Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьлімакі і краты зь іх сакрэтамі і таямніцамі


Усходнеамэрыканскі крот (Scalopus aquaticus). Фота: Kenneth Catania, Vanderbilt University

На крэме для твару, вытворцы якога абяцаюць запаволіць няўмольны бег часу і лёгкім масажным рухам зьнішчыць яго адбіткі на абліччы ў выглядзе барознаў (фактычна — заараць поле так, каб там нічога не ўзышло — ні зморшчыны, ні пігмэнтныя плямы, ці якая іншая трасца, бррр) — слімак намаляваны. Напэўна, па задуме вытворцы, гэта адсылае да асацыяцыі, што пасля ўжываньня цуда-крэму час ня будзе ляцець шалёным конікам, а папаўзе ціхенька, не даючы сабе ніякага шансу пакінуць сьлед.

тут рэальна сьлімак! і не банальны, а з сакрэтам

А не. Тут рэальна сьлімак! І не банальны, а з сакрэтам. Так і напісана: «крэм з сакрэтам сьлімака». Нават сьлімакі маюць свае сакрэты! О дайце мне гэты крэм, прадайце, колькі ён там каштуе? Падышла прыгожая, напоўненая да вышыні пышнай фрызуры ўласнай годнасьцю, падмацаванай сакрэтамі ўсяго жывёльнага і расьліннага сьвету, дзень і ноч дасьледаванага людзьмі ў пошуках цудадзейных сродкаў для маладосьці, і паблажліва патлумачыла, што сакрэт — гэта не таямніца, гэта сьлізь, выдзяленьні. «Сьлізь?! — Сьлізь сьлімака вельмі карысная ў касмэталёгіі, гэта цудоўны сродак!». У галаве ўсе перакруцілася дагары нагамі, перакуліўся сьвет. Уявіла, як недзе па кустах парэчак, па берагах рэчак поўзаць сьлімакі, а за імі ходзяць шпіёны з такімі маленькімі дзеркачамі, ці мініятурнымі шуфлямі, і зьбіраюць сьлізь. З травы, з кустоў, зь пяску? Ці гэта робяць нейкія гномы, эльфы, фэі? Ці — яшчэ горш! Іх душаць! Праз такі вялікі прэс — сплюшчваюць іх, каб здабыць той сакрэт для прыгожых твараў кабетак!

ёсьць вэрсія, што сьлімакоў палохаюць

Прадаўшчыца глядзела на мае шалёныя вочы і, напэўна, таксама міжволі ўбачыла тое, што бачу я, таму пасьпяшалася запэўніць мяне, што ўсё ня так страшна, каб я не грымнулася на падлогу пасярод крамы, і не папалохала пакупнікоў: «Сьлімакоў росьцяць на адмысловых фэрмах у Чылі і Калюмбіі. Іх там круцяць і трасуць (бедныя сьлімакі!), і гэта дапамагае ім выдзяляць сакрэт. Ім зусім не балюча (працягвала яна, бачачы, што ў мяне сьціскаюцца кулакі, і я гатовая бегчы і пісаць зварот да ўсіх зялёных арганізацый плянэты Зямля), атрыманьне сьлізі — гуманнае. Ёсьць вэрсія, што сьлімакоў палохаюць, каб атрымаць сакрэт, але гэта толькі вэрсія». Яна глядзела пераможна і паблажліва, як сапраўдны носьбіт неверагоднай таямніцы, сакрэту, ці звычайная пляткарка, якая нарэшце вызвалілася ад кучы інфармацыі, што тлуміць ёй галаву. Але каб яшчэ больш задурыць мяне, яна марудна разьвярнулася і тыцнула ў твар іншым слоічкам, на зьмесціва якога мне прыйшлося б працаваць цяжка і аддана, недзе 15 дзён. «Гнёзды ластаўкі! Гэта крэм з экстрактам гнёздаў ластаўкі!». Яна пачала нешта гаварыць, але я ўжо моўчкі і ашалела шукала выйсьце. Досыць зь мяне і сакрэту сьлімакоў.

Шмат думала. Зашмат, так зашмат, што мяне ледзь не пераехала нейкая чарнявая кабетка на шэрым «Опэлі», якая ехала проста па тратуары. Ледзь не здабыла зь мяне слізь, праўда, непатрэбную касмэтычнай індустрыі, бо не з экалягічна чыстага месца, і без утрыманьня калягену і антыаксідантаў.

ён думаў, што я ведаю

…Увечары я сустрэла «крата». Спачатку гэта быў звычайны чалавек, знаёмы знаёмага, сястры мужа брата суседа стрыечны пляменьнік. Мне ён нават падабаўся. Раней. Такі звычайна сядае за стол і пачынае руліць усім, такі «лідар групы» і аўтарытэт. Баламут. Працаваў на розных пасадах, у розных установах. Пасьля размовы зь ім сьлімакі ў маёй галаве сарамліва пасунуліся і далі пачэснае месца кратам — жывёлам, што шкодзяць карэньчыкам, рэдка вылазяць на паверхню, робяць шмат дзірак, усё нешта рыюцца, і не бачаць нічога, нікога. Ён думаў, што я ведаю. Ён гаварыў, упэўнены, што гэта не сакрэт. Пра нашага аднаго знаёмага, якога пасадзілі раней за махінацыі, за хабар. Пра тое, што на буйных і ня вельмі прадпрыемствах ёсьць такія адмысловыя людзі, якія былі адмыслова падрыхтаваныя для такой «працы» — ціхай, бяз ордэнаў і медалёў, без ушанаваньня і ўзнагарод. Якія працуюць побач зь ім, і з намі, і з тым, каго пасадзілі за хабар. Якія о такія — «лідары групаў», якія могуць дапамагчы калегам, і даць добрую параду, і падказаць. І падставіць могуць. Не заўсёды, праўда. А калі будзе трэба нейкаму чыну зь «сілавой структуры» ісьці на пэнсію, хутка, а зорачку хочацца сёньня, зараз. І што тыя «шэрыя схемы», «карупцыйныя схемы» створаны і запушчаны ў жыцьцё ня тымі небаракамі, што селі, а тымі, каго падрыхтавалі і накіравалі на ўсе гэтыя прадпрыемствы і арганізацыі, каб ствараць там карупцыю, каб потым было каго пры нагодзе «браць» за створаную карупцыю. І што так на многіх ёсьць «распрацоўкі», але хаду ім даюць толькі тады, калі трэба каму-кольвек з будынку з калёнамі. І што так было і з нашым знаёмым, якога такі вось «крот» ласкава падводзіў, як каня да вады, да зьдзяйсьненьня злачынства, і той у нейкі момант сасьмяг, і разьмяк, і пагадзіўся, і пацягнуўся за «падпрацоўкай», за «нялішнімі грашыма», за што і паплаціўся потым некалькімі гадамі за кратамі. Дык так жа ўсюды, чаго ты зьдзіўляесься, а як ты думала? Ты думала, што адны бяруць хабар, другія — даюць, трэція — ловяць? Ха-ха.

Ён пералічваў «гучныя затрыманьні». Я была на некаторых гэтых судах, і белыя ніткі тырчалі там з кожнай шэрай тэчкі, з кожнага тому «гучнай справы». На адным працэсе абвінавачаны нешта спрабаваў сказаць, што «куратар з КДБ быў у курсе, і ўхваляў гэтыя дзеяньні», але судзьдзя гыркнула на яго «Які такі куратар, што вы мянціце?» — і ён змоўк.

усе барацьбіты і карупцыянеры – фікцыя

Карупцыя? Фікцыя. Нястомная барацьба зь ёй? Сьмешна. Усе спрэс, усе барацьбіты і карупцыянеры — фікцыя. Не было ніякага хабару. Не магло такога быць, каб хітры і спрытны, прапалены наскрозь дырэктар браў хабар у сваім кабінэце, ад свайго ж кампаньёна, зь якім дзесяць гадоў запар елі і пілі. Не магло, не было — але тэрмін рэальны.

І так яны паўсюль — поўзаюць сьляпыя краты, абыякава натыкаюцца на людзей, рыюць дзіркі ў іх лёсах, штурхаюць іх за краты.

А па тэлевізары паказваць, як добра тут, на гэтых абшарах, у сухое сонечнае надвор’е на тлустага чарвяка ловяцца ўсялякага кшталту карупцыянэры, буйныя і дробныя. Як садзяць зараз, як бульбу ў маі, кабету, што спакусілася, займаючы высокую пасаду, трыма кіляграмамі памідораў, мяшком бульбы, шматком сала зь мясам, хоць і вагой 10 кг. «Яе месца проста трэба было іншаму чалавеку вызваліць».

нас усюды падманваюць!

Краты і сьлімакі. Сакрэт сьлімакоў, якіх круцяць і трасуць недзе ў Чылі, каб здабыць сьлізь для твару, якіх палохаюць, каб яны выдзялялі больш сакрэту. Недзіцячыя гульні «кратоў», якія прыводзяць за краты прызначаных зьверху «карупцыянэраў»… «Нас усюды падманваюць! Нават у царкве нас дураць на сьвечках!» — неяк роспачна скардзілася сваячка.

…Калі чалавек нараджаецца, яму запальваецца сьвятло. Потым па чарзе яго прывучаюць да зялёнага і чырвонага сыгналу. На зялёны — ідзі, на чырвоны — стой. Правілы гульні зразумелыя. Гэты сыгнал — дазваляе, той — забараняе. Але калі зялёнае і чырвонае святло запальваюць разам — гэта выклікае збой праграмы і ў лёгкай ці цяжкай форме вар’яцтва.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG