Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой дзед памёр, а чыноўнік даў адпіску» — гарадзенец, які выйшаў да аблвыканкаму з плякатам


Анатоль Мышкевіч

Лекар 4-га гарадзенскага шпіталю, які адмовіўся прыняць дзеда Анатоля Мышкевіча, накіраваны на пераатэстацыю.

Гэта вынікае зь ліста, які атрымаў гарадзенец Анатоль Мышкевіч. Ягонага дзеда не прынялі ў двух шпіталях праз адсутнасьць гарадзенскай рэгістрацыі. У выніку 88-гадовы стары памёр.

Сьмерць дзеда Анатоля Мышкевіча, якога ён вазіў у шпіталі на «хуткай дапамозе», а там яго адмаўляліся прымаць на падставе таго, што дзед быў зарэгістраваны ў Менскай вобласьці, у Горадні набыла пэўны рэзананс. Свабода пісала пра гэта.

Анатоль Мышкевіч пасьля сьмерці дзеда выйшаў да аблвыканкаму з плякатам «Ня трэба вайны, каб зьнішчаць беларускі народ! Для гэтага існуе беларуская мэдыцына», за што пазьней быў асуджаны на 30 базавых велічынь (690 рублёў). Тады ён напісаў скаргі да начальніка ўпраўленьня аховы здароўя і старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму.

Сёньня Мышкевіч атрымаў адказ ад начальніка ўпраўленьня аховы здароўя:

«У чацьвёртым шпіталі дзяжурны лекар-тэрапэўт прыёмнага аддзяленьня ня выканаў сваіх службовых абавязкаў, не правёў абавязковы агляд пацыента. За гэта лекар прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці і накіраваны на пазачарговую пераатэстацыю на прадмет адпаведнасьці займанай ім пасады».

Мужчына лічыць такі адказ адчэпным:

«Гэта проста адпіска. Я ж вазіў дзеда яшчэ і ў абласны шпіталь, яго там не хацелі прымаць, казалі, каб вёз яго назад у 4-ы шпіталь альбо дадому, ці каб станавіўся на чаргу ў хоспіс. Паўгадзіны давялося іх тады прасіць, каб яны прынялі і дапамаглі дзеду. Яны проста зьдзекаваліся з мяне і не хацелі глядзець дзеда. І пра гэта начальнік упраўленьня нічога ня піша, ніхто ніякіх захадаў у дачыненьні гэтых людзей не зрабіў. Я пра гэта ўсё напісаў у сваёй скарзе. А яны знайшлі аднаго крайняга і далі мне адпіску. Такія рэчы нельга пакідаць беспакаранымі. Калі ў нас ўжо па „хуткай“ адмаўляюцца прымаць людзей, то, значыцца, нешта ня тое ў дзяржаве і чыноўнікі ад аховы здароўя павінны пайсьці ў адстаўку, а ня проста даваць адпіскі».

Гарадзенцы праз «Фэйсбук» адклікнуліся на бяду Мышкевіча і сабралі грошы яму на штраф.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG