Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санстанцыя шукае магілёўцаў, якія чапалі лася, што зайшоў у горад: падазраюць шаленства


Цела лася, які 19 траўня забрыў у Магілёў і зь невядомых прычынаў сканаў раёне вуліцы 30 гадоў Перамогі, утылізаванае. Паводле папярэдніх дадзеных санэпідэмстанцыі, жывёліна была хворай на шаленства. Жыхары горада лічаць, што з ласём абышліся не па-людзку і пішуць скаргі.

На дошках аб’яў вакол двара, у якім здох лось, расклееныя абвесткі, каб тых, хто дакранаўся да цела жывёліны, зьвярнуліся ў санэпідэмстанцыю.

Тым часам жыхары мікрараёну лічаць, што зь лясным госьцем абышліся не па-людзку, і зьвярнуліся ў прыродаахоўныя ведамствы, каб пакаралі вінаватых за жорсткае абыходжаньне з жывёлай.

Пра ўтылізацыю жывёліны і яе хваробу паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Магілёва і Магілёўскага раёну Вячаслаў Шуляк. Паводле яго, абвесткі на вуліцы 30 гадоў Перамогі расклееныя ў межах санітарна-эпідэміялягічных захадаў.

Суразмоўца адзначыў, што дзікія жывёлы ў горадзе — патэнцыйная небясьпека, таму іх зьяўленьне павінна кантралявацца адпаведнымі службамі. Ён нагадаў, што колькі гадоў таму быў выпадак, калі ў Магілёў таксама прыйшоў быў малады лось, але ён застаўся жывым. Што да лася, які памёр на 30 гадоў Перамогі, то, паводле Вячаслава Шуляка, санэпідэмстанцыі невядомая прычына ягонай сьмерці.

У заасадзе, куды завезьлі цела лася, каб скарміць яго ваўкам, пацьвердзілі, што яго зьнішчылі. Нагадалі, што ўвесь корм для зьвяроў праходзіць абавязковую санітарную праверку.

За прамінулыя адзінаццаць дзён няма афіцыйных тлумачэньняў, чаму лось, які забрыў у горад і пэўны час блукаў па дварах мікрараёну, нечакана здох, а ягонае цела доўга не вывозілі, дазволіўшы людзям мець зь ім кантакт.

Камунальнікі і ратавальнікі адмаўляюць сваю датычнасьць да ўсыпленьня лася.

Так грузілі цела здохлай жывёлы
Так грузілі цела здохлай жывёлы

Група жыхароў з вуліцы 30 гадоў Перамогі зьвярнулася ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя, каб была дадзеная прававая ацэнка таму, як абышліся з жывёлінай на вуліцы 30 гадоў Перамогі. Яны адзначаюць: калі фіксуецца факт забойства жывёлы ў лесе, то даецца штраф, а як у горадзе, то «усё спускаецца на тармазах». Людзі, аднак, ня маюць сьведак, якія гатовыя пацьвердзіць, што лася сапраўды забілі.

«Гэта сытуацыя ўскалыхнула грамадзкасьць. Людзі абураныя. Ёсьць жанчына, што нібыта бачыла чалавека, які меў стрэльбу і зь яе страляў у лася. Многія кажуць, што лось хадзіў па раёне і потым нечакана паваліўся. Калі здох, бачылі на ім дроцікі. Людзі настойваюць, што нічым лось не хварэў», — расказала пра настроі жыхароў вуліцы 30 гадоў Перамогі адна зь іх.

«Для многіх тое, што адбылося, — прыклад нецывілізаванага абыходжаньня з жывёламі, — адзначыла яна. — Відавочцы спадзяваліся да апошняга, што лася ўсыпяць, пакінуўшы яго жывым, а потым перавязуць куды трэба».

Паводле суразмоўцы, прадстаўнікі ўлады бязьдзейнічалі і не зьвярнулі належнай увагі на сытуацыю з ласём.

«Калі жывёліна ляжала, то выставілі ачапленьне і да яго ніхто не падыходзіў. Усё адбылося ў духу нашага беларускага часу. Цяпер тэму гэту стараюцца замаўчаць, і некаторым асабліва актыўным далі зразумець, што няма чаго ім высьвятляць, маўляў, усё адно праўды ня знойдзеце».

У Магілёўскай арганізацыі Таварыства паляўнічых і рыбаловаў сказалі, што выпадкі, калі ў горад прыходзяць буйныя жывёлы, нярэдкія. Лясныя госьці, адзначылі там, могуць у новай для сябе сытуацыі не перажыць стрэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG