Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыбыў у Францыю, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам гэтай краіны Эмануэлем Макронам. Гэта першая сустрэча двух лідэраў пасьля перамогі Макрона на выбарах 8 траўня.

Макрон і Пуцін правядуць перамовы ў Версалі, дзе адкрываецца выстава, прысьвечаная расейскаму імпэратару Пятру Першаму.

Прэзыдэнт Францыі, які запрасіў Пуціна наведаць краіну, заявіў, што гатовы весьці зь ім дыялёг. «Аднак гэта будзе патрабавальны дыялёг», — падкрэсьліў ён. Па словах Макрона, ён выступае за арганізацыю ў найбліжэйшай будучыні сустрэчы ў «нармандзкім фармаце», з удзелам лідэраў Нямеччыны і Ўкраіны.

Падчас перадвыбарчай кампаніі Макрон неаднаразова заяўляў пра адказнасьць Расеі за сытуацыю ва Ўкраіне і Сырыі, абвінавачваючы Маскву ў парушэньнях міжнароднага права. Пуцін, у сваю чаргу, прымаў у Крамлі галоўную саперніцу Макрона на выбарах — правую папулістку Марын Лё Пэн.

На мінулым тыдні Макрон прымаў удзел у саміце «Вялікай сямёркі» у Італіі. У камюніке па выніках гэтай сустрэчы гаворыцца пра гатоўнасьць краінаў Захаду ўзмацніць санкцыі супраць Расеі, «калі гэта спатрэбіцца».

Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заклікала Макрона падняць на сустрэчы з Пуціным тэму захаваньня правоў чалавека ў Расеі, у тым ліку, у сувязі з паведамленьнямі праваабаронцаў і прэсы аб забойствах і перасьледах геяў у Чачні.

XS
SM
MD
LG