Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзеці будуць сядзець у школе 2 дадатковыя гадзіны», — экспэрт пра загад Лукашэнкі


Ілюстрацыйнае фота

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч лічыць, што пытаньні пра школьную форму і час пачатку ўрокаў павінна вырашаць бацькоўская рада, а не чыноўнікі.

Тамара Мацкевіч пракамэнтавала Свабодзе распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі аб пераносе пачатку ўрокаў на больш позьні тэрмін.

— Спадарыня Тамара, як ставяцца настаўнікі да патрабаваньня прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачынаць урокі а 9-й раніцы замест 8-й? Ужо больш за палову школаў пацьвердзілі, што гатовыя перайсьці на такі графік з новага навучальнага сэзону.

— Настаўнікі, зь якімі я кантактую, упэўненыя, што гэта не такое важнае пытаньне, каб яму надаваць так шмат увагі, у тым ліку і ў СМІ. Хутчэй за ўсё, гэтая тэма закінута для таго, каб адцягнуць увагу ад больш важных праблемаў і сыстэмнага крызісу, які існуе ў нашай адукацыі.

— У сфэры адукацыі ўжо бывалі такія зьмены?

— Так. Гэта ня першы і, відаць, не апошні раз, калі ўлады выкарыстоўваюць такі прыём. Нечым падобным быў пераход на 12-гадовае навучаньне і пасьля назад, на 11-гадовае, таксама рэформа 2008 году, калі пераразьмяркоўвалі гадзіны паміж профільнымі і няпрофільнымі дысцыплінамі. Гэтыя манэўры, якія дазваляюць чыноўнікам стварыць ілюзію руху. А на самой справе гэта стагнацыя і нежаданьне сапраўдных рэформаў у школах. Чыноўнікам лягчэй за ўсё зрабіць ілюзію руху, чым памяняць нешта ў зьмесьці адукацыі, праграму, мэтодыку.

— Ва Ўкраіне актыўна рыхтуюцца да правядзеньня глябальнай праверкі сярэдняй адукацыі PISA у 2018 годзе. Беларусь упершыню трапіла ў гэтую праверку. Ці гэтая тэма неяк акцэнтуецца сярод настаўнікаў?

— Тэставаньне будзе, Беларусь нарэшце далучаецца да самага аўтарытэтнага міжнароднага дасьледаваньня якасьці сярэдняй адукацыі. Гэтая праверка скіраваная на тое, каб высьветліць, наколькі выпускнікі школы гатовыя да самастойнага жыцьця і наколькі іхныя веды адпавядаюць сучасным патрабаваньням рынку працы. Гэта значыць, што задачы ў тэставаньні будуць не зусім тыповыя для нашай сыстэмы адукацыі — правяраюцца кампэтэнцыі, наколькі вучань можа выкарыстаць веды ў рэальным жыцьці. Але да настаўнікаў не давялі ні крытэраў ацэнкі, ні прыклады задач, усё засакрэчана. Ну вядома, лягчэй жа абмяркоўваць, калі пачынаць вучобу — а 8-й ці а 9-й гадзіне.

— Калі вяртацца да пераводу пачатку ўрокаў, якія нязручнасьці гэта выкліча?

— Большасьць бацькоў, якія працуюць у першую зьмену, ужо цяпер прывозяць дзяцей у школу к 7 гадзінам. Я ведаю настаўнікаў, якія кажуць, што раней дадаткова сядзелі гадзіну перад пачаткам урокаў, а цяпер будуць сядзець дзьве гадзіны. Дзеці будуць моцна стамляцца яшчэ да пачатку ўрокаў, а пасьля школы ж яшчэ трэба бегчы да рэпэтытараў, бо ў школе ведаў не даюць.

— Якое рашэньне вы б прапанавалі?

— Рашэньне вельмі простае, як робіцца ва ўсім сьвеце. Трэба даць больш улады і аўтаноміі школе і бацькоўскай школьнай радзе. Такая рада ніколі ня прыме рашэньне, якое будзе шкодзіць. І няхай адна рада вырашыць, што трэба а 7-й пачынаць урокі, а іншая — што а 9-й гадзіне. Тое самае тычыцца і школьнай формы. Гэта ж трэба дадумацца да таго, каб не давяраць бацькам, у што апрануць дзіця. Такога няма нідзе ў сьвеце. Усюды такія рашэньні прымае бацькоўская рада. А тое, што ў нас гэтым займаецца дзяржава, гэта проста адцягваньне ўвагі ад важных пытаньняў.

XS
SM
MD
LG