Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згадваю, як пятнаццаць гадоў таму прыйшоў у царкву хрысьціць сына і папрасіў, каб абрад адбываўся на беларускай мове.

Выйшаў сьвятар і каля паўгадзіны рознымі аргумэнтамі пераконваў мяне ў тым, што абрад лепш праводзіць «как всегда». «Как всегда» азначала па-расейску.

Тут было і тое, што пераклад недасканалы, што няма цалкам падрыхтаванага й адаптаванага тэксту службы, што хрышчэньне адбудзецца празь няблізкі час, таму што чарга й г.д.

Калі гэтыя аргумэнты не падзейнічалі, прагучала фраза, якая мяне моцна разьвесяліла.

— Паслухайце, вунь уніяты хрысьцяць па-беларуску, можа вы да іх пойдзеце?

Я слухаў таго сьвятара, глядзеў на ягоную руку з флоцкай наколкай якара й стараўся зразумець, чаму такая размова адбываецца ў прынцыпе. Урэшце дапяў: ды таму што па-беларуску трэ было хрысьціць аднаго, а па-расейску дзесяць-дваццаць за адзін раз. Гэта значыць, што пытаньне веры і верніка як такіх было не галоўным для таго сьвятара і, адпаведна, для той самай праваслаўнай царквы, у назьве якой выкарыстоўваецца слова Беларуская.

На першым месцы ў яе дзейнасьці стаялі абсалютна іншыя пытаньні, мала зьвязаныя з пытаньнямі веры, і звароты хрысьціць альбо праводзіць службу па-беларуску папросту зьбівалі хаду пастаўленай сыстэмы.

Да ўніятаў мы не пайшлі. Я настояў, і сына усё ж, як здолелі, пахрысьцілі на беларускай мове.

Цяпер думаю, чаму ўсё ж я настойваў на хрышчэньні сына ў праваслаўнай традыцыі. Відаць, асноўнае слова тут — традыцыя. Праваслаўе ўпячатанае ў беларускую матрыцу з часоў Эўфрасіньні, пацьверджана ахвярнасьцю гетмана Астроскага, дзейнасьцю шматлікіх праваслаўных брацтваў. То бок, праваслаўе — частка нашае ідэнтычнасьці. Гэта адпаведны лад жыцьця, дачыненьня са сьветам і сусьветам, стыль паводзінаў. Гэта нейкая глыбінная праўда, што трымае беларусаў як нацыю.

Падсьвядома людзі гэта разумеюць, як разумеюць яны й тое, што наша праваслаўе таксама розьніцца ад праваслаўя расейскага, як Беларусь розьніцца ад Расеі, але не заўжды схільныя канкрэтна вызначаць сваю пазыцыю.

Беларусы, у тым ліку й праваслаўныя, пільна назіраючы за падзеямі ва Ўкраіне, не сьпяшаюцца рабіць выбар на карысьць аднаго з бакоў, але...

Днямі прагучаў зварот мітрапаліта Паўла да прэзыдэнта Ўкраіны ад імя праваслаўных беларусаў. Мітрапаліт зьвярнуўся да Пятра Парашэнкі з пазыцый менавіта Маскоўскага патрыярхату. Ягоная заява напрост акрэсьліла месца праваслаўных беларусаў на боку аднаго з апанэнтаў. Але гэта зусім ня так.

Магчыма, гэты зварот падштурхне праваслаўных неяк рэагаваць, вызначацца, і тут паўстае пытаньне ідэнтыфікацыі праваслаўных беларусаў менавіта як беларусаў. Падобна да таго, як выйшла ў мяне з тым сьвятаром, што намаўляў мяне хрысьціць сына па-расейску.

З таго часу былі сякія-такія спадзяваньні, што Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату стане Беларускай не адно паводле назвы. Але падзеі ва Ўкраіне, як лякмусавая паперка, засьведчылі марнасьць гэтых спадзяваньняў. Новы экзарх толькі агаліў старыя праблемы.

Што далей? Я ведаю не аднаго чалавека, які з гэтае нагоды расчароўваўся ў праваслаўі. Як далёка сягне такое расчараваньне?

Ці гатовыя беларусы — ад дзяржаўнае адміністрацыі да прыватнага чалавека — адстойваць сваё права на беларускае праваслаўе?

Ці тая глыбіня беларускага праваслаўя пераважыць і прымусіць праваслаўных зноў паставіць на парадак дня пытаньне вызначэньня іх менавіта як беларускіх праваслаўных?

Ці ператворыцца ў чарговую хвалю ўцёкаў ад Маскоўскага патрыярхату да ўмоўных «уніятаў» у шырокім сэнсе?

Ці папросту канчаткова растворыцца ў моры Маскоўскага патрыярхату, аддаўшы частку свае душы на водкуп іншым?

Увогуле сытуацыя зь беларускім праваслаўем, здаецца, таго самага кшталту, як і сытуацыя зь беларускай мовай, дзе галоўнае пытаньне — біблійнае пытаньне здрады.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG