Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэа затрыманьня дзецюка ў мэтро набірае колькасьць праглядаў, абрастае рэпостамі, камэнтамі. Набывае ўласную энэргетычную важкасьць, відавочна нэгатыўную.

Шэсьць чалавек круцяць падпітага хлопца, і ніяк ня могуць даць рады. Хлопец адчайна брыкаецца і кліча на дапамогу. Вакол іншыя людзі, здымаюць на тэлефон, просяць аб спагадзе да хлопца, нарэшце не дачакаўшыся тае спагады, праклінаюць мянтоў. Кола нянавісьці замыкаецца.

Размазаная кроў, бязьлітаснае й бессэнсоўные калена на горле затрыманага і, як заключная вышняя нота гэтае абсурднае дзеі, адначасова гістэрычны й роспачны енк аднаго зь міліцыянтаў: «Гена, на помашч!»

У стужцы фэйсбуку, зь іншае нагоды, адна з фрэндэс дзеліцца ўражаньнямі ад выпадковай сустрэчы з аднаклясьнікам — полкоўнікам міліцыі, які ў прыватнай размове сам падымае тэму й кажа, што дзевяноста адсоткаў асабовага складу МУС незадаволеныя тым, што і як адбываецца ў краіне.

Можна паверыць. Калі часам гаворыш са звычайнымі маёрамі-капітанамі і размова выходзіць за рамкі справы, так і ёсьць: даішнікі, участковыя, ппс, нават тыя ж амонаўцы ў размове пагаджаюцца, што нешта неяк ня так і не туды. Наракаюць на тое, што ў іх таксама няма радасьці ў жыцьці, як у астатніх жыхароў сінявокай, скардзяцца на ўмовы, сьцябуцца з Колі ў ААН.

У прынцыпе такая звычайная рэакцыя звычайных людзей, у якіх прыкладна тыя ж жыцьцёвыя праблемы, што і ва ўсіх астатніх. Звычайныя людзі ня могуць атрымліваць задавальненьня ад свайго калена на чужым горле, вядома, калі гэта не садысты.

Я каторы раз праглядаю гэтае відэа і ня схільны думаць, што выпадак у мэтро — вынік нейкіх садысцкіх комплексаў. Хутчэй, гэта вынік такога нашага жыцьця бяз радасьці альбо бязрадаснага жыцьця. Такая адмоўная супэркампэнсацыя, калі ты працяглы час ашчаджаеш у сабе нярадасьць, якая сьпее, сьпее і нарэшце выліваецца ў падобныя незразумелыя, нематываваныя, бессэнсоўныя ўчынкі, пасьля якіх ты сябе ненавідзіш зь яшчэ большай сілай.

Такое ўражаньне, што нехта аддаў загад усялякім чынам перашкодзіць людзям усьміхацца, сьмяяцца, радавацца. Перашкодзіць радасьці як такой.

Гэтае калена на горле выглядае як мэтафара нашай рэчаіснасьці. Яно душыць не адно затрыманага хлопца, але пераважную большасьць нашых грамадзян, і таго самага мянта ў мэтро. І яшчэ невядома, каго душыць мацней.

Таму гэты гістэрычны й роспачны, абсурдны мянтоўскі крык: “Гена на помашч!”, — набывае зусім іншы знак і робіцца цалкам зразумелым.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG