Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Латвія сумесна правядуць чэмпіянат сьвету па хакеі 2021 году


Сумесная беларуска-латвійская заяўка перамагла ў конкурсе на правядзеньне хакейнага чэмпіянату сьвету 2021 году. Такое рашэньне было прынятае на кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі хакею ў Кёльне.

Адзіным канкурэнтам краін-суседзяў падчас таемнага галасаваньня была Фінляндыя. Перамога была дасягнута дзякуючы ўсяго некалькім галасам — 55 за Беларусь і Латвію супраць 52 за скандынаўскага прэтэндэнта.

Паведамляецца, што ўсясьветнае першынства пройдзе ад 7 да 23 траўня ў двух сталіцах — Менску і Рызе.

Беларусь праводзіла чэмпіянат сьвету ў 2014 годзе і атрымала высокія адзнакі за арганізацыю турніру. Адмыслова да спаборніцтваў была ўзьведзена «Чыжоўка-арэна», а за некалькі гадоў да таго — «Менск-арэна».

З Латвіяй для зборнай Беларусі зьвязаныя адны з найлепшых успамінаў— у 2006 годзе ў Рызе беларусы занялі выніковае 6 месца, якое дагэтуль застаецца найвышэйшым дасягненьнем.

Спачатку Беларуская фэдэрацыя хакею падавала заяўку асобна, але потым было вырашана абʼяднаць намаганьні з латыскімі калегамі. Мяркуецца, што 16 камандаў будуць разьбітыя на дзьве групы, восем зборных будуць раскватараваныя ў Менску, яшчэ столькі ж — у Рызе. Паўфіналы і фінал будуць згуляныя ў Беларусі.

Чэмпіянат сьвету 2018 году пройдзе ў Даніі, 2019-га — у Славаччыне, 2020-га — у Швайцарыі.

Сёлетнія спаборніцтвы ў Францыі беларусы наўрад ці могуць запісаць сабе ў актыў — як і летась, каманда змагалася за магчымасьць застацца ў эліце ўсясьветнага хакею. Пяці паразаў і двух перамогаў хапіла толькі на тое, каб фінішаваць 13-мі з 16 зборных.

XS
SM
MD
LG