Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямён Шапіра вызвалены ад пасады старшыні Менаблвыканкаму, зоймецца хакеем


Сямён Шапіра, архіўнае фота

Сямён Шапіра вызвалены ад пасады старшыні Менскага абласнога выканаўчага камітэту ў сувязі зь пераходам на іншую працу.

Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэзыдэнцкай прэс-службе.

20 траўня Сямён Шапіра быў абраны старшынём Фэдэрацыі хакею Беларусі. На пасяджэньні пазачарговай справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі ФХБ Сямён Шапіра сказаў, што ягонага прозьвішча «сярод хакеістаў вы ніколі ня чулі».

Кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава сказала пра Шапіру:

«Такіх кіраўнікоў у краіне мала».

У 2015 годзе, зьвяртаючыся з пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка сказаў, што год таму даручыў кіраўніку Менскай вобласьці Сямёну Шапіру «ўзяць пад кантроль усіх габрэяў у Беларусі».

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Сямёна Шапіру старшынём Менскага аблвыканкаму ў лістападзе 2013 году. Да гэтага Шапіра працаваў старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму.

На пасадзе старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра публічна прызнаўся, што асабіста даў загад звольніць з Гарадзенскага ўнівэрсытэту дацэнта Андрэя Чарнякевіча — аднаго з аўтараў кнігі «Гродназнаўства», у якой выкладзены незалежны погляд на гісторыю рэгіёну.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі пракамэнтаваў Свабодзе навіну, што Сямён Шапіра прызначаны падымаць хакей у Беларусі.

«Сёньня найперш кіраўніку краіны трэба думаць пра тое, як умацаваць кадрамі эканоміку, каб там былі нейкія станоўчыя зрухі. І Шапіра, дарэчы, мае імідж добрага, моцнага гаспадарніка. Не падобна да таго, што яго здымаюць са старшыні Менскага аблвыканкаму за нейкія сурʼёзныя агрэхі. Хаця, можа, мы ня ўсё ведаем, і зь цягам часу нейкія акалічнасьці ўсплывуць. Але, ва ўсякім разе, пры ягоным прызначэньні гучалі ўсялякія станоўчыя характарыстыкі.

І выглядае на тое, што сёньня кіраўнік краіны найперш заклапочаны тым, як падняць хакей. Ён, магчыма, і кідае добрага гаспадарніка і арганізатара ў ягоным разуменьні, каб падняць гэтую сфэру. Мяне ўразіла, як Лукашэнка пачаў абурацца кепскім выступам хакейнай зборнай, паводле яго, гэта „стыдобішча“. Узьнікае пытаньне: а як назваць тое, што мы бачым сёньня ў эканоміцы, гэты завал і стагнацыю, тое, што пратэсты „дармаедаў“ па краіне прайшлі? І максымум, на што здольнае кіраўніцтва — гэта даць па тысячы рублёў, і невядома, ці гэта яшчэ дадуць, і гэта пагражае зноў пакласьці эканоміку на лапаткі. Дык вось стратэгіі ў эканоміцы няма, што мусіць быць самым галоўным. А галава, аказваецца, баліць у кіраўніцтва краіны пра тое, як падняць хакей».

XS
SM
MD
LG