Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Пятая частка выдаткаў на спорт — гэта хакей. І ніякай аддачы!»


Аляксандар Лукашэнка

Падчас нарады, прысьвечанай разьвіцьцю хакею ў Беларусі, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «аддачы і вынікаў».

Ён падкрэсьліў, што спэцыяльнае паседжаньне на выйшэйшым узроўні праводзіцца не таму, што, як лічыцца ў грамадзтве, у хакей гуляе Лукашэнка. Прычына, паводле яго, у тым, што хакей, нароўні з футболам, — найбольш масавы від спорту.

«Імі ня проста цікавяцца, захапляюцца мільёны людзей. У Беларусі гэта практычна ўсё насельніцтва, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Гэта галоўная ідэалёгія любой краіны. Ідэалёгія — гэта ня лекцыя. На лекцыю можа прыйсьці 300-500 чалавек. Хакейныя матчы глядзяць мільёны! Калі мы ўжо прынялі рашэньне займацца гэтым відам спорту, разьвіваць яго (ён у нас вельмі папулярны), ну дык давайце па-сапраўднаму займацца. Але вынікі агідныя», — канстатаваў кіраўнік Беларусі.

Ён абурыўся, што ў супрацьстаяньні з камандай Славеніі, якая зорак зь неба не хапае, правалены алімпійскі кваліфікацыйны турнір. Другі год запар нацыянальная зборная балянсуе на мяжы вылету з наймацнейшай групы на чэмпіянаце сьвету. Пакідае жадаць лепшага гульня вядучага беларускага клюба — менскага «Дынама». Дый у цэлым, падкрэсьліў Лукашэнка, унутраны чэмпіянат так і ня стаў фабрыкай падрыхтоўкі рэзэрву, хакейных талентаў.

Паводле Лукашэнкі, грошы ў хакей укладаюцца немалыя — амаль 20% ад усіх выдаткаў на фізкультуру і спорт:

«Пятая частка ідзе на адзін від спорту. Ніякай аддачы! Замест гонару за колеры свайго сьцяга пасьля такіх гульняў заўзятары проста абураюцца. Ужо мне пачалі пісаць лісты. І я зь імі згодны — абсалютна бязвольныя выступы, адсутнічае камандная гульня, не кажучы ўжо пра індывідуальнае майстэрства. Ды і трэнэрская праца жахлівая», — падсумаваў ён.

Даклады з уласным бачаньнем далейшага разьвіцьця хакейнай гаспадаркі на нарадзе прадстаўляюць старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею Сямён Шапіра, галоўны трэнэр клюбу «Юнацтва» Міхаіл Захараў і дырэктар дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву таварыства «Дынама» Дзьмітры Баскаў. Былы кіраўнік хакейнай фэдэрацыі Ігар Рачкоўскі, які пасьля чэмпіянату сьвету падаў у адстаўку, на сустрэчу не запрошаны.

За некалькі дзён да сёньняшняй нарады фэдэрацыю хакею нечакана ўзначаліў старшыня Менскага аблвыканкаму Сямён Шапіра. Учора прэзыдэнцкім указам ён вызвалены ад абавязкаў у аблвыканкаме. Раней Шапіра ня меў дачыненьня да хакею.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG