Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я жыву ў доме, дзе дзьве гомельскія крамы. Адна шакалядная, другая гарэлачная.

Калі з шыльдай першай у парадку, другая выклікае ў мяне жаль. Спачатку павесілі вялікія літары «лікёра-гарэлачны завод». Вельмі «заахвоцілі» пакупнікоў. Памянялі на «Палескі сувэнір». Ну які гэта сувэнір? Гэта для народу прадукт першай неабходнасьці. У мяне спытаць не дадумаліся. А назва заводу настолькі цікавая, адметная, што лепшай шыльды прыдумаць немагчыма. Хаця я не пакупнік: «сувэніры» не ўжываю, шакаляд апошнім часам таксама.

Размаўляў нейк з гомельскім калегам. Ён: сваю гарэлку не купляем, шакаляд таксама, малочныя стараемся берасьцейскія або гарадзенскія прадукты.

Думаю, што ўсе беларусы, ня толькі гарадзенцы, зважаюць сёньня на тое, як перамешваюцца ў крамах прадукты з пацярпелых ад радыяцыі раёнаў зь мясцовымі. Відавочна, гэта не зусім бізнэс, больш дзяржаўная палітыка. Навошта нават прадукты зь невялікім тэрмінам захоўваньня дастаўляць праз усю Беларусь у гарадзенскую краму, калі сваё ня ведаюць куды падзець? Той жа тварог, лаваш? І кожны дзень ты думаеш: зрабіць ласку, узяць іхнага малачка ці сыру, ці ўстрымацца? Тым болей сыры ў нас робяць таксама якраз у двух раёнах вобласьці, што былі забруджаныя радыяцыяй.

Памятаю, як убачыў аднойчы першы раз сыр, зроблены ў Хойніках. Немае пытаньне было: навошта? Якраз чытаў, што сырзавод будуюць. Аказалася, і для нас таксама. Ну навошта там вырабляць, думалася мне. Няхай сыры і раней рабілі, умеюць, але пасьля Чарнобыля абсталяваньне дэмантавалі. А цяпер вось, перачакаўшы, новае закупілі. Навошта?

Канечне, я не эмацыйны юнак, мне ясна, што нікуды ад малачка тамтэйшага ня дзецца. Але я не хачу. Дзякуй. І мяне ніколі не пакіне пачуцьцё прыкрасьці.

Каб бяда здарылася побач зь мяжой Літоўскай ССР, яна б згуртавала людзей. Мы нашчадкі вялікіх князёў, мы магутны народ са слаўнай гісторыяй! Чарговая бяда выпала на долю літоўцаў, дык няхай яна нас змацуе, няхай мы вытрываем!

Гэта я прыблізна. Дзеля параўнаньня. Калі здарылася бяда зь беларусамі, ЦК са сваім Сьлюньковым спачатку сакрэціла, затым бадзёра рапартавала Маскве: усё ў парадку, беларусам дапамагаць ня трэба, самі справімся. Народ па-рабску маўчаў тады, маўчыць сёньня, калі калгасы абавязаныя вырошчваць там, дзе бадай ня варта было б гэта рабіць. Плян! І ніякай кансалідацыі і згуртаванасьці быць ня можа там, дзе ўсё вырашае як заманецца «айцец народу».

Чаму я так даткліва? Таму што палітыка ЦК сёньня працягваецца. Час пасьля чарнобыльскай катастрофы быў часам абсурду. Камуністычнага абсурду. Мы маглі часткова цешыцца, што найдалей ад АЭС імя Леніна знаходзімся. Але ўжо і нам час быў рыхтавацца. У абласной газэце. Вядома, што раённыя рэдакцыі ў Брагіне, Хойніках, Нароўлі стаялі пустыя. Людзі ратаваліся хто як мог. Але партыя, нялюдзкая наогул установа, не магла дапусьціць, каб напоўненыя бітвай за ўраджай на засьмечаных радыяцыяй палетках раёнкі не выходзілі. Не магла дапусьціць, каб пляны, прынятыя да аварыі, на чарнобыльскіх палетках не выконваліся.

Іначай партыя адчувала б пляму на сваёй ідэалягічнай рэпутацыі. Ёй было б мулка.

І гналі ў чарнобыльскую зону трактарыстаў, шафёраў, аграномаў, камбайнэраў і ўсіх астатніх.

І гналі журналістаў прымусова ўдзельнічаць у гэтым абсурдзе. У нашай рэдакцыі быў складзены графік. На камуністаў. Мяне гэта не датычыла, але рэдактар сказаў, што калі такі «вахтавы мэтад» будзе выкарыстоўвацца працяглы час, то любога могуць камандзіраваць. Паехаў першым калега зь сельгасаддзелу. Праз два месяцы вярнуўся. Расказы яго нагадвалі антыўтопію. Кіно «Сталкер». І гарэлка была на кожным кроку, ад радыяцыі ратаваліся гарэлкай.

Нумары пра бітву за чарнобыльскі ўраджай настоеныя на гарэлцы.

Галоўнае, мяса, малако, збожжа нельга было ўжываць, заражанае. Аднак неабходна было абавязкова сабраць «без потерь» і засыпаць у «закрома родины», выкарыстаць. Іначай лічбы пацерпяць. А партыя гэтага не любіла са сталінскіх часоў.

Другім на чарзе намячаўся наступны наш калега. Нядаўна, як на тое, уступіў у партыю, каб рабіць кар’еру. Нейк у застоліцы ён сказаў, узгадаўшы нашага пасланца ў брагінскай рэдакцыі, што з часам «усе там будзем». На што яго бацька асьцюдзіў: і табе гэта трэба? Яму не давялося. Але памёр, змагаўшыся з ракам.

Мне скажуць: усё цяпер там чыстае вырабляюць, радыяцыйны кантроль добра пастаўлены. Што мне на гэта адказаць? А навошта? На добры розум, землі тыя павінны былі застацца пад лесам, няхай бы рос лес. Ня мучыць нерэнтабэльныя калгасы, скасаваць. Партыя столькі асушыла балатоў, нашкодзіла глебе Палесься, столькі спляжыла лясоў, зьнішчала Беларусь як хацела. Дык няхай вяртаецца прырода, не чапайце. Беларусь не такая населеная краіна, каб нельга было пабудаваць жытло і сырзавод у іншым месцы. І тады народ адчуваў бы, што аб ім сапраўды дбаюць. А ня тое, што цяпер і як было заўсёды: што ў яго няма іншага выйсьця.

Паасобны пакупнік пакуль выбіраць можа. Але прадукты перамешваюць, і застаецца пачуцьцё, што наш выбар ня больш, чым ілюзія. Хоць пакуль пішуць — чыё малако. А могуць адмяніць. Выйдзе якая-небудзь інструкцыя — засакрэціць.

Хаця я, канечне, разумею, што гэта наш лёс, наш крыж. Моўчкі трываць. І падтрымліваць вымушана адны адных: наша малако ў пацярпелы край, іхнае — нам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG