Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец зробіць помнікі сям’і Васіля Быкава бясплатна


Сястра Васіля Быкава Валянціна, бацька Ўладзімір Фёдаравіч і маці Ганна Рыгораўна

Пасьля публікацыі Радыё Свабода пра пачатак грамадзкага збору сродкаў на помнікі бацькам і сястры Васіля Быкава, ініцыятару кампаніі Глебу Лабадзенку патэлефанавалі з прапановай вырабіць іх і ўсталяваць абсалютна бясплатна.

Пра гэта журналіст распавёў Свабодзе:

«Адгукнуліся новыя людзі, прапаноўвалі ахвяраваньні. Адзін чалавек патэлефанаваў і сказаў, што ён займаецца продажам штучных газонаў, якія цяпер вельмі модныя. І ён гатовы ахвяраваць гэтых газонаў столькі, колькі трэба. А сёньня патэлефанавалі з Заслаўя Андрэй і Іван Бакіноўскія. У іх там буйная фірма „Гранітны сьвет“, якая з 1991 году займаецца вытворчасьцю помнікаў. Яны сказалі, што ахвяруюць тры гранітныя помнікі для Быкавых».

Помнік маці Быкава ў Бычках
Помнік маці Быкава ў Бычках

Бакіноўскія прапанавалі Глебу Лабадзенку выбраць помнікі з 700 прапаноў, якія маюцца ў каталёгу ягонай фірмы. Нават усталяваньне помнікаў фірма «Гранітны сьвет» возьме на сябе.

«Але ўжо сабраная пэўная сума — 150 даляраў, — кажа Лабадзенка. — Я ў любым выпадку яе перадам, каб хоць неяк кампэнсаваць іх працу, давоз помнікаў. Новыя грошы я больш зьбіраць ня буду. Шчыра дзякую ўсім, хто ахвяраваў грошы. Я моцна ўражаны, і дзякаваў спадару Бакіноўскаму па тэлефоне. У нас час ня кожны з ходу адгукнецца і такое прапануе».

У аўторак Глеб Лабадзенка распавёў Свабодзе, што помнікі бацькам Васіля Быкава ў Бычках развальваюцца ад старасьці. У ліпені споўніцца роўна год ад сьмерці сястры Васіля Быкава Валянціны Ўладзіміраўны. Лабадзенка плянуе, што да канца лета ўсе тры помнікі будуць усталяваныя на могілках у Бычках.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG