Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце зьявілася база для пошуку продкаў: 300 тысяч прозьвішчаў, 47 тысяч паселішчаў


На афіцыйным сайце «Архівы Беларусі» — інфармацыйным рэсурсе органаў архіўнай справы і справаводзтва і сыстэмы дзяржаўных архіўных устаноў Беларусі — зьявілася пошукавая сыстэма «Дапаможнік». Яна дапамагае шукаць продкаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі.

Праз «Дапаможнік» можна высьветліць, у якіх населеных пунктах у канцы ХІХ — першай палове ХХ стагодзьдзя жылі людзі з пэўнымі прозьвішчамі. Асноўнай крыніцай паслужылі сьпісы, надрукаваныя ў гісторыка-дакумэнтальных хроніках гарадоў і раёнаў Беларусі сэрыі «Памяць».

У пошукавай сыстэме ёсьць зьвесткі са сьпісаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і мірных жыхароў, якія загінулі ў той час, а таксама са сьпісаў ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х — 1950-х гадоў. У гэтых сьпісах пазначаныя ня ўсе, але пераважная большасьць прозьвішчаў, якія існавалі ў той час, з прывязкай да паселішчаў. Сьпісы загінулых габрэяў не апрацоўваліся, бо яны ёсьць на сайце Yad Vashem. Усе прозьвішчы пададзеныя ў беларускай артаграфіі.

Каб атрымаць сьпіс паселішчаў, у якіх зафіксавана пэўнае прозьвішча, трэба на стартавай старонцы ўвесьці ў пошукавае акенца ўсё прозьвішча ці яго частку на беларускай мове, а на панэлі пад акенцам выбраць опцыю «Прозьвішчы». Рэгістар мае значэньне. Калі ўведзеная частка пачынаецца зь вялікай літары, супадзеньні будуць шукацца з пачатку прозьвішчаў, калі з малой літары — у любым месцы, акрамя пачатку.

Калі прозьвішча рэдкае, пошук пакажа ўсе паселішчы, у якіх яно сустракалася, з пазначэньнем сучаснай прыналежнасьці да раёну, а па дадатковым кліку — прыналежнасьці да сельсавету на той час, калі стваралася хроніка «Памяць» адпаведнага раёну (у большасьці выпадкаў гэта 1980-я ці 1990-я гады). Калі паселішча лякалізаванае на сучасных ці старых мапах, можна ўбачыць і яго месцазнаходжаньне.

Для паселішчаў, якія зьніклі раней за 1970-я гады, беларускіх назваў у базе дадзеных, як правіла, няма. Іх можна знайсьці толькі па расейскай назьве.

Поўную інструкцыю па карыстаньні дапаможнікам можна прачытаць на сайце «Архівы Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG