Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Халезін, Лёндан

Любы тэракт прымушае аналітыкаў задацца як мінімум двума пытаньнямі: «каму ён выгадны?» і «ці не дарма атрымліваюць зарплату спэцслужбы ў краіне?»

Не магу прыгадаць ніводнага тэракту, які б адбыўся ў палітычную «ціхую часіну» — калі крывавая падзея не спрабавала б зьмяніць існуючую расстаноўку сілаў. Адзіны выпадак, у якога не было кароткатэрміновых палітычных задачаў — 9/11. Але яго варта было б пакінуць за дужкамі, бо маштаб гэтага цыклу тэрактаў хутчэй набліжаўся да факту абвяшчэньня глябальнай вайны, чым да спробы лякальна дэстабілізаваць абстаноўку.

Тэракт у Манчэстэры адбыўся напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у Вялікабрытаніі, і менавіта ў гэтым ключы, на мой погляд, варта было б разглядаць гэтую падзею, але ніяк не прымаць за галоўную зыходную падзею апублікаваную вэрсію пра «помсту за бамбаваньне Мосулу». Вядома, працуючы з шагідамі ў лягерах падрыхтоўкі тэрарыстаў, арганізатары тэрактаў выкарыстоўваюць гэткія мэханізмы перакананьня, накшталт «сваімі бомбамі яны забілі тысячы тваіх братоў і сёстраў», але ў вялікай палітыцы такія мэханізмы не працуюць. А працуюць фактары выбудаваных кароткатэрміновых, сярэднетэрміновых і доўгатэрміновых стратэгій.

Карэктуючы паток уцекачоў з Сырыі, Іраку і Афганістану ў Еўропу, у кароткатэрміновай пэрспэктыве можна дамагчыся дэстабілізуючага эфэкту ў шэрагу краінаў; ў сярэднетэрміновай — паўплываць на шэраг выбараў і рэфэрэндумаў у эўрапейскіх краінах; у доўгатэрміновай — атрымаць новую карту Эўропы, каб зьмяніць расстаноўку сіл, і, як наступства, атрымаць цалкам адчувальныя эканамічныя і палітычныя дывідэнды той краіне, якая гэткі праект справакавала.

Цяперашні манчэстэрскі выбух безумоўна спрацуе на руку цяперашняму ўраду кансэрватараў, і дапаможа атрымаць максымальнае прадстаўніцтва ў парлямэнце. Але ня варта думаць, што Тэрэза Мэй з Борысам Джонсанам арганізоўвалі гэты тэракт — яны толькі прадказальна выкарыстаюць яго ў сваіх мэтах. Прадказальна для арганізатара тэракту. І калі лік апанэнтаў брэкзыту няўхільна павялічваўся ў апошнія месяцы, стаўшы большасьцю, гэты тэракт можа адкінуць іх зноў у меншасьць. А гэта адзін з важных фактараў у перамоўным працэсе вакол брэкзыту паміж урадам Вялікабрытаніі і ЭЗ. Але пра гэта варта сказаць асобна.

Тое, што да гэтага часу адбывалася зь перамовамі вакол выхаду Вялікабрытаніі з складу ЭЗ, можна назваць хіба што словам «непаразуменьне». Нават слова «перамовы» ў дачыненьні да гэтага працэсу выглядае недарэчна, паколькі ніякіх перамоваў не адбывалася па факце. На працягу месяцаў Тэрэза Мэй у сродках масавай інфармацыі заяўляла пра тое, што працэс рухаецца паводле пляну, а кіраўнікі Эўразьвязу толькі зьдзіўлена паціскалі плячыма, альбо не камэнтуючы яе словы, альбо нясьмела спрабуючы растлумачыць, што ні пра які перамоўны працэс нічога ня чулі. У рэшце рэшт брытанская прэм’ер-міністар перастала рабіць добрую міну пры дрэннай гульні, і ў прэсе пачалі зьяўляцца яе выказванні пра тое, што «кіраўнікі шматлікіх краін ЕС паводзяць сябе як гангстары» і пра тое, што «калі так будзе працягвацца, Вялікабрытанія выйдзе зь перамоўнага працэсу». Тут ужо зьдзіўлена паціснулі плячыма ўсе — і што ў гэтым выпадку адбудзецца?

Адбыўся тэракт, які чарговы раз узьнімае на шчыт тэмы міграцыі, ісламскага фундамэнталізму, закрыцьця межаў, якія і без таго зачыненыя на пудовыя завалы. І зноў пра пэрспэктывы. У кароткатэрміновай пэрспэктыве гэты тэракт выгадны цяперашняму ўраду. Але толькі ў кароткатэрміновай. У доўгатэрміновай жа — хутчэй за ўсё толькі тым, хто гэты тэракт арганізоўваў, у тым ліку мадэлюючы адказ на яго брытанскага грамадзтва і палітычнай эліты. І аспэктаў тут хутчэй за ўсё два: паскарэньне выхаду Вялікабрытаніі з складу ЭЗ і яе адмова ад удзелу ў ваенных дзеяньнях на Ўсходзе.

Ну, а адказ на другое пытаньне — «ці не дарма атрымліваюць зарплату спэцслужбы ў краіне?» — для мяне відавочны — не дарма. Яны ўжо на працягу некалькіх гадоў працуюць у надзвычайным рэжыме, і ім удавалася прадухіляць усе сур’ёзныя тэракты, якія плянавалася правесьці ў Вялікабрытаніі. Не атрымалася ў двух выпадках. Першы — на мосьце каля будынку парлямэнту. Але гэта наўрад ці было магчыма, паколькі ў падобных тэрактах ёсьць элемэнт спантаннасьці дзеяньняў аднаго чалавека. Другі — у Манчэстэры. Але і там выканаўца ня змог пранесьці выбухоўку на канцэрт і вырашыў прывесьці яе ў дзеяньне ў адным зь пераходаў, дзе гледачы ішлі пасьля завяршэньня канцэрту. Тут варта разумець, што на сёньняшні дзень зарад узроўню аднаго-двух кіляграмаў у тратылавым эквіваленце можа лёгка зьмясьціцца ў кішэні штаноў. І калі выканаўца не ўваходзіў ні з кім у кантакт на тэрыторыі Брытаніі, выявіць яго намеры магчыма толькі з дапамогай тэлепатыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG