Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даручэньне Лукашэнкі пачутае. Калі дзецям прыходзіць у школу, Мінадукацыі вырашыць у чэрвені


Рашэньне наконт пачатку заняткаў у школах Менску і ў рэгіёнах будзе прынятае да канца чэрвеня. Пра гэта сёньня падчас прэсавай канфэрэнцыі заявіла начальніца аддзелу дашкольнай, агульнай сярэдняй і спэцыяльнай адукацыі камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Марына Юркевіч.

«Пытаньне абмяркоўваецца з бацькоўскай грамадзкасьцю, бо ў нас ёсьць ўстановы адукацыі, якія працуюць і ў першую, і ў другую зьмены. Але даручэньне прэзыдэнта ўсімі пачута, думаю, ужо ў канцы чэрвеня будзе прынята ўзгодненае рашэньне паміж апякунскімі радамі, бацькоўскімі камітэтамі, адміністрацыямі ўстаноў і ўпраўленьнямі адукацыі, спорту і турызму», — адзначыла Марына Юркевіч, якую цытуе БелТА.

Пакуль жа вывучаецца меркаваньне ўсіх зацікаўленых бакоў, уключна з навучэнцамі і бацькамі. На яе думку, для дзяцей, якія займаюцца ў першую зьмену, было б лепей прыходзіць на ўрокі пазьней за восьмую раніцы. Для тых жа, хто вучыцца ў другой палове дня, заняткі не павінны заканчвацца пазьней за 19.30. Таму і трэба будзе знайсьці «залатую сярэдзіну».

Некалькі разоў за апошні час Аляксандар Лукашэнка выступаў зь ініцыятывай пачынаць заняткі ў школах а 9-й гадзіне — маўляў, ягоны малодшы сын Мікалай разам зь іншымі дзецьмі сьпіць на ўроках. Калі гэта чарговым разам прагучала ў часе звароту да парлямэнту і грамадзянаў краіны, у дзяржаўных структурах распачалася кампанія за зьмены раскладаў заняткаў у школах.

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч у камэнтары для Радыё Свабода выказала перакананьне, што пытаньні час пачатку ўрокаў павінны вырашаць не чыноўнікі, а бацькоўская рада. Да таго ж, паводле яе, гэта не такое важнае пытаньне, каб яму надаваць так шмат увагі, у тым ліку і ў дзяржаўных СМІ.

«Хутчэй за ўсё, тэма закінутая для таго, каб адцягнуць увагу ад больш важных праблемаў і сыстэмнага крызісу, які існуе ў нашай адукацыі», — лічыць Тамара Мацкевіч.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG