Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не прэзыдэнты. Хто кіруе Алімпійскімі камітэтамі ў суседніх зь Беларусьсю краінах


Згодна з прынцыпамі Алімпійскай хартыі, пасады кіраўнікоў Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў ня могуць займаць людзі, якія знаходзяцца на вышэйшых дзяржаўных пасадах.

У сьвеце ня мае распаўсюджаньня практыка, каб прэзыдэнт дзяржавы кіраваў спортам высокіх дасягненьняў.

Беларусь на гэтым фоне зьяўляецца выключэньнем: Аляксандар Лукашэнка апошнія 20 гадоў кіруе НАК і фармуе стратэгію спартовай галіны, ня маючы разраду ў якой-небудзь дысцыпліне. Сёньня ён на чарговы тэрмін перавыбраны прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

А хто стаіць на чале алімпійскіх арганізацый у суседніх краінах?

Расея

Аляксандар Жукаў
Аляксандар Жукаў

Дзейны чыноўнік на чале вялікага спорту знаходзіцца хіба што ў Расеі. Але гэта не прэзыдэнт краіны. Аляксандар Жукаў — прэзыдэнт Алімпійскага камітэту Расеі ад 2010 году, колішні першы намесьнік старшыні Дзярждумы, намесьнік кіраўніка ўраду, сябра Вышэйшага савету праўладнай партыі «Адзіная Расея». Эканаміст-матэматык, мае дыплём Гарвардзкага унівэрсытэту. Узначальваў Расейскую шахматную фэдэрацыю, падчас навучаньня ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце атрымаў званьне кандыдата ў майстры спорту, гуляў за розныя шахматныя зборныя.

Украіна

Сяргей Бубка
Сяргей Бубка

Нацыянальным алімпійскім камітэтам Украіны ад 2005 году кіруе Сяргей Бубка — яшчэ пры жыцьці легендарны лёгкаатлет у скачках з шастом. Першы ў сьвеце чалавек, які скокнуў вышэй за 6 мэтраў. Чэмпіён Алімпійскіх гульняў, шматразовы чэмпіён сьвету і Эўропы. Больш за два дзясяткі гадоў ніхто ня мог палепшыць ягоны рэкорд у скачках з шастом у закрытых памяшканьнях (6,15 мэтра, ад 1993-га да 2014 гадоў), дагэтуль утрымлівае ўсясьветны рэкорд на адкрытых арэнах (6,14 мэтра, ад 1994 году).

Літва

Прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Літвы — Дайна Гудзіневічутэ. Славутая літоўская спартоўка ў стэндавай стральбе, алімпійская чэмпіёнка. На Алімпіядзе 2000 году ў аўстралійскім Сыднэі заваявала золата ў спаборніцтвах на траншэйным стэндзе. Чэмпіёнка сьвету, прызэрка чэмпіянату Эўропы. Кавалер вялікага камандорскага крыжа ордэна Вялікага князя Гедыміна. Заняла пасаду ў 2012 годзе, падчас выбарнай генасамблеі яе канкурэнтам быў таксама выдатны спартовец, алімпійскі чэмпіён у кіданьні дыска Віргіліюс Алекна.

Латвія

У 2004 годзе Латвійскі алімпійскі камітэт узначаліў Алдоніс Ўрублеўскіс. Ён кандыдат у майстры спорту ў роварных гонках, неаднаразовы чэмпіён Латвіі па шашэйных гонках і гонках на трэку. Працаваў у органах юстыцыі, у тым ліку памочнікам старшыні Вярхоўнага Суду Латвіі. У сярэдзіне 1990-х — чалец юрыдычнай камісіі Эўрапейскай асацыяцыі Алімпійскіх камітэтаў, арбітар Міжнароднага спартовага арбітражу са штаб-кватэрай у швайцарскай Лязане. Да абраньня прэзыдэнтам быў генэральным сакратаром Латвійскага алімпійскага камітэту.

Польшча

Прэзыдэнтам Польскага алімпійскага камітэту Анджэй Красьніцкі стаў у 2010 годзе. Ён вымушана замяніў свайго папярэдніка Пятра Нуроўскага, які трагічна загінуў пад Смаленскам разам з высокапастаўленымі пасажырамі прэзыдэнцкага самалёта Леха Качыньскага. Анджэй Красьніцкі займаўся гандболам і таксама зьяўляецца кіраўніком польскага Саюзу гандбалістаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG