Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарасейcкія экспэрты заснавалі «Дыялёг», але апанэнтаў не запрасілі


28 траўня ў Менску прайшло паседжаньне новастворанай грамадзкай плятформы «Дыялёг».

Арганізатары паведамляюць, што асноўнымі задачамі ставілася абмеркаваньне праблемаў палітычнага парадку дня ў краіне, наладжваньне мастоў паміж людзьмі з палярнымі поглядамі, выпрацоўка агульнай пазыцыі для розных плыняў — апазыцыйных, праўладных, левых, прарасейскіх.

Арганізатары падкрэсьліваюць, што ў рамках плятформы могуць прапаноўвацца любыя падыходы ў справе эвалюцыйных рэформаў, але немагчымыя экстрэмісцкія заявы, заклікі да гвалту і радыкалізму.

Сярод удзельнікаў былі ідэйныя аднадумцы, прыхільнікі інтэграцыі Беларусі з Расеяй, апанэнты Захаду.

Так, лідэр грамадзкага руху «Русь Маладая» Сяргей Лушч лічыць задачай першачарговай важнасьці «захаваньне цеснай дружбы паміж саюзнымі дзяржавамі». Ён са скепсісам пракамэнтаваў спробы дыялёгу з Захадам, падкрэсьліўшы, што гэта не прынесла чаканых вынікаў.

Сяргей Лушч
Сяргей Лушч

Намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч заклікаў палітычныя рухі атрымліваць дапамогу толькі ў межах уласнай дзяржавы, а не спадзявацца на Захад: «Хто плаціць, той і замаўляе музыку, а мы павінны быць патрыётамі і працаваць на карысьць сваёй краіны.

Таксама выступалі Яўген Доўгель (сябра «Беларускага славянскага камітэту»), Васіль Малашэнкаў (карэспандэнт газэты «Саюзная дзяржава»), Пётар Пятроўскі (галоўны рэдактар Eurasia.expert), Яўген Канстанцінаў («Моладзевыя ініцыятывы») ды іншыя.

Кіраўнік руху «Грамадзянская згода» Арцём Агафонаў, які выступаў арганізатарам «Дыялёгу», зазначыў Свабодзе: запрашалі шмат каго, але ня ўсе дайшлі:

Арцём Агафонаў
Арцём Агафонаў

«Мы запрашалі Сяргея Калякіна, Аляксандра Бухвостава; на жаль, абодва не змаглі. Вольгу Карач не задаволіла прысутнасьць Алега Гайдукевіча. Наогул я намагаўся выходзіць на розных лідэраў — на дэпутатак Алену Анісім, Ганну Канапацкую. Мы гатовыя да дыялёгу, гатовыя бачыць абсалютна розных людзей. На жаль, „Гавары праўду“ прадставіла ня самага моцнага дэлегата: каб быў больш яскравы сьпікер, іхная прысутнасьць была б больш прыкметнай, цікавай. Насамрэч мы арыентаваныя на дыялёг, хацелі б, каб прысутнічала і апазыцыйная частка. Магчыма, з такімі сіламі, як „Малады фронт“, мне самому будзе складана гаварыць, дый яны наўрад ці самі захочуць — такія дзеячы нацэленыя не на дыялёг, а ў першую чаргу на барацьбу».

Гаворыць Алег Гайдукевіч
Гаворыць Алег Гайдукевіч

Ад памяркоўнай апазыцыі запрашэньне на круглы стол атрымала нядаўна зарэгістраванае грамадзянскае аб’яднаньне «Гавары праўду». Ягоны прадстаўнік Уладзіслаў Маруціч заявіў, што Беларусь павінна стаць на шлях дыялёгу паміж рознымі палітычнымі сіламі. Ці падзяляе ягоную думку экс-кандыдатка на прэзыдэнцкую пасаду, адна з кіраўніц арганізацыі Тацяна Караткевіч?

«Ведаеце, у „Гавары праўду“ пазыцыя такая, што мы ўдзельнічаем ва ўсіх дыскусіях, дзе абмяркоўваюцца беларускія тэмы. Таму не цураемся самых розных мерапрыемстваў. Так склалася, што на гэты круглы стол адправілі, скажам так, яшчэ не раскручанага актывіста; ня выключана, што іншым разам будзем прысутнічаць больш высокім складам. Ня так даўно на базе Вышэйшай эканамічнай школы ў Маскве я брала ўдзел у канфэрэнцыі, прысьвечанай расейска-беларускаму дыялёгу, таксама была на форуме Эўразійскай камісіі. То бок там, дзе абмяркоўваюцца стратэгічныя інтарэсы Беларусі, гучаць розныя погляды на актуальныя праблемы. Паўсюль стараемся ўдзельнічаць. Бо, калі ігнараваць, вашу думку ніхто не пачуе».

Кіраўнік беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін сказаў, што ня здолеў прысутнічаць на дыскусіі з прычыны адсутнасьці ў Беларусі, але гэтаксама схіляецца да думкі, што трэба выкарыстоўваць кожную трыбуну, каб даводзіць сваю думку:

«Я ня ведаў склад удзельнікаў, але запрашэньне было. Нават праграму не пачытаў, якраз у той дзень вымушаны быў ад’ехаць. У любой дыскусіі трэба ўдзельнічаць, бо нават тады, калі ты ня згодны з тым, што гавораць твае апанэнты, проста саступаеш ім ініцыятыву, пагаджаесься па змаўчаньні. Таму адыход ад абмеркаваньня тэмы толькі таму, што табе не падабаюцца пэўныя пэрсаналіі, гэта, на мой погляд, нерацыянальна. Калі ёсьць што сказаць і ты альбо партыя мае па нейкім пытаньні сваю пазыцыю, трэба яе публічна агучваць. Трэба адстойваць свой пункт гледжаньня, іначай будзе пераважаць пазыцыя тых, з кім ты ня згодны. Гэта як з уладай: можна яе не любіць, але трэба выказвацца пра наша жыцьцё, пра нашу будучыню. А ня проста маўкліва сыходзіць ад таго, што шмат, няправільна і шалёна гаворыць улада».

Ініцыятары круглага стала вырашылі працягнуць дыскусію. Паводле Арцёма Агафонава, «Дыялёг» робіць ухіл у бок рэгіёнаў — на 11 чэрвеня замоўлена пляцоўка ў адным з гатэляў Віцебску.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG