Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятары помніка слуцкім паўстанцам просяць падтрымкі ў Мінкульту і Інстытуту гісторыі


Актывістка ініцыятывы «Дзея» Аліна Нагорная

У Слуцку працягваецца кампанія ўшанаваньня памяці герояў збройнага чыну 1920 году. Грамадзкія актывісты маюць намер тэрытарыяльна пашырыць месцы ўвекавечаньня паўстанцаў.

Актывістка ініцыятывы «Дзея» Аліна Нагорная зьвярнулася па падтрымку ў Міністэрства культуры і Інстытут гісторыі Акадэміі навук з просьбай даць заключэньне аб неабходнасьці ўстаноўкі ў Слуцку помніка ў гонар паўстанцаў — нацыянальных герояў, змагароў за незалежнасьць Беларусі.

Таксама прапанавана мясцовым выканаўчым органам — найперш Салігорскага, Капыльскага і Старадароскага раёнаў, землі якіх адносіліся да Слуцкага павету — спраўдзіць тэрытарыяльны ахоп і зрабіць адпаведныя захады дзеля мэмарыялізацыі памяці слуцкіх паўстанцаў праз устаноўку помнікаў, памятных знакаў і наданьні адпаведных назваў вуліцам.

«Пры абскарджваньні адмоўнага адказу Слуцкага райвыканкаму мы атрымалі адказ зь Менскага абласнога выканаўчага камітэту, у якім гаварылася, што мясцовыя дзяржаўныя органы мусілі прыняць рашэньне ў праблеме паводле заключэньня Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Слуцкі ж райвыканкам проста адмахнуўся ад пытаньня і даў адмысловую адпіску ў парушэньне дзейнага заканадаўства, — тлумачыць новы зварот Аліна Нагорная. — Дзеля разгляду звароту па сутнасьці Слуцкаму выканкаму даручана вярнуцца да яго разгляду з прыцягненьнем зацікаўленых дзяржаўных органаў. Прайшло два тыдні, Слуцкі выканкам пакуль маўчыць, і мы вырашылі зьвярнуцца дадаткова ў „зацікаўленыя“ дзяржаўныя органы».

Грамадзкая актывістка спадзяецца, што ў Міністэрстве культуры і ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук разумеюць, што менавіта Слуцкае паўстаньне — яскравая пераканаўчая падзея на шляху змаганьня за незалежнасьць і дзяржаўнасьць Беларусі. А значыць, культурная і палітычная спадчына гэтай велічнай падзеі — моцны гістарычны і ідэалягічны падмурак сучаснай незалежнай Беларусі, важкі аргумэнт у абарону сувэрэнітэту краіны.

Маецца ў звароце і просьба прыцягнуць да абмеркаваньня рашэньня аб абгрунтаванасьці і неабходнасьці ўстаноўкі помніка ў гонар слуцкіх паўстанцаў прадстаўнікоў грамадзкасьці, грамадзянскіх актывістаў, экспэртаў і спэцыялістаў у адпаведнай сфэры.

Аліна Нагорная спадзяецца на пазытыўнае заключэньне Міністэрства культуры і Інстытуту гісторыі, што стане штуршком для пачатку комплексу мерапрыемстваў дзеля ўсталяваньня памятных знакаў і помніка героям барацьбы за незалежнасьць беларускай дзяржавы як у Слуцку, так і ў іншых месцах.

«Ініцыятары не зьбіраюцца адступаць і будуць весьці мэтанакіраваную барацьбу за гістарычную справядлівасьць у дачыненьні да загінулых патрыётаў Беларусі ў 1920 годзе, — гаворыць Аліна Нагорная. — Нават сорамна, што сёньня ў Слуцку няма ніводнага знаку, які нагадваў бы пра гэтую вельмі важную старонку гісторыі нашага краю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG