сыч, распавядае Курыловіч.

Служыў, між іншым, у будаўнічым батальёне, свідравальшчыкам скалістага грунту ў вечнай мерзлаце. Чаму? З 1948 да 1955-га бацька быў у Варкуце. Калі ўзялі ўначы, у вёсцы засталіся толькі тры мужчыны. А вёска была на дваццаць хат, чалавек сорак арыштавалі. А потым кляймо навесілі. Але трапіўся нампаліт людзкі, з заходняй Украіны, сказаў: калі хочаш у інстытут, ідзі тады ў партыю, інакш дарогі табе ня будзе: «Дык я ж яшчэ не піянэр і не камсамолец. Ну, нічога, я табе дапамагу, кажа. Прыехаў паступаць, быў 1961 год, адліга, было ўжо лепей. А калі ішоў у войска, яшчэ трываў рэжым у поўнай сіле пасьля Сталіна, яшчэ ўсё памяталі, хто чый сын».

Курыловіч непрафэсійны паэт, але сталы ўзровень вершаў адзначаюць і старшыня СБП Барыс Пятровіч, і крытык з Горадні прафэсар Пяткевіч.

Першы верш калі напісаў? Гэта была паэма, цэлы сшытак, кажа Мечыслаў Курыловіч. Працаваў на мясакамбінаце абвальшчыкам, 17 год было, а дзяўчыне на два больш. Але не прызнаўся ў каханьні і што напісаў паэму. А прачытаў яе Міхась Васілёк. Чытаў вельмі доўга, уважліва. Ну што, хлопец, табе трэба паступаць вучыцца, сказаў, задаткі ёсьць, але талент — гэта перш праца.

Пісаў і складаў у стол. Пісаў аб тым, што баліць. Пра рэпрэсіі, пра дэпартацыі. Пра хлусьню, пра брэжнеўскі застой. На тэлебачаньні, у прэсе, пра цынізм, блат. Аднойчы сабраў пад адной вокладкай і выдаў, назваў зборнік «Тутэйшы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG