Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 ліпеня Ўкраіна можа спыніць чыгуначныя зносіны з Расеяй


Украіна ад 1 ліпеня можа цалкам спыніць чыгуначныя пасажырскія зносіны з Расеяй. Пра гэта паведамляюць расейскія і ўкраінскія СМІ.

Нагодай для спыненьня транспартных стасункаў паміж краінамі зьяўляецца нежаданьне кампаніі «Российские желазные дороги» спыніць пасажырскія перавозкі з зоны антытэрарыстычнай апэрацыі, у прыватнасьці з Данецку, што парушае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Пра гэта піша выданьне «Коммерсант».

На мінулым тыдні рашэньнем Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны былі адмененыя грузавыя перавозкі, гэта зроблена адначасова з увядзеньнем санкцый супраць юрыдычных і фізычных асобаў Расеі, а таксама блякаваньнем расейскіх сацыяльных сетак і паштовых сэрвісаў. Апроч таго, Украіна аштрафавала на 721 мільён грывень расейскія авіякампаніі за палёты ў Крым.

Тым часам у офісе «Укрзалізниці» агенцтву УНІАН факт падрыхтоўкі да забароны пасажырскіх зносінаў не пацьвердзілі, але і не абверглі — маўляў, ніякага рашэньня наконт гэтага пакуль не прынята. У Маскве заявілі, што не атрымлівалі з Кіеву ніякіх дакумэнтаў.

УНІАН нагадвае, што 25 верасьня 2015 году Кабінэт міністраў Украіны прыняў рашэньне забараніць палёты расейскіх авіякампаній. Падставай сталі парушэньні расейскімі авіяперавозчыкамі забароны на палёты ў акупаваны Крым.

У рамках рэалізацыі санкцый супраць краіны-агрэсара ад 26 лістапада таго ж году набыла моц забарона на ажыцьцяўленьне транзытных палётаў для ўсіх расейскіх авіякампаній праз тэрыторыю Ўкраіны. Сёлета 18 траўня «Укрзалізниця» ўвяла забарону на грузаперавозкі, у тым ліку на транзыт па тэрыторыі Ўкраіны вагонаў шэрагу расейскіх чыгуначных апэратараў.

Тым часам у публічным акцыянэрным таварыстве «Укрзалізниця» зьняпраўдзілі распаўсюджаную расейскімі СМІ інфармацыю пра пляны спыніць пасажырскія чыгуначныя зносіны з Расеяй зь 1 ліпеня.

«Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці. Не плянуем спыняць і не разглядаем такую ідэю. На дадзены момант квіткі на цягнікі ў Расею прадаюцца», — заявілі ў прэсавым цэнтры «Укрзалізниці» інтэрнэт-выданьню «Українська правда».

XS
SM
MD
LG