Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ: «Яндекс. Украина» перадавала Расеі дадзеныя пра ўкраінскіх вайскоўцаў і прадстаўнікоў улады


Служба бясьпекі Ўкраіны заяўляе, што мэнэджмэнт даччынай структуры расейскай кампаніі «Яндекс» незаконна зьбіраў і перадаваў у Расею пэрсанальныя дадзеныя ўкраінскіх грамадзян.

«Апэратыўнікі спэцслужбы задакумэнтавалі, што сярод грамадзян, пра якіх у Расею перадавалася інфармацыя, ёсьць супрацоўнікі праваахоўных і спэцыяльных органаў, вайскоўцы Ўзброеных сіл Украіны, іншых падразьдзяленьняў, якія ўдзельнічаюць у антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны, а таксама супрацоўнікі органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня», — адзначаецца ў заяве СБУ.

У прыватнасьці, зьбіраліся асабістыя дадзеныя, сфэра дзейнасьці, лад жыцьця, жыльлё, месца жыхарства, працы, крыніцы і памеры даходаў, нумары тэлефонаў, электронныя адрасы і акаўнты ў сацыяльных сетках.

Паводле ўкраінскай спэцслужбы, інфармацыя перадавалася «спэцыяльным службам Расеі для плянаваньня, арганізацыі і правядзеньня выведвальных, дывэрсійных, інфармацыйна-падрыўных апэрацый ва Ўкраіне для падрыву сувэрэнітэту ды тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны».

У заяве паведамляецца, што падчас ператрусаў супрацоўнікі СБУ выявілі сэрвэрнае абсталяваньне і дакумэнтацыю, якія будуць накіраваны для правядзеньня экспэртызы, каб праверыць факты збору, назапашваньня і перадачы расейскаму боку пэрсанальных дадзеных грамадзян Украіны. Экспэрты таксама прааналізуюць перанакіраваньне трафіку ўкраінскіх карыстальнікаў на расейскія сэрвэеры, а таксама правераць каардынацыю супрацьпраўнай дзейнасьці з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі.

Ператрусы адбыліся ў рамках крымінальнай справы, адкрытай паводле артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны пра дзяржаўную здраду.

У кампаніі «Яндэкс Украіна» пакуль адмаўляюцца ад камэнтароў сытуацыі, перанакіроўваючы журналістаў да кіраўніцтва галоўнай кампаніі, якая знаходзіцца ў Расеі.

15 траўня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка працягнуў санкцыі ў дачыненьні да Расеі, пашырыўшы пры гэтым сьпіс асобаў і арганізацый, якія трапілі пад абмежаваньні. Адпаведна дакумэнту, на тэрыторыі Ўкраіны на тры гады заблякаваныя расейскія сацыяльныя сеткі «ВКонтакте» і «Одноклассники», а таксама сэрвісы «Яндекс» і Mail.Ru Group.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG