Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітаўт Кіпель распавёў, пра што шкадуе і што яго радуе ў ягоныя 90


Вітаўт Кіпель

30 траўня беларускаму грамадзкаму дзеячу, дасьледніку гісторыі беларускай эміграцыі, бібліёграфу, дырэктару Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўту Кіпелю спаўняецца 90 гадоў.

Калі ў мястэчку Гаўэрт у штаце Нью-Джэрзі пачаўся дзень, мы затэлефанавалі юбіляру, каб павіншаваць яго з днём народзінаў.

СШ: Зь якім настроем вы сёньня ўсталі? Пра што думае чалавек, які раніцай устаў — а яму ўжо 90?

ВК: Калі ўстаў — перакінуў у памяці ўсё, што было за 90 гадоў. Найбольш урэзаўся ў памяць успамін, калі мне споўнілася 10 гадоў — у 1937 годзе. Маці падаравала кашулю з замком-маланкай, палова вуліцы прыйшла глядзець. А маці кажа: «Май на ўвазе, што мяне могуць арыштаваць. Я Марыі Іванаўне дала ліст — калі б мяне арыштавалі, то цябе забярэ мая сястра Насьця ў Кіеў, або забяруць знаёмыя ў Налінск...»

Што я думаю далей. Яшчэ трэба давесьці да канца бібліяграфію, думаю давесьці да канца перавыданьне «Беларусаў у ЗША» па-ангельску — такія творчыя пляны. Чуюся вельмі добра.

СШ: Уявіце самога сябе паўстагодзьдзя таму. Калі б вы адтуль трапілі ў сёньняшні дзень — што б вас больш за ўсё ўразіла?

ВК: Мяне б зьдзівіла новая тэхналёгія, усё без удзелу людзей. Нават заходзіш у бібліятэку — а там ужо ня столькі кніжкі, колькі нейкія дыскі. Хоць кніжка, друкаванае слова — гэта не замірае, але, як мне здаецца, людзі чытаюць менш. Вось гэты бок прагрэсу для мяне сёньня непрыемны.

СШ: А што б найбольш узрадавала?

ВК: Узрадвала б беларуская справа. Ёсьць каму весьці яе далей, і як-ніяк, але мы прагрэсуем. Дойдзе і да дэмакратычнай дзяржавы. І гэта мяне найбольш цешыць.

• 90 гадоў Вітаўту Кіпелю: «Бязьмежныя веды і нястомная праца для Беларусі»

СШ: Калі б у вас сёньня была магчымасьць вярнуцца ў часе — у якое дзесяцігодзьдзе з гэтых 90 гадоў вы б вярнуліся?

ВК: Найлепшымі для мяне былі дзесяць паваенных гадоў. Яны не былі найлепшыя матэрыяльна, але разумеў, што перажыў вайну. Гэта давала энэргію. Дзесяць гадоў пасьля 1945 году былі найбольш аптымістычнымі, хоць можа гэта й не дакладнае слова...

СШ: Ці вы аб нечым у сваім жыцьці шкадуеце?

ВК: Шкадую, што жыцьцё так ішло, што не прыйшлося быць на Бацькаўшчыне. Боўтаньне па сьвеце выглядае нібыта й цікава, але калі б залежала ад мяне, я б рабіў так, каб жыць у Беларусі. Калі адчуваеш, што скачаш па сьвеце, як мячык — гэта непрыемна.

СШ: Чаго вы самі сабе жадаеце сёньня на дзень народзінаў?

ВК: Ня страціць галавы на наступныя гады, не паразгубляць шарыкі ў галаве — каб яны варочаліся, як варочаюцца цяперака, бо яшчэ можна працаваць, ёсьць пляны....

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG