Лінкі ўнівэрсальнага доступу

398 рублёў сабралі гарадзенцы на штраф Анатоля Мышкевіча, дзед якога памёр, бо яго не прынялі ў шпіталь


Анатоль Мышкевіч

Ленінскі суд Горадні аштрафаваў Анатоля Мышкевіча на 30 базавых велічынь (690 рублёў) за тое, што ён выйшаў да аблвыканкаму з плякатам «Ня трэба вайны, каб зьнішчаць беларускі народ! Для гэтага існуе беларуская мэдыцына».

Падставай для таго, каб стаць з плякатам каля аблвыканкаму, стала сьмерць ягонага дзеда. «Хуткая дапамога» даставіла 88-гадовага мужчыну ў шпіталь, дзе яго адмовіліся прыняць, бо ён зарэгістраваны ў Менскай вобласьці.

Анатоль Мышкевіч распавёў Свабодзе, што пасьля гэтага чытаў мноства камэнтароў на розных сайтах, у якіх людзі абураліся рашэньнем суду і прапаноўвалі зьбіраць грошы на ягоны штраф.

«Потым мне канкрэтна напісалі людзі ў „Фэйсбук“ і прапанавалі дапамогу. Я не адмовіўся. І вось за ўчорашні дзень на мой рахунак даслалі 398 рублёў. Мяне гэта вельмі ўразіла, я не чакаў такой чалавечай салідарнасьці ад гарадзенцаў. Разумею, што цяпер ні ў кога няма тых грошай, але ўсё ж хто рубель, хто болей даслаў, каб мне дапамагчы. Мне дасылаюць грошы людзі, якіх я ніколі ў вочы ня бачыў. А колькі людзей мне напісалі цёплыя словы спачуваньняў і падтрымкі! Я ўсім вельмі ўдзячны за такое чалавечае стаўленьне».

Дзеду Анатоля Мышкевіча было 88 гадоў, у яго амаль па ўсім целе былі вялікія ацёкі. Летась ён праляжаў некалькі дзён у шпіталі, яму рабілі кропельніцы, уколы, і праз пэўны час яму стала значна лепей. І вось гэтым разам усё паўтарылася, ён папросту курчыўся ад болю. Анатоль выклікаў «хуткую дапамогу», і яго павезьлі ў чацьверты шпіталь Горадні. Але там лекар адмовіўся глядзець дзеда, які стагнаў ад болю. У картцы старога было запісана, што ён зарэгістраваны ў Менскай вобласьці. У выніку давялося ехаць у іншы шпіталь, але і там сытуацыя паўтарылася.

Мышкевіч напісаў зварот да старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму і ва ўпраўленьне аховы здароўя з патрабаваньнем прымаць у шпіталі ўсіх хворых, дастаўленых «хуткай», незалежна ад рэгістрацыі. А яшчэ ён патрабуе, каб ад займанай пасады быў вызвалены чыноўнік, які выдаў указ № 344.

З плякатам Мышкевіч стаў побач з аблвыканкамам толькі з адной мэтай — прыцягнуць увагу прэсы і грамадзкасьці да гэтай сытуацыі, каб справа стала галоснай і ня зьнікла бясьсьледна ў чыноўніцкіх кабінэтах. Сёньня Анатоль Мышкевіч ідзе запісвацца на прыём да старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Краўцова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG