Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Вялікай Брытаніі назвала выбух у Манчэстэры «жахлівым тэрарыстычным актам»


Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй
Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй

Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй назвала выбух мінулай ноччу ў Манчэстэры «жахлівым тэрарыстычным актам». У сваім выступе 23 траўня яна паведаміла, што ўлада працуе над вывучэньнем дэталяў інцыдэнту.

«Мы працуем над высьвятленьнем поўнай інфармацыі аб тым, што паліцыя разглядае як жудасны тэрарыстычны акт», — сказала Тэрэза Мэй. Зрэшты, афіцыйна ўладай падзея пакуль не кваліфікаваная як тэракт.

Старшы канстэбль паліцыі Манчэстэру Ян Хопкінс паведаміў, што мясцовая паліцыя працуе над расьсьледаваньнем выбуху разам зь сілавікамі ў барацьбе з тэрарызмам і выведкай.

Як перадае Sky News, урад правядзе сёньня раніцай экстраную нараду ў пытаньнях бясьпекі ў Лёндане.

Паводле апошніх зьвестак паліцыі, сама меней 19 чалавек загінулі і каля 60 чалавек былі параненыя ў выніку выбуху на тэрыторыі канцэртнага комплексу «Манчэстэр Арэна» мінулай ноччу. Траўмаваных шпіталізавалі ў шэсьць шпіталёў гораду. Выбух прагрымеў пасьля канцэрту амэрыканскай поп-зоркі Арыяны Грандэ. Яе прэс-сакратар паведаміў, што са сьпявачкай усё ў парадку.

Калі выбух прызнаюць тэрактам, гэта будзе самым буйным нападам у Вялікай Брытаніі з тых часоў, калі праз атаку на грамадзкім транспарце Лёндана з боку чатырох брытанскіх мусульман у ліпені 2005 году загінулі 52 чалавекі.

«Манчэстэр Арэна» была адкрытая ў 1995 годзе і зьяўляецца найбуйнейшай крытай арэнай у Эўропе, якая можа зьмясьціць 21 000 чалавек.

Вялікая Брытанія знаходзіцца ў стане другога ўзроўню папярэджаньня аб тэрарыстычнай пагрозе. Таксама краіна ў разгары выбарчай кампаніі ў парлямэнт, выбары заплянаваныя на 8 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG