Як паведаміла актывістка грамадзкай ініцыятывы «Дзея» Аліна Нагорная, падчас сустрэчы ў Вільні 8 траўня Зянон Пазьняк выказаў падтрымку ініцыятыве паставіць помнік слуцкім паўстанцам:
«Зянон Станіслававіч лічыць, што актыўнасьць у справе вяртаньня гістарычнай памяці змагарам за родны край вельмі патрэбная. І, нягледзячы на сваю празьмерную занятасьць, пагадзіўся ўвайсьці ў грамадзкі камітэт, над арганізацыяй якога мы цяпер працуем», — сказала Аліна Нагорная.
Удзельнікамі сустрэчы з ініцыятарамі праграмы «Вольная Беларусь» у Доме нацыянальных меншасьцяў былі каля 80 беларусаў, у тым ліку і многія актывісты ініцыятывы «Дзея».
Аўтары праграмы «Вольная Беларусь» — Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі і Сяргей Папкоў — прадставілі асноўныя тэзы праграмы перабудовы Беларусі пасьля зьмены рэжыму. У перапынках прысутныя мелі магчымасьць ахвяраваць на крыжы ў Курапатах, набыць беларускую атрыбутыку і пагутарыць з жаўнерамі групы «Тактычная Беларусь», якія знарок прыехалі з Украіны.
У якасьці падарунку ўдзельнікі атрымалі па экзэмпляры праграмы «Вольная Беларусь».
Аліна Нагорная выказала думку, што гэтая праграма актуальная для самых розных мэтавых групаў беларусаў:
«Сапраўды, трэба ведаць сёньня, што мы будзем рабіць заўтра. Я не вялікая спэцыялістка ў аналізе, але прапановы праграмы паступовыя і лягічныя. І калі нашы дэмакратычныя сілы будуць мець магчымасьць на яе арыентавацца, то зробяць крокі да заможнай і незалежнай краіны. Таксама гэтая праграма можа стаць плятформай для аб’яднаньня ўсіх здаровых сілаў.
Вечарам таго ж дня ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасьць паслухаць песьні Лявона Вольскага. Памяшканьне клюбу, дзе праходзіў канцэрт, было запоўнена маладымі беларусамі — усяго сабралася больш за паўтысячы чалавек. Танчылі, сьпявалі разам зь Лявонам, скандавалі «Жыве Беларусь!»