Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмія навук, Мінкульт і Слуцкі выканкам адхілілі ініцыятыву помніка слуцкім паўстанцам


Аліна Нагорная
Аліна Нагорная

Актывістка ініцыятывы «Дзея» і ініцыятарка помніка ў гонар слуцкіх паўстанцаў у Слуцку Аліна Нагорная атрымала адмоўныя адказы зь Міністэрства культуры, Інстытута гісторыі і Слуцкага райвыканкаму.

Інстытут гісторыі і Міністэрства культуры ў сваіх лістах паведамілі, што згодна з заканадаўствам, рашэньне пра тое, каб паставіць помнік, павінны прымаць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы на падставе заключэньня Міністэрства культуры.

Паводле інфармацыі Міністэрства культуры, для напісаньня такога заключэньня міністэрству патрэбен ліст-зварот з абгрунтаваньнем неабходнасьці стварэньня і ўстаноўкі помніка ад Слуцкага райвыканкаму, узгоднены зь Менскім аблвыканкамам. Такі ліст-зварот у Міністэрства культуры не паступаў. Атрымліваецца, што кола зноў замкнулася на Слуцкім райвыканкаме.

Слуцкі райвыканкам у паўторным адмоўным адказе спаслаўся на неабходнасьць абгрунтаванага навуковага дасьледаваньня падзей 1920 году на Случчыне і на існаваньне супрацьлеглых трактовак Слуцкага паўстаньня. У сувязі з чым, на думку слуцкіх чыноўнікаў, помнік неадназначна ўспрымецца грамадзтвам.

Аліна Нагорная крытычна аднеслася да зьместу атрыманых адмоўных лістоў ад «зацікаўленых арганізацый»:

«Зразумела, што ўшанаваньне памяці герояў Слуцкага паўстаньня не ўваходзіць у інтарэсы ўлады. Зараз мы бачым тыповых намэнклятурнікаў: адны могуць нешта зрабіць, толькі атрымаўшы запыт ад іншых. А іншым «не хапае навуковых дасьледаваньняў і адназначнага ўспрыманьня падзей 1920 году на Случчыне».

Актывістка лічыць, што «неадназначнае ўспрыманьне падзеі», на якое спасылаюцца чыноўнікі, ідзе ад ідэалягічнага імпэрскага мысьленьня, сфармаванага пад узьдзеяньнем антыпатрыятычнай прапаганды з боку іншай дзяржавы.

Аліна Нагорная паведаміла, што яна і яе аднадумцы не зьбіраюцца здавацца:

«Цяпер мы рыхтуем зварот з указаньнем гістарычных крыніц і дасьледаваньняў. Будзем павышаць гістарычны адукацыйны ўзровень мясцовых кіраўнікоў».

На пачатку чэрвеня адбудзецца першая сустрэча грамадзкага камітэту ўшанаваньня памяці герояў Слуцкага паўстаньня. У яго ўвайшлі многія вядомыя беларускія грамадзкія дзеячы, якія падтрымалі ідэю паставіць помнік у Слуцку. Таксама актывісты плянуюць зладзіць конкурс на эскіз помніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG