Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы: Я буду настойваць на вяртаньні санкцыяў, калі Беларусь вернецца да ранейшай сытуацыі з палітвязьнямі


 Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус

Мы робім усё магчымае, каб паспрыяць дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам, але мы павінны быць цьвёрдымі і пасьлядоўнымі, — сказаў карэспандэнту Радыё Свабода міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC 2017, якая праходзіць у Браціславе.

— Мы спрабуем дзейнічаць асьцярожна, каб паспрыяць пераменам. Санкцыі былі зьнятыя менавіта таму, што былі вызваленыя палітвязьні. Беларускі бок даволі добра ведае, што калі яны вернуцца да гэтых дзеяньняў, якія не прыносяць карысьці, нам давядзецца вярнуцца да санкцыяў. Калі цяперашнія арышты ператварацца ў сытуацыю палітвязьняў, гэта будзе значыць, што мы вярнуліся да ранейшай стадыі нашых адносінаў, якая была вельмі складанай.

Мне здаецца, нам удалося дасягнуць прарыву па некаторых вельмі важных пытаньнях — такіх, як спрашчэньне візавага рэжыму — падчас нашага старшынёўства ў Радзе Эўразьвязу ў другой палове 2013 году. Цяпер мы пачалі размаўляць пра іншыя важныя рэчы, пра мадэрнізацыю краіны, таму дыялёг з Эўразьвязам важны для Беларусі. Для нас гэта таксама важна — гэта нашыя суседзі, і нам неабыякава, хто яны і што яны робяць.

Я магу запэўніць вас, што мы робім усё магчымае, каб паспрыяць гэтаму дыялёгу. Мы ня хочам, каб беларусы былі ізаляваныя. Мы хочам, каб людзі падарожнічалі. Гэта ненармальна, калі для беларусаў віза каштуе 60 эўра, а для расейцаў 35 эўра. Мы штодня выдаем каля тысячы візаў у нашай амбасадзе ў Менску. Гэта вялікая лічба. Так што мы робім усё, што ў нашых сілах. Але зь іншага боку, мы павінны быць цьвёрдымі і пасьлядоўнымі.

— Цяпер у Беларусі 16 чалавек знаходзяцца ў дасудовым зьняволеньні па сумнеўнай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Тыя экспэрты, зь якімі я размаўляў тут на канфэрэнцыі, кажуць, што Эўразьвяз можа ня мець палітычнай волі вяртацца да санкцыяў цяпер, нават калі ў Беларусі зьявяцца міжнародна прызнаныя палітвязьні. Вы лічыце, што такая палітычная воля ёсьць?

— Так. Бо мы мусім гэта зрабіць. Інакш мы будзем зусім непасьлядоўнымі. Нейкі час таму [ўлады Беларусі] нешта выканалі, і таму былі зьнятыя санкцыі. Але калі будзе вяртаньне да ранейшай сытуацыі, я буду сярод тых, хто будзе настойваць на вяртаньні санкцыяў. Яны ведаюць правілы, і іх трэба выконваць.

Цалкам інтэрвію зь міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам чытайце на нашым сайце на наступным тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG