Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёў прыйшоў лось і загінуў. Сьведкі кажуць, што яго забілі


Камунальнікі і ратавальнікі адмаўляюць, што ўсыпілі лася, які выпадкова трапіў у Магілёў. Сьведкі кажуць пра адваротнае.

У Магілёў забрыў малады лось і па невядомых прычынах здох у густанаселеным раёне. Здарэньне адбылося надвячоркам 19 траўня. Паводле жыхароў мікрараёну «30 гадоў Перамогі», жывёліна спалохана блукала па дварах. У адным зь іх яна павалілася, доўга дрыгала нагамі і здохла.

Пакуль лось здыхаў, да яго не падпускалі людзей. У ачапленьні стаялі супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і міліцыі. Што сталася прычынай сьмерці жывёліны, дакладна высьветліць не ўдалося. Службы, якія былі задзейнічаныя ў апэрацыі, настойвалі, што ня маюць дачыненьня да сьмерці лася.

Ля здохлага лася сабралася нямала людзей
Ля здохлага лася сабралася нямала людзей

За апошнімі гадзінамі жыцьця маладога лася назірала нямала народу. Здохла жывёліна пад вокнамі некалькіх шматпавярховікаў. Сабраліся дзеці. Шмат хто фатаграфаваў, гладзіў цела. Дзятва дзялілася ўражаньнямі ад убачанага. Некаторыя жыхары апавядалі, што былі сьведкамі таго, як у лася стралялі. На ягонай шыі сапраўды застаўся прадмет, падобны на дроцік. Праз гадзіну цела лася пагрузілі ў сьмецьцявоз і вывезьлі.

Прадмет, падобны на дроцік
Прадмет, падобны на дроцік

«Трэба зьвяртацца да прыродаахоўных органаў, каб яны высьветлілі, што адбылося з ласём. Гэта маладая асобіна. Здаецца ласіха. Во, бачыце, што на шыі ў яе. Лася забілі, і дзеці, колькі іх было тут, бачылі, як памірае зьвер», — абуралася адна з жанчын, спрабуючы знайсьці сярод дарослых сьведак, якія бачылі, як «умярцьвілі» лася.

Некаторыя ж пераконвалі, што лось блукаў па раёне напужаны і памёр, бо ня вытрымала сэрца. Глядзець на тое, як грузілі цела жывёліны ў машыну, маглі ня ўсе.

«Чаго ён здох, мы ня ведаем. Мы ж ня лекары», — сказаў супрацоўнік магілёўскага спэцаўтрапрадпрыемства.

«Нас папрасілі даць машыну і вывезьці лася, — адзначыў ён. — Папрасілі таксама брыгаду, якая адлоўлівае сабак, каб яна пабыла на месцы. Пра гэта папрасілі супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў».

У Магілёўскім абласным упраўленьні Міністэрства надзвычайных сытуацыяў ня ўтойвалі, што супрацоўнікі стаялі ў ачапленьні. Аб прычынах сьмерці жывёліны зьвестак ня маюць.

Ачапленьне
Ачапленьне

У інспэкцыі аховы расьліннага і жывёльнага сьвету заявілі, што пра здарэньне з ласём ня чулі.

У Магілёўскай арганізацыі Таварыства паляўнічых і рыбаловаў адзначылі, што выпадкі, калі ў горад прыходзяць буйныя жывёлы, нярэдкія. Такое здараецца некалькі разоў на год.

«У пэрыяд ацёлу саміцы адганяюць маладняк і, паколькі, жыцьцёвага досьведу ў яго няма, то яны ідуць у населеныя пункты. Памерці такія жывёлы, як лось ці казуля, могуць ад стрэсу», — сказаў супрацоўнік таварыства.

У Магілёўскім заасадзе паведамілі, што цела лася прывезьлі ім і яно знаходзіцца на захоўввньні.

«Мы зрабілі ўскрыцьцё і пакуль не атрымалі з вэтлябараторыі аналізаў, — адзначыў супрацоўнік заасаду. — Калі нам дазволяць яго скарміць нашым драпежным жывёлам, то мы гэта зробім. Калі не, то будзем утылізаваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG