Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» пачала «Дэбюракратызацыю» з сустрэчы ў Менгарвыканкаме


Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч, лідэры грамадзкага абʼяднаньня «Гавары праўду»
Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч, лідэры грамадзкага абʼяднаньня «Гавары праўду»

Лідэры руху за мірныя перамены «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў сустрэліся 30 траўня з намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Юркевічам.

Пасьля сустрэчы Андрэй Дзьмітрыеў сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Сёньня першы дзень нашай ініцыятывы „Дэбюракратызацыя“. Падчас сустрэчы зь Ігарам Юркевічам абмеркавалі, як зрабіць так, каб настаўнікі не справаздачы пісалі, а дзяцей вучылі, і каб зьняць зь іх пазаадукацыйную нагрузку. Ён пагадзіўся з намі.

Акрамя гэтага, мы прапанавалі правесьці круглы стол па масавых палітычных акцыях, каб партыі, рухі і адміністрацыя абмеркавалі, як пашырыць колькасьць дазволеных пляцовак і палепшыць умовы правядзеньня, абмеркаваць прымяненьне сілы міліцыяй да дэманстрантаў.

„Гавары праўду“ прапануе абраць падыход, які працуе падчас выбараў — зрабіць пералік забароненых месцаў, а астатнія дазволіць. Тым больш, падчас апошніх месяцаў мы бачылі, што горад і міліцыя валодаюць дастатковымі сродкамі, каб забясьпечыць бясьпеку мерапрыемстваў.

Трэцім пытаньнем мы абмеркавалі, што Менску не хапае вуліцаў імя Быкава, Бураўкіна, Барадуліна. Цяпер шмат гавораць пра незалежнасьць Беларусі, але бяз гэтых імёнаў уявіць сабе Беларусь немагчыма. Агулам з намі пагадзіліся, але пытаньне — ці называць вуліцы ў новых мікрараёнах, ці перайменаваць у цэнтры. Мы ў „Гавары праўду“ ў свой час сабралі 100 тысяч подпісаў за вуліцу Быкава і ўпэўненыя, што гэтыя імёны цэнтравыя для нашай незалежнасьці і месца ім у цэнтры Менску».

Як паведамілі ў «Гавары праўду», пачатая ініцыятыва «Дэбюракратызацыя» будзе доўгатэрміновай. Бо, каб ісьці наперад, трэба меней бюракратыі і больш свабоды і магчымасьцяў.

«Мы ўпэўненыя, што сёньня залішні чынавенскі кантроль, вялікая колькасьць непатрэбных працэдур, бясконцыя патрабаваньні „дазволаў зьверху“, вяршэнства „паперкі“ над чалавекам зьяўляюцца адным з галоўных барʼераў у разьвіцьці Беларусі», — паведамляе прэс-служба кампаніі.

Падчас «Дэбюракратызацыі» актывісты будуць зьбіраць прыклады непатрэбных працэдур і дакумэнтаў, залішняга кантролю, бессэнсоўных даведак ва ўсіх сфэрах жыцьця. А таксама распрацоўваць прапановы па іх спрашчэньні або поўнай адмене і дзеля гэтага выбудоўваць дыялёг з уладай.

Падобныя прыклады «Гавары праўду» прапануе дасылаць на адрас info@zapraudu.info.

У траўні 2017 году «Гавары праўду» атрымала афіцыйную рэгістрацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG